Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Стары Ольса” вучыць моладзь сярэднявечным беларускім танцам і патрыятызму


Валянціна Аксак, Менск Увечары 11 лютага ў папулярным менскім клюбе “Рэактар” пройдзе дыскатэка са старабеларускімі танцамі. Яе ладзіць гурт сярэднявечнае музыкі “Стары Ольса”. Тых, хто ня ўмее таньчыць так, як некалі таньчылі на балях у шляхецкіх палацах ды местачковых карчомках, навучаць гэтаму адмыслоўцы.

Няўжо сучасная беларуская моладзь цікавіцца тым, як таньчылі некалькі стагодзьдзяў таму, ды яшчэ й сама хоча развучыць складаныя фігуры даўнейшых скокаў? Яшчэ й як цікавіцца.

Я была на такой дыскатэцы, якую ладзіў “Стары Ольса” ў Браславе, і бачыла сотні хлопцаў і дзяўчат гэтага маленькага гарадка, якія з задавальненьнем развучвалі сярэднявечныя танцы. А тое, што на сёньняшнюю вечарынку ў модным менскім клюбе “Рэактар” папярэдне прададзена ўжо болей за трыста квіткоў, сьведчыць пра посьпех ідэі. Дарэчы, “Стары Ольса” сёньня пакажа сваіх вучняў і пасьлядоўнікаў у папулярызацыі старабеларускае музыкі – малады гурт “Magnus dukatus”.

Вучыць моладзь таньчыць па-старабеларуску будзе адмыслова створаны “Старым Ольсам” танцавальны гурт “Яварына”, у склад якога ўваходзяць 14 чалавек. Цягам дзьвюх з паловаю гадзінаў яны абяцаюць навучыць усіх ахвотных.

Адбываюцца падобныя імпрэзы ня так часта, як таго хацелі б музыкі, якія, дарэчы, заўважылі даволі нечаканы ўплыў старабеларускіх танцаў на пачуцьці танцораў. Вось што сказаў мне пра гэта лідэр гурту “Стары Ольса” Зьміцер Сасноўскі:

(Сасноўскі: ) “Часьцей пасьля такіх вечарынаў людзі падыходзяць і кажуць, што не былі патрыётамі, але пасьля гэтага канцэрту сталі адчуваць вельмі моцна такія патрыятычныя памкненьні. Я ня ведаю, чаму менавіта дыскатэкі, а не канцэрты. Канцэрты таксама выклікаюць, але ў большай ступені – дыскатэкі. Ня ведаю, чым гэта патлумачыць. Дзіўная зьява”.

Сярэднявечная беларуская дыскатэка, якую ладзіць гурт “Стары Ольса”. пачнецца сёньня ў менскім клюбе “Рэактар” а 19 гадзіне.
XS
SM
MD
LG