Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці плённыя страйкі прадпрымальнікаў?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 10 лютага). Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: старшыня Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандар Патупа і сустаршыня грамадзкай арганізацыі “Прыватная ўласнасьць” Леанід Малахаў.

(Валер Карбалевіч: ) “Страйкі прадпрымальнікаў сталі звыклаю зьявай грамадзкага жыцьця Беларусі. З 1998 году кожны год адбываюцца 1–2 акцыі. Падзеі разьвіваюцца па адной і той жа схеме. Улады прымаюць нейкія новыя заканадаўчыя акты, якія значна абцяжарваюць умовы працы індывідуальных прадпрымальнікаў. Яны пратэстуюць, арганізуюць страйк. Тады ўлады ідуць на частковыя саступкі. Якія прычыны цяперашняга страйку? Чым незадаволены прадпрымальнікі? Чаго яны патрабауюць?”

(Леанід Малахаў: ) “Першапрычынай было ўвядзеньне падатку на даданую вартасьць (ПДВ) у адносінах да прадпрымальнікаў. І тое, што адбываецца цяпер каля Дому ўраду — гэта вынік захадаў, якія зрабілі ўлады”.

(Аляксандар Патупа: ) “Канфлікт выкліканы новымі правіламі ўплаты ПДВ. Цяпер высьвятляюцца наступныя рэчы. Па-першае, тэксты дамоваў паміж Беларусьсю і Расеяй, якія ратыфікавалі парлямэнты, аказаліся не аўтэнтычнымі. Цікава, што абодва тэксты на расейскай мове, то бок нельга спасылацца на памылкі пры перакладзе. Так, у беларускім варыянце няма выключэньняў, а ў расейскім яны ёсьць. Праблема ў тым, што, калі, напрыклад, расейскі гуртавік закупае тавар у Кітаі, то ён уплачвае ПДВ у бюджэт Расеі. А беларускі пакупнік, які купляе гэты тавар у расейскага гуртавіка, таксама плаціць ПДВ у бюджэт Беларусі. Такім чынам атрымліваецца падвойнае падаткаабкладаньне для беларускага прадпрымальніка. А гэта ёсьць парушэньнем дамовы паміж урадамі Беларусі і Расеі.

Да канца мінулага году ў Беларусі ніхто не плянаваў абкладаць гэтым падаткам нашых прадпрымальнікаў. Таму што паводле прэзыдэнцкага дэкрэту №4 (пункт 1.30) яны не павінны яго плаціць. Мы маем агульную мытную прастору з Расеяй, і ўвоз тавараў на тэрыторыю Беларусі нідзе не рэгіструецца.

Але тры тыдні таму камусьці прыйшло ў галаву, каб прымусіць прадпрымальнікаў плаціць ПДВ. І ў раённых падатковых інспэкцыях зьявіўся нейкі дакумэнт, рэкамэндацыі па спагнаньні гэтага падатку без усялякага подпісу і рэгістрацыі. І на падставе гэтага дакумэнта падатковыя органы пачалі патрабаваць ад прадпрымальнікаў уплаты ПДВ. Гэтае “падмётнае пісьмо” і выявілася ўчора падчас перамоваў з прадстаўнікамі Міністэрства падаткаў і збораў. 2 лютага яны зарэгістравалі ў Міністэрстве юстыцыі нейкую інструкцыю, якой яны не паказваюць.

Такі нядобрасумленны падыход ураду да дамовы з Расеяй аб ПДВ і прывёў да выбуху ў асяродзьдзі прадпрымальнікаў. Многія пункты гэтай дамовы наш урад трактуе не зь юрыдычнага гледзішча, а дэманструе толькі фіскальны падыход. Наш Беларускі зьвяз прадпрымальнікаў прапанаваў у пачатку месяца стварыць рабочую групу з прадстаўнікоў ураду і, напрыклад, нашага зьвязу, каб вырашыць гэтыя пытаньні. Мы прапануем такую схему, згодна зь якой прадпрымальнікі будуць працаваць ў ранейшым рэжыме бяз гэтага падатку”.

(Карбалевіч: ) “Чарговы раз узьнікае адно і то ж пытаньне: ці зьяўляецца страйк эфэктыўным інструмэнтам у вырашэньні праблемаў індывідуальных прадпрымальнікаў? Усё ж такі страйк — гэта сілавая акцыя, апошні аргумэнт, калі ўсе астатнія сродкі вычарпаны, гэта жэст адчаю”.

(Патупа: ) “Я як быў, так і застаюся катэгарычным праціўнікам гэтага сродку, таму што гэтая форма барацьбы характэрная для прафсаюзаў, а не прадпрымальнікаў. Гэта дэманстрацыя пратэсту наёмных работнікаў супраць гаспадара. У сьвеце такой зьявы няма. Беларусь у гэтым сэнсе ўнікальная краіна. Страйкі праходзяць у нас ужо ня першы год, але вынікаў яны не давалі. А праблемы, напрыклад, з касавымі апаратамі, чаўночным бізнэсам вырашаліся ў перамовах нашага зьвязу з уладамі. А страйкі — гэта палітычная “раскрутка” лідэраў прадпрымальніцкага руху. Так было зь Леванеўскім, так цяпер адбываецца з Шумчанкам. Напрыклад, учора, калі праходзіла дыскусія паміж прадстаўнікамі ўраду і прадпрымальнікамі, прысутнічаў Шумчанка. Ён заявіў, што паколькі тут няма прэм’ера альбо віцэ-прэм’ера, то няма сэнсу ў перамовах і сышоў. Такія ўльтыматыўныя паводзіны зьнявежальныя для ўраду і для нас”.

(Карбалевіч: ) “Хацеў бы запярэчыць. Пасьля кожнага страйку ўлады ідуць на саступкі, хоць і ня вельмі значныя, таму, мусіць, нельга казаць, што страйкі не даюць ніякага эфэкту. А зь іншага боку, страйк — гэта акт адчаю. А якія яшчэ сродкі адстойваньня сваіх інтарэсаў ёсьць? Яны існуюць?”

(Патупа: ) “Гэта абсалютная дэзынфармацыя. Пакуль ішлі страйкі, наш зьвяз праводзіў перамовы па гэтых жа пытаньнях з урадам і вырашаў іх. І страйк тут ні пры чым. Эфэкт ад іх толькі нэгатыўны. Шумчанка спрабаваў сарваць гэтыя перамовы. А потым арганізатары страйку кажуць, што вось, пад ціскам, пагрозай страйку ўрад спужаўся і пайшоў на саступкі”.

(Карбалевіч: ) “А што можа прымусіць улады сесьці за стол перамоваў з вашым зьвязам ці з тым жа Шумчанкам? Які чыньнік? Можа, якраз пагроза страйку і прымушае ўлады ісьці на перамовы?”

(Патупа: ) “Калі мы ўносім прапановы, мы прапануем і прагнозы. Мы паказваем, як будзе разьвівацца сытуацыя, калі праблему ня вырашыць, якія будуць нэгатыўныя наступствы. Прыватны бізнэс каляпсуе ў Беларусі. І гэта ёсьць аргумэнтам для працы, напрыклад, зь Міністэрствам эканомікі, іншымі ведамствамі. І чыноўнікі ня хочуць для сябе дрэнных наступстваў. Таму па некаторых кірунках мы маем вельмі інтэнсіўны дыялёг з урадам. І ён прымае нашыя прапановы”.

(Малахаў: ) “Ніякія перамовы ня могуць прынесьці ніякага пазытыўнага выніку для прадпрымальнікаў, калі ня будзе пагрозы страйку ці іншых масавых акцыў пратэсту. Толькі пагроза страйку можа быць чыньнікам, які прымусіць улады ісьці насустрач прадпрымальнікам. Мы ўжо пераспрабавалі ўсё. Гэта ўжо ня першы страйк, ня першыя перамовы з уладамі. І наш досьвед сьведчыць менавіта пра эфэктыўнасьць страйкаў”.

(Карбалевіч: ) “Ствараецца ўражаньне, што рух індывідуальных прадпрымальнікаў так і ня змог пабудаваць нейкай сыстэмы самаабароны сваіх інтарэсаў. Напрыклад, агульнанацыянальную арганізацыю, якая б стварыла сваю партыю, удзельнічала у выбарах як самастойная сіла, уступіла ў саюз зь іншымі прадпрымальніцкімі арганізацыямі. А вы як бачыце гэтую сытуацыю?”

(Малахаў: ) “Па першае, спадар Патупа больш тэарэтык. Па-другое, справа ў тым, што той зьвяз, які ўзначальвае спадар Патупа, прадстаўляе інтарэсы іншага бізнэсу, сярэдняга і буйнога бізнэсу, які працуе ў іншых умовах. А ў таго бізнэсу, які працуе на адкрытых пляцоўках, і ў больш буйнога бізнэсу розныя задачы, мэты і праблемы, якія трэба вырашаць”.

(Карбалевіч: ) “Але мусіць, нешта ёсьць і агульнае. Чаму не ўдаецца дасягнуць дыялёгу, саюзу паміж рознымі прадпрымальніцкімі арганізацыямі ў абароне інтарэсаў прадпрымальніцтва?”

(Малахаў: ) “Рана ці позна гэта адбудзецца. Ідзе працэс разьвіцьця прадпрымальніцкага руху. Патрэбны час. Колькі часу, я ня ведаю. Гэтыя падзеі, якія адбываюцца вакол нашага бізнэсу, падштурхоўваць людзей да думкі пра аб’яднаньне дробных, сярэдніх і буйных прадпрымальнікаў дзеля адстойваньня правоў”.

(Патупа: ) “Цяпер існуе супрацоўніцтва паміж нашым зьвязам, зьвязам імя Куняўскага і іншымі. Але я згодны з вамі, што патрэбна б была моцная агульнанацыянальная арганізацыя. Адна з праблемаў на гэтым шляху — амбіцыі лідэраў”.

(Карабалевіч: ) “Такім чынам, агульнанацыянальныя страйкі — гэта галоўная прыкмета таго, што ў краіне не існуе сыстэмы прадстаўніцтва інтарэсаў розных сацыяльных слаёў, адсутнічае сыстэма зваротнай сувязі паміж уладаю і грамадзтвам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG