Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўнік АБСЭ заклікае ўлады дэмакратызаваць заканадаўства аб СМІ


Валер Каліноўскі, Менск Прадстаўнік Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтву ў Эўропе ў пытаньнях свабоды сродкаў масавай інфармацыі Міклаш Харасьці падчас свайго першага візыту ў Менск прапанаваў беларускім уладам дапамогу з боку АБСЭ ў падрыхтоўцы больш лібэральнага закону аб СМІ. Улады канчатковага адказу пакуль не далі.

Міклаш Харасьці ў Менску найбольш часу прысьвяціў кантактам зь беларускімі ўладамі, паколькі праблемы незалежных беларускіх мэдыяў яму і раней былі добра вядомыя з розных крыніцаў.

Перамовы з прадстаўнікамі Міністэрства інфармацыі, МЗС, Нацыянальнага сходу ён выкарыстаў, каб прапанаваць супрацоўніцтва і дапамогу АБСЭ – у прыватнасьці, у падрыхтоўцы новага закону аб СМІ.

Паводле спадара Харасьці, міністар інфармацыі Ўладзімер Русакевіч прынамсі не адмовіўся ад такой прапановы. Аднак спадар Харасьці дадаў, што падобная прапанова беларускім уладам з боку АБСЭ была агучаная яшчэ ў 2001 годзе, і тады афіцыйны Менск праігнараваў яе.

Беларускі закон аб СМІ спадар Харасьці назваў “неспрыяльным і надзвычай абмежавальным у адносінах да прэсы”, пачынаючы са складанай працэдуры рэгістрацыі, якая павінна быць скасаванай у адпаведнасьці са стандартамі АБСЭ.

Другая прычына занепакоенасьці спадара Харасьці, – тое, што беларускае заканадаўства аб абароне гонару і годнасьці прэзыдэнта прадугледжвае турэмнае зьняволеньне. Тут Беларусь унікальная сярод 55 краінаў-сябраў АБСЭ. Нават у Туркмэністане закон не такі жорсткі. На гэты конт спадар Харасьці наўпрост заявіў беларускім заканадаўцам:

(Харасьці: ) “У дэмакратычных краінах за выказваньні не саджаюць… Закон у Беларусі, на жаль, ня толькі крыміналізуе выказваньні, ня толькі прадугледжвае турэмнае зьняволеньне за выказваньні, але і мае іншы элемэнт, які не адпавядае прынцыпам, прынятым у дэмакратычным сьвеце. Ён забясьпечвае празьмерную абарону чыноўнікаў ад крытычных выказваньняў на іх адрас”.

Спадара Харасьці выказаў заклапочанасьць і тым, што колькасьць незалежных выданьняў у Беларусі скарачаецца, што за апошні час закрыты 32 газэты, што 5 выданьняў вымушаныя друкавацца за мяжой.

Нават міністар інфармацыі У. Русакевіч прызнаўся спадару Харасьці, што ён асабіста падпісаў 25 загадаў аб прыпыненьні выхаду газэт. Такое не адбываецца нідзе ў іншых кріанах АБСЭ, заявіў спадар Харасьці. Акрамя таго ён выказаў здзіўленьне, што ў Беларусі няма недзяржаўных тэлеканалаў і заклікаў да стварэньня грамадзкага тэлебачаньня, разьдзяржаўленьня гэтай сфэры. Але міністар Русакевіч ў адказ заявіў, што гэткія праблемы ў Беларусі цяпер не разглядаюцца.

Міклаш Харасьці меў таксама сустрэчы як з прадстаўнікамі незалежных і дзяржаўных беларускіх СМІ. У прыватнасьці, ён размаўляў з галоўным рэдактарам прэзыдэнцкай газэты “Советская Белоруссия” Паўлам Якубовічам і генэральным дырэктарам ОНТ Рыгорам Кісялём.

Паводле спадара Харасьці, абодва кіраўнікі дзяржаўных СМІ нічога не казалі пра нейкія палітычныя праблемы. Павал Якубовіч толькі зазначыў, што ў Беларусі нізкі ўзровень падрыхтоўкі журналістаў і дрэннае фінансаваньне, і што прадстаўнікі БАЖ і Саюзу журналістаў не пагаджаюцца кантактаваць паміж сабой. А спадар Кісель назваў свой тэлеканал “камэрцыйным праектам”, у якім дзяржава мае 55% акцыяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG