Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Я.Раманчук: “Пуцін ствараў гэтую “чацьвёрку” выключна пад Украіну, каб прычапіць яе да Расеі. Гэты плян сарваўся”


Уладзімер Глод, Менск Заява віцэ-міністра эканомікі Ўкраіны Андрэя Бярэзнага пра тое, што ягоная краіна можа адмовіцца ад правядзеньня адзінай зьнешнеэканамічнай палітыкі зь Беларусьсю, Казахстанам і Расеяй у рамках Адзінай эканамічнай прасторы (АЭП) выклікала ў партнэраў Украіны заклапочанасьць. Курс новага кіраўніцтва на эўраінтэграцыю можа паставіць пад сумнеў існаваньне ўсёй “чацьвёркі”. Вось чаму ў Маскве рыхтуецца адмысловае паседжаньне так званай Групы высокага ўзроўню, якое адбудзецца ў лютым.

А як рэагуюць на ўкраінскія ініцыятывы ў Беларусі? Тут, у нас, як добра вядома, адзінай і самай галоўнай рэакцыяй лічацца словы Аляксандра Лукашэнкі. Апошнім часам ён не абмінае ўкраінскую тэму. Але пакуль гаворка ідзе выключна ў кантэксьце двухбаковых адносінаў.

Так было, напрыклад, у сераду, калі кіраўнік дзяржавы наведаў Менскі маторны завод. Там Лукашэнка заявіў пра магчымасьць разьвіцьця гандлёва-эканамічных стасункаў з Украінай. І дадаў, што менавіта эканоміка вызначае і палітыку, і мысьленьне палітыкаў. Як адзначыў Лукашэнка, “Юшчанка – сэнсоўны чалавек, са здаровым розумам”.

Што тычыцца Адзінай эканамічнай прасторы, дык на гэтую тэму кіраўнік дзяржавы пакуль не выказваецца. Учора падчас брыфінгу ў Міністэрстве замежных справаў Беларусі выказваньні спадара Бярэзнага ды іншых сябраў украінскага ўраду пракамэнтаваў прэсавы сакратар МЗС Андрэй Савіных:

(Савіных: ) “Існуе цалкам канкрэтная працэдура ўзгадненьня пазыцыяў у рамках Адзінай эканамічнай прасторы. Існуе група высокага ўзроўню, існуе група экспэртаў. Калі ўкраінскі бок прапануе на разгляд узгаданых групаў свае праблемныя пытаньні, яны будуць разгледжаныя. І тады мы зможам казаць пра афіцыйную пазыцыю Ўкраіны. Пакуль даваць ацэнку заяве дзяржаўнага чыноўніка мы лічым заўчасным і разглядаем яе толькі як пункт гледжаньня”.

У Менску незалежныя эканамісты, перадусім, зьвяртаюць увагу на тое, што і старыя ўкраінскія ўлады ня вельмі сьпяшаліся да канкрэтных дзеяньняў у рамках Адзінай эканамічнай прасторы, і на гэта даволі рэзка рэагавала беларускае кіраўніцтва. Я магу прыгадаць міністра эканомікі Беларусі Андрэя Кабякова, які казаў, што Беларусь баіцца паўтарэньня праблемаў СНД у рамках “чацьвёркі”: “У Менска ёсьць пэўная доля пэсымізму, якая тычыцца рознахуткаснай і рознаўзроўневай інтэграцыі пры стварэньні Адзінай эканамічнай прасторы. Усё гэта мы ўжо праходзілі. У нас ёсьць СНД, ёсьць “двойка”, ёсьць “пяцёрка”. Але ў рамках ужо створаных структураў мы так і не змаглі ўдакладніць цэлы рад пытаньняў эканамічнай палітыкі”. А калі вяртацца да пазыцыі Ўкраіны, дык вось як ацэньвае яе кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса Ярасалаў Раманчук:

(Раманчук: ) “Калі мы гаворым, што Ўкраіна праводзіла нейкую палітыку ў рамках Адзінай эканамічнай прасторы, дык гэта такая мэтафара, якая азначае, што Ўкраіна ўдзельнічала ў распрацоўцы тых ці іншых мадэльных дакумэнтаў. У гэтым яна ўдзельнічала. Але канкрэтных рашэньняў Украіна не прымала. Таму заява, зробленая прадстаўнікамі новага ўраду Ўкраіны сьведчыць пра тое, што Ўкраіна ня будзе гуляць у стварэньне нейкіх наднацыянальных органаў. Яна не будзе удзельнічаць у тых праектах, якія перашкодзяць ёй інтэгравацца ў Эўразьвяз”.

Наколькі радыкальна можа зьмяніцца сытуацыя ў “чацьвёрцы”, калі Ўкраіна, так бы мовіць, рашуча павернецца да эўрапейскай і эўраатлянтычнай інтэграцыі? Я цікавіўся поглядамі розных беларускіх аналітыкаў. І прагнозы тут даволі розныя – ад таго, што прынцыпова ўнутры Адзінай эканамічнай прасторы мала што зьменіцца, да абяцаньня надзвычай вялікіх зьменаў. Паколькі першая пазыцыя ўсім зразумелая, то я зноў прапаную паслухаць спадара Раманчука, які прагназуе і скасаваньне “чацьвёркі”, і іншыя надзвычай радыкальныя захады:

(Раманчук: ) “Чацьвёркі дэ-факта ня было, а цяпер, мабыць, ня будзе і дэ-юрэ. Я думаю, што Расеі прыйдзецца цяпер перагледзець усю архітэктуру адносінаў, паколькі, і гэта факт, Пуцін ствараў гэтую “чацьвёрку” выключна пад Украіну, каб прычапіць яе да Расеі. Гэты плян сарваўся, і цяпер, я лічу, Крамлю патрэбна будзе іншая канцэпцыя ўзаемаадносінаў як з Украінай, так і зь Беларусьсю, таму што Мытны саюз, які існуе паміж Расеяй і Беларусьсю, таксама не працуе, ён таксама на паперы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG