Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якім будзе прысуд Ягору Рыбакову?


Алег Грузьдзіловіч, Менск 11 лютага ў Вярхоўным судзе будзе абвешчаны прысуд былому кіраўніку Белтэлерадыёкампаніі Ягору Рыбакову. Ягор Рыбакоў лічыцца вылучэнцам кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі, які неаднойчы апекаваўся сваім земляком і забясьпечыў яму хуткі кар’ерны рост. Аднак, ці будзе аказаная зноў гэтая падтрымка?

Ягора Рыбакова абвінавачваюць ў хабарніцтве ў вялікіх памерах, яму пагражае да 15 гадоў турмы. Нагадаю, пракуратура краіны пахвалялася, што ў Рыбакова знайшлі больш за 500 тысяч даляраў хабару. Журналіст Леанід Міндлін – сярод тых былых супрацоўнікаў тэлебачаньня, якія лічаць, што лёс Рыбакова канчаткова вырашаны.

(Міндлін: ) “ Ён быў у камандзе прэзыдэнта. Быццам яму ўсё было дазволена. Але цяпер ён гэтай камандзе стаў непатрэбны. Адпрацаваў – і ўсё, крыху пасядзі”.

У справе Рыбакова ёсьць нейкія тайныя спружыны, невядомыя шырокай грамадзкасьці, лічаць назіральнікі. Паводле іх, нездарма працэс праходзіў за зачыненымі дзьвярыма, і дагэтуль невядома, што насамрэч паставілі ў віну Ягору Рыбакову: хабар ці злоўжываньне службовым становішчам, альбо і першае і другое разам.

Суд цягнуўся больш за 3 месяцы, адзін зь якіх пайшоў на дапрацоўку абвінавачваньня. У выніку, як нядаўна паведаміў старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала, абвінавачаньне, прад’яўленае Рыбакову, стала больш жорсткім. Але ці азначае гэта, што былы старшыня Белтэлерадыёкампаніі атрымае пакараньне адпаведнае злачынству ? На думку незалежнай журналісткі Ганны Арцюшкевіч, шмат залежыць ад таго, як сабе паводзіў Рыбакоў у судзе.

(Арцюшкевіч: ) “Гэта ўсё залежыць ад таго, каго ён здаў. Здаў сваю крышу ці не. Калі ён здаў тых, хто непатрэбны цяпер Лукашэнку, магчыма, яму дадуць па мінімуму”.

Ганна Арцюшкевіч працавала на беларускім тэлебачаньні, калі кіраваць ім прыйшоў Ягор Рыбакоў. Журналістка перакананая, што Рыбакова паставілі выключна дзеля таго, каб зрабіць паслухмяную прапагандысцкую машыну, а калі гэта ўдалося, яго арыштавалі. Паводле Ганны Арцюшкевіч, пра злачынныя дзеяньні Ягора Рыбакова кіраўніцтву краіны было даўно добра вядома.

Яшчэ адна істотная рыса. Паводле зьвестак ад крыніцаў, якія кантактавалі са сваякамі Ягора Рыбакова, яго ўтрымлівалі ў ізалятары КГБ ў даволі камфортных умовах. Ва ўсялякім разе, за год знаходжаньня ў “амэрыканцы” скаргаў ён ніколі не выказваў. На думку некаторых назіральнікаў, гэта таксама сьведчыць пра тое, што прысуд былому старшыні беларускага тэлебачаньня можа быць дастаткова мяккім.
XS
SM
MD
LG