Лінкі ўнівэрсальнага доступу

11 лютага 1807 году нарадзіўся беларускі мастак і кампазытар Напалеон Орда


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 11 і 12 лютага

11 лютага ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваецца Ігнат. Як піша этнограф Уладзімер Васілевіч: “Пакутнік Ігнат прыходзіў на пару, калі зіма была яшчэ ў поўнай сваёй красе. Аднак, знаходзячыся паводле старога календара на мяжы студзеня і лютага, гэты дзень як быццам падаваў руку пераломнаму сьвяту зімы – Грамніцам: “На сьвятога Ігната зіма багата, а Ігнат – Грамніцам рад”.

11 лютага 1959 году ў Менску адбылося ўрачыстае адкрыцьцё Дзяржаўнага цырку.

11 лютага 1807 году нарадзіўся беларускі мастак і кампазытар Напалеон Орда. Ён прыйшоў на сьвет у Варацэвічах пад Янавам, адукацыю атрымаў у Парыжы і ў Віленскім унівэрсытэце. Яшчэ студэнтам Орда ўдзельнічаў у паўстаньні 1831 году. Ён сябраваў з Шапэнам і Міцкевічам, пісаў вальсы, мазуркі, сэрэнады. Орда шмат падарожнічаў па Беларусі, Літве, Польшчы і Ўкраіне, рабіў замалёўкі помнікаў дойлідзтва і ўсялякіх славутых мясьцінаў. Віды вёсак, маёнткаў, замкаў, палацаў, гарадоў, якія намаляваў Орда – часта адзінае сьведчаньне пра помнікі архітэктуры, якіх даўно няма ані ў рэчаіснасьці, ані на фота.

11 лютага 1847 году нарадзіўся амэрыканскі вынаходнік у галіне электрычнасьці Томас Элва Эдысан. А 11 лютага 1875 году прыйшоў на сьвет Васіль Качалаў – адзін з самых славутых актораў у гісторыі расейскага тэатру. Няшмат хто ведае, што Качалаў – гэта псэўданім, што паходзіў артыст зь беларускага роду, што нарадзіўся ён у Вільні і што сапраўднае прозьвішча яго Шверубовіч.

А яшчэ 11 лютага ў 1918 годзе нарадзіўся Аляксандар Салжаніцын, расейскі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі.

Цяпер – пра каляндар заўтрашняе суботы.

12 лютага ў Беларусі традыцыйна адзначаецца Дзень трох сьвятароў: Васіля Вялікага, Рыгора Багаслова і Яна Залатавуста.

12 лютага 1798 году пакінуў гэты сьвет Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, апошні польскі кароль і вялікі князь літоўскі. Ён паходзіў зь беларускай шляхты і пахаваны на тэрыторыі Беларусі – у Воўчыне каля Вялікага Літоўскага. Яму прыпісваюць адначасова росквіт і заняпад нашага краю. Сапраўды за Панятоўскім у Вялікім Княстве рабіліся вялікія пераўтварэньні і разьвіваліся мастацтвы, але за ім жа Княства і ўся Рэч Паспалітая была падзеленая паміж трыма імпэрыямі і фактычна перастала існаваць як самастойная дзяржава. Беларускія і літоўскі землі былі далучаныя да Расеі.

У адзін дзень 12 лютага 1809 году нарадзіліся амэрыканскі прэзыдэнт Аўрам Лінкальн, які змагаўся супраць нявольніцтва, і ангельскі вучоны Чарльз Дарвін, які прыдумаў эвалюцыйную тэорыю разьвіцьця жывых арганізмаў, у прыватнасьці, што чалавек паходзіць ад малпы.
XS
SM
MD
LG