Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“The Wall Street Journal”: Ці магчымая “аранжавая рэвалюцыя” ў Беларусі?


Юрась Бушлякоў, Прага Ці магчымая “аранжавая рэвалюцыя” ў Беларусі? Якія шанцы дамагчыся пераменаў у краіне маюць беларускія дэмакратычныя сілы? Пра гэта на старонках штодзёньніка “The Wall Street Journal” у артыкуле “Джэфэрсан у Менску?” піша вашынгтонскі аналітык Пітэр Саваднік.

Перш як з узрушэньнем казаць пра будучыню “Эўропы”, што прасьціраецца ад Дубліну да мангольскіх стэпаў, варта разважна ацаніць палітычную сытуацыю ў постсавецкіх краінах, піша Пітэр Саваднік. Аўтар публікацыі ў “The Wall Street Journal” пабываў на канфэрэнцыі, якую ў студзені праводзілі ў Вільні прадстаўнікі беларускіх апазыцыйных сілаў. Тая сустрэча, піша Саваднік, паказала, наколькі цяжкі шлях з аўтарытарнага застою да джэфэрсанаўскай рэспублікі.

Каля 30 беларусаў, што прыехалі ў Вільню, ведаюць, супраць чаго змагаюцца – супраць сталінісцкага й сюррэалістычнага рэжыму, які трымаецца не на чым іншым, як на кульце асобы. Беларусы, адзначае аўтар артыкулу, з болем прызнаюць, што параўнаньні Беларусі з Украінаю, хоць і прывабныя, але часта недарэчныя.

Саваднік цытуе амэрыканскіх афіцыйных асобаў, на думку якіх у Беларусі няма “сыравіны” для дэмакратычнага паўстаньня. У Вашынгтоне й эўрапейскіх сталіцах не скрываюць заклапочанасьці адсутнасьцю рэальных прэтэндэнтаў на прэзыдэнцкую пасаду, якія б маглі скласьці канкурэнцыю Аляксандру Лукашэнку ў 2006 годзе.

Анатоль Лябедзька, якога аўтар артыкулу ў “The Wall Street Journal” называе, магчыма, найлепшым кандыдатам на канкурэнцыю з Лукашэнкам, больш аптымістычны. У інтэрвію Савадніку Лябедзька заявіў, што беларуская рэвалюцыя, калі яна здарыцца, узрушыць кожнага. “The Wall Street Journal” цытуе беларускага сацыёляга Андрэя Вардамацкага: ад 55 да 60 працэнтаў беларусаў гатовыя на тое, каб у краіне зьявілася новае кіраўніцтва.

Аднак факт, што беларускія апазыцыянэры лічаць за лепшае правесьці нараду за межамі краіны, сьведчыць, на думку Пітэра Савадніка, пра тое, які няблізкі шлях ім яшчэ выпадзе прайсьці. Вігаўдас Ушацкас, пасол Літвы ў ЗША, адзін з найпасьлядоўнейшых у Вашынгтоне прыхільнікаў беларускай апазыцыі, сумняецца ў рэальнасьці перамогі беларускіх апазыцыйных сілаў у 2006 годзе, аднак не выключае яе.

Іншыя літоўскія дыпляматы канстатуюць, як па-ранейшаму цяжка пераконваць кіраўніцтва Эўразьвязу ў неабходнасьці большай увагі да палітычных праблем у былым СССР, у прыватнасьці ў Беларусі. Па-ранейшаму не пераводзіцца нежаданьне Эўропы сур’ёзна мяшацца ў сытуацыю ў блізкім з Расеяй замежжы, піша журналіст.

На думку Пітэра Савадніка, сапраўднае змаганьне за дэмакратыю ў Беларусі – гэта змаганьне за новую сьвядомасьць, за абсалютна новае ўяўленьне пра тое, што значыць быць беларусам. Ні Кангрэс ЗША, ні Пэнтагон, ні якія эўракраты ня могуць забясьпечыць пераменаў на роўні сьвядомасьці. І нават нядаўняя аранжавая рэвалюцыя ва Ўкраіне, з усімі яе надзеямі й магчымасьцямі, ня можа гарантаваць посьпеху ў Беларусі. Перамены павінны вынікнуць знутры самой Беларусі, – падагульняе Пітэр Саваднік на старонках сёньняшняга нумару газэты “The Wall Street Journal”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG