Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторык Ігар Кузьняцоў: выданьне кнігі “Сталіну, Эўропа, пакланіся” сьведчыць аб працягу кампаніі па адраджэньні сталінізму ў Беларусі


Іна Студзінская, Менск У беларускіх кнігарнях зьявіўся зборнік “Сталіну, Эўропа, пакланіся”, выдадзены менскім недзяржаўным выдавецтвам “ФУА інформ”. Дарэчы, на паліцах сталічных кнігарняў даволі шмат літаратуры, прысьвечанай Сталіну і сталінізму. Ці карыстаюцца такія выданьні попытам?

Адразу ж скажу, што кнігу “Сталіну, Эўропа, пакланіся” вельмі бойка раскупляюць. Хто шчыра, зь перакананьнем, што Сталін – геній, хто проста зь цікавасьцю. Думаю, што яна стане бібліяграфічнай рэдкасьцю. Дарэчы, выглядае зборнік вельмі кідка, надрукаваны ён на выдатнай паперы, багата ілюстрацыяў. Меркаваньне камуніста з 55-гадовым стажам, вэтэрана Вялікай Айчыннай, 80-гадовага Івана Кобеца:

(Кобец: ) “Гэту кнігу прачытаў я з асалодай. Чытаецца яна свабодна. Там ёсьць і адмоўны паказ асобы Сталіна, але больш за ўсё, што ён сапраўды быў геніем”.

Аўтар-укладальнік кнігі – Юры Гумянюк (але гэта не вядомы паэт з Горадні, проста імя і прозьвішча супалі). Навуковыя рэдактары – доктар філязофіі Валер Драко і кандыдат сацыялёгіі Міхаіл Хурс. Кніга салідная – аб’ём 688 старонак, наклад 2 тысячы.

У зборніку – артыкулы самога Іосіфа Сталіна, патасныя выказваньні пра яго вядомых грамадзка-палітычных дзеячоў – маршалаў Георгія Жукава і Івана Конева, прэзыдэнта Францыі Шарля дэ Голя, прэм’ер-міністра Вялікай Брытаніі Ўінстана Чэрчыля, дзяржсакратара ЗША Генры Кісінджэра. Сваё захапленьне асобай Сталіна выказалі таксама вядомы беларускі гісторык Адам Залесскі, які напісаў двухтомнік “Сталін і каварства яго палітычных супернікаў”, а таксама лідэр расейскіх камуністаў Генадзь Зюганаў. У кнізе 47 партрэтаў Сталіна, шмат плякатаў. Ёсьць і паэтычныя творы.

Вядомы беларускі гісторык, дасьледчык тэмы сталінскіх рэпрэсіяў Ігар Кузьняцоў лічыць, што выданьне такой кнігі – чарговая спроба абяліць вобраз “правадыра ўсіх часоў і народаў” і тэарэтычна абгрунтаваць пераход ад аўтарытарызму да таталітарызму, які назіраецца ў Беларусі. Меркаваньне Ігара Кузьняцова:

(Кузьняцоў: ) “Па-першае, кніга выдадзеная недзяржаўным выдавецтвам. Яна выглядае з выклікам: калі ніхто ня можа выпусьціць нічога з гістарычнай літаратуры, яна выдадзена на вельмі добрай белай паперы, багата ілюстрацый. Відавочна, што гэта ня проста ініцыятыва нейкага асобнага выдавецтва, а яно заручылася дзяржаўнай падтрымкай, яны ж ідэі сталінізма прапаведуюць, тое, што зараз модна на нашай тэрыторыі. Я думаю, што тут было яшчэ і фінансавае “ўліваньне” для таго, каб гэтая кніга выйшла. Я ня супраць альтэрнатыўных меркаваньняў, але ж вы выдайце і іншую кнігу. Дапусьцім, няхай стаіць гэтая “Сталіну, Эўропа, пакланіся” і, да прыкладу, мой “Канвэер сьмерці”.

На думку Ігара Кузьняцова, выданьне кнігі “Сталіну, Эўропа, пакланіся” сьведчыць аб працягу кампаніі па адраджэньні сталінізму ў Беларусі. У траўні 2003 году Аляксандар Лукашэнка гнеўна заявіў: “Спыніцеся ганіць кіраўнікоў краіны тых часоў, пачынаючы ад кіраўніка галоўнага нашага Сталіна… Спыніцеся гэта рабіць. Нас у той час не было, і мы ня ведаем, як было на самой справе. Я толькі магу меркаваць, займаючы прыкладна аналягічную пасаду…”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG