Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія калёніі (частка першая)


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Новая перадача з сэрыі “Беларуская Атлянтыда”. Удзельнічае гісторык Алег Трусаў.

(Ракіцкі: ) “Палітычная гісторыя складваецца так, што мацнейшыя краіны заваёўваюць слабейшыя. Амаль так, як у прыродзе: больш моцны зьядае слабога. Шмат якія краіны, вялікія і ня вельмі, мелі доўгі час свае калёніі ў розных частках сьвету. Напрыклад, маленькая Партугалія яшчэ зусім нядаўна мела свае калёніі ў Афрыцы і Азіі – дастаткова прыгадаць Анголу і Мазамбік.

А Беларусь, беларусы? Ці былі ў іх калёніі, ці мелі і яны нейкія залежныя ад іх тэрыторыі?”

(Трусаў: ) “Так, мелі. І даволі працяглы час. Бо для нас заўжды выхад да мора меў важнае эканамічнае значэньне”.

(Ракіцкі: ) “Вы хочаце сказаць, што менавіта прагай выйсьця да мора і тлумачыцца заваёва чужых тэрыторыяў?”

(Трусаў: ) “Так, бо бяз мора няма сапраўднага гандлю. Усясьветны гандаль у далёкім мінулым быў гандлем марскім”.

(Ракіцкі: ) “Мы ведаем, што гісторыя Беларусі складаецца з гісторыі некалькіх беларускіх дзяржаваў. Дык вось якія з сувэрэнных дзяржаваў, якія знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі, ці якія былі ўтвораныя этнічнымі беларусамі заваёўвалі сабе калёніі?”

(Трусаў: ) “Першыя дзьве калёніі на Заходняй Дзьвіне стварыла Полацкая дзяржава. Гэта – васальныя полацкія княствы на Заходняй Дзьвіне Герцыке і Кукенойс. Іх вытокі сягаюць недзе ў Х-ХІ стагодзьдзі. Першы фарпост Полацку на землях ліваў і земгалаў горад Герцыке меў магутныя ўмацаваньні ўжо ў Х стагодзьдзі. У “Хроніцы Лівоніі” ён згадваецца пад 1203 годам. Гэта быў багаты горад, які меў некалькі праваслаўных храмаў і свайго князя. Немцы нават называлі яго “Каралём”. Далей на захад ад Герцыке, дзесьці ў ХІ стагодзьдзі., узьнікае яшчэ адна полацкая калёнія на адлегласьці ў 338 кілямэтраў ад мэтраполіі – Кукенойс (зараз – Кокнесе). У нямецкай хроніцы пад 1205 г. запісана, што там “сядзеў” князь (кароль) Вячка”.

(Ракіцкі: ) “Вельмі рэдка можна кагосьці ці штосьці заваяваць без супраціву. Няўжо гэтыя народы здаваліся Полацку без супраціву?”

(Трусаў: ) “Ні ў якім разе. Пісьмовыя крыніцы сьведчаць, што ў 1106 годзе земгалы паднялі паўстаньне супраць Полацка, але посьпехаў ня мелі. Найбольш падпарадкаваныя Полацку былі лівы. У 1186 годзе яны нават хадзілі з полацкімі князямі ў паход на Друцк. Гэта значыць, што на нашай тэрыторыі было і каляніяльнае войска. Абедзьве калёніі былі месцам збору даніны, а таксама буйнымі гандлёва-рамеснымі цэнтрамі. Празь мясцовых князёў падпарадкоўваліся полацкаму князю прызначаныя ім старшыны родам з тутэйшых плямёнаў”.

(Ракіцкі: ) “Неяк не традыцыйна, занадта мірна складваліся стасункі паміж заваёўнікамі і паланёнымі народамі... Чамусьці ня хочацца даваць веры”.

(Трусаў: ) “Справа ў тым, што ў адрозьненьне ад крыжакоў полацкія князі не прымушалі ліваў, земгалаў і латгалаў гвалтам прымаць хрысьціянства, і стасункі паміж імі былі стабільныя. Таму і новыя прыхадні-крыжакі прызнавалі права палачанаў атрымліваць даніну зь ліваў. А лівы плацілі даніну, бо верылі, што за гэта іх абароняць”.

(Ракіцкі: ) “Падаецца, што музыка ня доўга грала... Як жа палачане страцілі свае калёніі і непасрэдна выхад у Балтыйскае мора?”

(Трусаў:) “Спачатку з уласнага недагляду. У 1186 годзе полацкі князь Уладзімер дазволіў нямецкаму місіянэру біскупу Мэйнарду хрысьціць ліваў і іншыя плямёны, сваіх васалаў. У 1201 годзе нямецкія купцы і манахі заснавалі ў вусьці Дзьвіны горад Рыгу, а біскуп Альбэрт з Брэмэну стварыў на захопленых землях у 1202 г. рэлігійны ордэн мечаносцаў. Такім чынам, Полацку зачынілі шлях да мора”.

(Ракіцкі: ) “Дарэчы, у 1204 годзе крыжакі разрабавалі і захапілі Канстантынопаль, сталіцу праваслаўнага хрысьціянства, што магло адгукнуцца і на Балтыйскім моры?”

(Трусаў: ) “Так, тым болей, што ваенныя дзеяньні паміж крыжакамі і палачанамі пачаліся ў 1203 годзе. У 1206 г. полацкае войска ўзяло ў аблогу Рыгу і замак Гольм, але ўзяць іх не змаглі, бо крыжакі былі значна лепей узброеныя. Крыжацкія балісты на значнай адлегласьці забівалі і ранілі полацкіх вершнікаў. Ужо ў 1207 годзе ўся Лівонія была захоплена і ахрышчана немцамі. Неўзабаве іх войскі напалі на полацкія калёніі. Спачатку ў 1209 годзе захапілі і разбурылі Кукенойс і на яго месцы збудавалі замак, а потым у тым жа годзе захапілі Герцыке, прычым у палон трапіла нават жонка мясцовага князя Ўсевалада”.

(Ракіцкі: ) “Ведаеце, спадар Трусаў, колькі я спрабую разабрацца ў гісторыі Беларусі, столькі я не перастаю зьдзіўляцца, што беларусы, можа, ня столькі ўмелі весьці заваёўныя войны, колькі заключаць мірныя дамовы. У дадзеным выпадку праблема разьвязвалася таксама мірнымі дамовамі?”

(Трусаў: ) “Так, і найперш вельмі мудрай палітыцы князя Ўладзімера. У 1210 годзе полацкі князь Уладзімер падпісаў мірную дамову зь біскупам Альбэртам і гандлёвае пагадненьне з Рыгай, а ў 1214 годзе канчаткова аддаў крыжакам Кукенойс і Герцыку. У 1264 годзе ўладаньні крыжакоў ушчыльную адышлі да межаў Полацкай дзяржавы. Полацкі князь Гердзень падпісаў пагадненьне з ордэнам, у якім былі пазначаны правы нямецкіх купцоў у Полацку і полацкіх у Рызе.

Немцы збудавалі ў Полацку каменны касьцёл Сьвятога Пятра, на гарышчы якога захоўвалі свае тавары. Была праваслаўная полацкая царква і ў Рызе. Неўзабаве Полацкая дзяржава ўвайшла ў склад Вялікага Княства Літоўскага, і пачаўся новы этап у нашых стасунках зь немцамі.

(Ракіцкі: ) “Што ўяўляў сабой балтыйскі рэгіён у XV-XVI стагодзьдзях?”

(Трусаў: ) “Гэтая тэрыторыя атрымала назву Лівонія, альбо Ліфлянд ці Інфлянты. Тут мясьцілася канфэдэрацыя зь пяці дзяржаваў, якой намінальна кіравалі Папа рымскі і імпэратар Сьвяшчэннай Рымскай Імпэрыі. Канфэдэрацыю складалі Лівонскі (альбо Інфлянцкі) ордэн, арцыбіскупствы Рыскае, Дэрпцкае, Эзэль-Вікскае і біскупства Курляндзкае”.

(Ракіцкі: ) “Давайце паназіраем за хадой гісторыі. Пачалася Лівонская вайна. Войскі Івана Жахлівага, які перад гэтым заваяваў Казанскае ханства, у 1558 годзе захапілі порт Нарву, і былы наўгародзкі гандаль аднавіўся. Гандаль, які ёсьць рухавіком гісторыі. Дык як гэты рухавік кіраваў гісторыяй далей?”

(Трусаў: ) “Войскі Масковіі хутка захапілі большую частку Лівоніі, палячы і рабуючы гарады і замкі. Такі азіяцкі зьдзек эўрапейцы даўно ня тое, што не ўчынялі, але і ня бачылі. Кожны з удзельнікаў Лівонскай канфэдэрацыі ратаваўся як мог. Эзэльскі эпіскап у 1560 годзе прадаў сваё ўладаньне дацкаму каралевічу Магнусу. Зь яго ўзяў было прыклад і эпіскап Рэвельскі, але ў 1561 годзе Рэвель і ўжо паўночную Эстонію захапілі швэды. Курляндзкі эпіскап Іяган IV Мюнгаўзэн яшчэ ў 1559 годзе перадаў сваё біскупства дацкаму каралю, і той аддаў гэтыя землі свайму брату Магнусу. Такім чынам, у рукі Даніі трапіла паўночная Латвія і паўдзённая Эстонія”.

(Ракіцкі: ) А як склаўся лёс Лівонскага ордэну?

(Трусаў: ) “Лівонцы вырашылі перадаць свой лёс у рукі Вялікага Княства Літоўскага. 5 сакавіка 1562 году магістар ордэну Готтард Кетлер у Рыскім замку перадаў Мікалаю Радзівілу Чорнаму пячатку Ордэну, ключы ад Рыгі і зьняў зь сябе ордэнскую мантыю. Тут варта прыгадаць “Хроніку Лівонскай правінцыі”, напісаную эстонскім сьвятаром і школьным настаўнікам Балтазарам Русавым. Упершыню яна была надрукавана ў 1578 годзе ў Растоку.

“Польскі кароль Жыгімонт Аўгуст, з прапановы вялікага магістра Готарда Кетлера, узяў пад свой кантроль тыя землі і гарады ў Лівоніі, што засталіся не захопленымі. Ён аддаў у спадчыннае валоданьне магістру некаторыя землі і замкі ў Курляндыі і ў Рыскім эпіскапстве і назваў яго герцагам Курляндзкім і графам Семігальскім. Тады скончылася магістарства Тэўтонскага ордэну ў Лівоніі, і былі створаны два патомных сьвецкіх княствы: адно Курляндзкае, падараванае герцагу, другое ў зямлі летаў і эпіскапстве Рыскім, якое кароль пакінуў сабе і якое цяпер завецца задзьвінскім княствам”.

Так у нас зноў зьявілася калёнія, і нават не адна.”

(Ракіцкі: ) “Адразу стала ажно дзьве?”

(Трусаў: ) “Так. І гэта стала рэальнасьцю дзякуючы мудрасьці нашых магнатаў. Берасьцейскі Сойм Вялікага Княства Літоўскага, які адбыўся на пачатку 1566 году зрабіў часовым кіраўніком Лівоніі Яна Хадкевіча. Хадкевіч дасягнуў поўнага злучэньня Лівоніі зь Княствам, што адбылося на Гарадзенскім сойме напрыканцы 1566 году. Лівонцы прызналі сябе часткай Вялікага Княства Літоўскага, але захавалі свае мясцовыя правы. У часе Люблінскай уніі ВКЛ здолела захаваць свае правы на Лівонію, як на Задзьвінскае герцагства, гэтак і на Курляндыю. Так да канца існаваньня Рэчы Паспалітай Курляндыя была калёніяй як ВКЛ, гэтак і Кароны. Такое валоданьне адной тэрыторыяй дзьвюма краінамі адначасна завецца кандамініюмам. А вось Задзьвінскае герцагства цалкам належала толькі Вялікаму Княству Літоўскаму”.

(Ракіцкі: ) “Пра тое, як склаўся лёс гэтых тэрыторыяў, што патрапілі ў рукі старажытнай беларускай дзяржавы, мы пагаворым у наступны чацьвер”.
XS
SM
MD
LG