Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цыганы Беларусі шукаюць шляхі ў Эўразьвяз


Вячаслаў Кулік, Менск 11 лютага ў Раўбічах пад Менскам прыкладна праз дзьве гадзіны пачне працу Ўсебеларускі зьезд цыганоў. Як адзначаецца ў паведамленьні аргкамітэту, на форуме дыяспары будуць абмяркоўвацца пытаньні разьвіцьця адукацыі й аховы здароўя, ліквідацыі беспрацоўя для людзей цыганскай нацыянальнасьці. На парадак дня вынесеныя таксама прапановы да ўраду Беларусі й Рады Эўропы па праблемах забесьпячэньня раўнапраўя нацыянальнай меншасьці.

Усебеларускі зьезд цыганоў скліканы ў адпаведнасьці са Статутам грамадзкага аб’яднаньня “Беларуская цыганская дыяспара”. Паводле старшыні гэтага аб’яднаньня Алега Казлоўскага, у дзяржаве пражывае каля 30 тысяч цыганоў, прычым кампактна – у Менску, Гомельскай, Гродзенскай й Магілёўскай вобласьці. Як кажа спадар Казлоўскі, вялікі сацыяльны этнас сутыкаецца зь немалой колькасьцю праблемаў.

(Казлоўскі: ) “Прыходзіш да чыноўніка ў якую-небудзь установу: “О, цыган! Добра, добра!” А як толькі да справы, то нічога няма. Ён гэта ў вочы не гаворыць, але ў сэрцы трымае. Навошта яму цыган. Маўляў, крадзе, злодзей. Гэта стэрэатып, які мы павінны зламаць. Я ведаю, што за год, два, тры гэтага ня зробіш. Мусіць прайсьці 10 гадоў, а магчыма і 20. Але павінен ня толькі я, цыган, гэта рабіць зь маім аб’яднаньнем, а мусіць таксама й дзяржава, разам з усімі народнасьцямі, які жывуць у Беларусі роднай”.

Алег Казлоўскі сёньня мае на зьезьдзе справаздачу аб дзейнасьці Беларускай цыганскай дыяспары цягам апошніх пяці гадоў. Рэзалюцыя, мажліва, будзе станоўчая. На гэта зьвяртае ўвагу госьць на зьезьдзе – намесьнік старшыні Камітэта па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў пры Савеце міністраў Беларусі Уладзімер Ламека:

(Ламека: ) “Цыганскія аб’яднаньні у рамках заканадаўства працуюць хораша, яны на віду. І калі будуць актыўна падымаць пытаньні пра клясы з цыганскай мовай навучаньня, то й гэта можна вырашаць”.

На Ўсебеларускі зьезд цыганоў запрошаныя прадстаўнікі зь адміністрацыі прэзыдэнта, міністэрстваў: адукацыі, працы, аховы здароўя, унутраных спраў. Дыялёг зь імі адбудзецца паводле распрацоўкі дзяржаўнай праграмы для ромаў. Таксама Алег Казлоўскі гаворыць, што неадукаванасьць і беспрацоўе сярод цыганоў у Беларусі вымушаюць зьвяртацца за дапамогай да эўрапейскай супольнасьці.

(Казлоўскі: ) “Я буду чакаць ад Эўразьвязу фінансавую падтрымку, бо ў нашай дзяржавы, я так мяркую, няма грошай ні на тое, ні на сёе. Але ёсьць яшчэ праблема! У Эўразьвязе кажуць: “Як вы былі б, Алег Казлоўскі, у Расеі, то, калі ласка. А тут мы вам дапамагаць ня будзем!”
XS
SM
MD
LG