Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь разьбіла Славенію; Руслан Салей атрымаў шайбай у вока


RFE/RL Нацыянальная зборная Беларусі па хакеі перамагла сёньня ў Рызе зборную Славеніі зь лікам 7:2, у кваліфікацыйным турніры за месца на Зімняй алімпіядзе ў Турыне''06. Тры беларускія шайбы на рахунку Міхаіла Грабоўскага, дзьве закінуў Аляксей Круцікаў, па адной – Алег Антоненка й Андрэй Башко.

Героем гульні стаў Міхаіл Грабоўскі, які забіў тры галы і зрабіў адну голевую перадачу.

Пасьля першага пэрыяду Славенія перамагала зь лікам 1:0, але беларуская дружына перахапіла ініцыятыву. Міхаіл Грабоўскі забіў першую шайбу ў беларусаў, потым зрабіў голевую перадачу Алегу Антаненку, а потым забіў яшчэ адзін гол за 15 сэкунд да сырэны, і пасьля другога пэрыяду лік стаў 4:2 на карысьць Беларусі.

У трэцім пэрыядзе Міхаіл Грабоўскі забіў яшчэ адну шайбу, і лік стаў 5:2. Канчатковую кропку у перамозе паставіў Аляксей Круцікаў, які забіў шостую і сёмую шайбу ў брамкі славенцаў.

Такім чынам, Беларусь мае дзьве перамогі ў дзьвюх гульнях. У параўнаньні з учорашняй цяжкай перамогай над Польшчай зь лікам 3:2 сёньняшняя гульня была нашмат больш выніковай.

Славенія страціла шанец патрапіць на Алімпіяду ў Турыне, а вырашальным матчам відавочна стане гульня нацыянальных дружынаў Латвіі й Беларусі ў нядзелю. Каб заняць на турніры першае месца і тым самым гарантаваць сабе ўдзел у зімовых Алімпійскіх гульнях 2006 году, беларускім хакеістам дастаткова згуляць з латышамі ўнічыю.

Капітан беларускай каманды Руслан Салей атрымаў траўму, калі шайба патрапіла яму ў твар і сур’ёзна параніла вока. Паведамляецца, што цяпер ён знаходзіцца ў рыскім шпіталі, і наўрад ці зможа згуляць у вырашальным матчы супраць Латвіі.

На здымку: Руслан Салей
XS
SM
MD
LG