Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларусь хоча правесьці ў 2010 годзе хакейны чэмпіянат сьвету


Уладзімер Глод, Менск Паводле паведамленьня прэсавай службы Аляксандра Лукашэнкі, адпаведная заяўка ўжо перададзеная ў Міжнародную фэдэрацыю хакею. Асноўнай арэнай спаборніцтваў, калі Беларусь атрымае такое права, стане новы культурна-спартовы комплекс на 13 тысяч гледачоў, які зьбіраюцца будаваць непадалёк ад унівэрсытэту фізкультуры ў мікрараёне Вясьнянка. Наколькі верагодна атрыманьне Беларусьсю права правесьці ўсясьветнае першынство?

Заяўкі на правядзеньне такіх прэстыжных спаборніцтваў звычайна падаюцца загадзя, за чатыры-пяць гадоў. На сайце Міжнароднай фэдэрацыі хакею пазначана, што месцы правядзеньня наступных спаборніцтваў расьпісаныя ўжо да 2009 году. Сёлета, дарэчы, наймацнейшыя спартоўцы сьвету зьбяруцца ў Аўстрыі.

22 лютага беларуская дэлегацыя правядзе ў Цюрыху прэзэнтацыю сваёй заяўкі. Беларусы прывязуць з сабою макет новага комплексу, які яны зьбіраюцца пабудаваць два гады. Наяўнасьць камфартабэльных лядовых пляцовак — адзін з галоўных крытэраў атрыманьня права стаць гаспадарамі турніру. Пабудаваць спартовы комплекс за два гады — зьява звычайная, лічыць віцэ-прэзыдэнт фэдэрацыі хакею Расеі Ігар Тузік.

(Тузік: ) “Вось у нас, у Маскве, будуць будаваць канадцы — падаецца, разам са швайцарцамі. Яны за два гады якраз і будуюць”.

Дарэчы, маскоўскі комплекс будзе ўмяшчаць на дзьве тысячы гледачоў больш, чым менскі, і расейцы ўжо знайшлі грошы на яго ўзьвядзеньне. А вось у Менску яшчэ толькі шукаюць магчымых інвэстараў.

Пры разглядзе заявак улічваюць таксама наяўнасьць неабходнай інфраструктуры. Гэта гатэлі, рэстарацыі, экскурсійнае абслугоўваньне і іншае. І у гэтым сэнсе ў канкурэнтаў Беларусі (а гэта Нямеччына, Швэцыя ды Славаччына) больш шанцаў. Цікава, што былыя рэспублікі СССР ахвотна бяруцца за прыняцьцё ўсясьветных чэмпіянатаў. Так, у 2006 годзе турнір пройдзе ў Рызе, у 2007 — у Маскве. Так што Беларусь можа працягнуць гэтую традыцыю. Але міжнародныя экспэрты згадваюць, што найбліжэйшыя канкурэнты Беларусі, Нямеччына і Швэцыя, ужо падавалі заяўкі на чэмпіянат 2008 году. Але потым яны зьнялі свае кандыдатуры на карысьць канадзкага Квэбэку. І такі галянтны крок звычайна не забываецца падчас вызначэньня гаспадароў наступнага чэмпіянату.

Я спытаў Ігара Тузіка, якую тэхналёгію трэба скарыстаць, каб стаць гаспадарамі першынства сьвету? Адказ быў такі:

(Тузік: ) “Тэхналёгія? Такая ж, як у стары добры камуністычны пэрыяд. Трэба працаваць зь людзьмі. Пакуль мы з вамі размаўляем, вы ўжо два галасы маеце”.

(Карэспандэнт: ) “Чаму два?”

(Тузік: ) “Ад Расеі — два галасы. Звычайна там 86, здаецца. Цяпер, можа, ужо 90 стала. Так што трэба набраць 45–46 галасоў”.

Ігар Тузік меў на ўвазе галасы дэлегатаў кангрэсу Міжнароднай фэдэрацыі хакею, якія ўдзельнічаюць у галасаваньні пры вызначэньні месца правядзеньня спаборніцтваў.
XS
SM
MD
LG