Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пінскія прадпрымальнікі працягваюць страйк, які распачаўся яшчэ 1 лютага


Алег Супрунюк, Берасьцейская вобласьць На кіраўніка мясцовай прафсаюзнай суполкі прадпрымальнікаў Сяргея Касьцюковіча міліцыянты склалі адразу два пратаколы аб адміністрацыйным правапарушэньні.

11 лютага ў часе сходу на цэнтральным рынку Пінску прадпрымальнікі вырашылі, што ня будуць прыпыняць страйку. Сваё рашэньне гандляры патлумачылі тым, што пінскія ўлады ігнаруюць усе іхныя прапановы аб пачатку перамоваў нават пасьля таго, як на падобныя перамовы пагадзіліся прадстаўнікі беларускага ўраду. Паводле словаў лідэра мясцовага прафсаюзу прадпрымальнікаў Сяргея Касьцюковіча, гарадзкія ўлады абралі іншы шлях у дачыненьнях са страйкоўцамі.

(Касьцюковіч: ) “Замест канструктыўнага дыялёгу ўлады пачалі аказваць ціск на актыў. Напрыклад, сёньня пасьля сходу я быў выкліканы ў мясцовы РАУС, дзе на мяне склалі два пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэньнях. І гэта нягледзячы на тое, што я зьяўляюся сябрам рабочай групы ад Берасьцейскай вобласьці на перамовах з урадам”.

Спадара Касьцюковіча абвінавачваюць у тым, што ён распаўсюджваў сярод гандляроў незарэгістраваныя друкаваныя выданьні, а таксама быў арганізатарам несанкцыянаванага сходу прадпрымальнікаў.

Страйк у Пінску цягнецца з 1 лютага. Яго падтрымліваюць гандляры цэнтральнага рынку гораду і кірмашу “Зорны”. Амаль усе ўдзельнікі страйку, што адбываецца пад лёзунгам “Ня хочам падвышаць цэны”, вырашылі ў лютым ня сплачваць у бюджэт фіксаванага падатку.
XS
SM
MD
LG