Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынікі страйку: падатак ня быў скасаваны, аднак зьявіўся шанец на яго адмену


Міхал Стэльмак, Менск Галоўная падзеяй дня 10 лютага стаў агульнанацыянальны папераджальны страйк прадпрымальнікаў. Ягонай мэтай быў пратэст супраць спагнаньня зь бізнэсоўцаў падатку на даданую вартасьць. Якія яг вынікі?

Першы вынік учорашняга дня – акцыя адбылася. Пасьля таго, як напярэдадні арыштавалі лідэра грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Шумчанку, у прадпрымальніцкім асяродзьдзі быў пэўны сумнеў наконт мэтазгоднасьці страйку. Рэч у тым, што бізнэсоўцы заплянавалі масавы візыт да Міністэрства эканомікі, каб перадаць туды сьпісы прадпрымальнікаў, якія ня згодныя з новым падаткам. І некаторыя прадказвалі, што без спадара Шумчанкі гэты візыт сарвецца.

Аднак сумнеў ня спраўдзіўся. Як выявіла ўчорашняя акцыя, у прадпрымальнікаў ёсьць асобы, якія ўзялі на сябе адказнасьць і прымусілі ўрадавых чыноўнікаў размаўляць не па тэлефоне, а непасрэдна з масамі. Адметна тое, што гэтыя асобы – найперш, з рэгіёнаў. Менавіта рэгіянальныя лідэры “Пэрспэктывы”: з Гомеля – Тацяна Марчанка, з Магілёва – Сяргей Фамін, з Барысава – Віктар Гарбачоў, са Сьветлагорска – Анатоль Зьмітровіч, з Рэчыцы – Леанід Невар, Валеры Шаўчэнка з Наваполацку ды іншыя сталіся завадатарамі менскай акцыі. Іх ініцыятыва атрымала масавую падтрымку прадпрымальнікаў-менчукоў, у выніку чаго ўлады мусілі прыняць рашэньне пра перамовы.

Паводле папярэдніх ацэнак удзельнікаў учорашняга страйку, ён дасягнуў мэтаў толькі напалову. Напалову таму, што падатак на дабаўленую вартасьць учора ня быў скасаваны, а толькі зьявілася верагоднасьць такой адмены. Што тычыцца станоўчых вынікаў акцыі, то вось што зазначыў на гэты конт барысаўскі лідэр “Пэрспэктывы” Віктар Гарбачоў:

(Гарбачоў: ) “Улада ў шоку, улада ня ведае, што ёй рабіць. Таму што яны ўбачылі вынік, і яны спужаліся. Ва ўсіх гарадах быў паралізаваны рынкавы гандаль. Падзеі ў Віцебску, Горадні, Менску засьведчылі, што прадпрымальнікі настроены рашуча. Як нам падалося, уся віна ляжыць на віцэ-прэм’еры Кабякове, які нічога аргумэнтавана ня мог нам сказаць. Дасягнутыя дамоўленасьці пра мараторый на штрафы ў дачыненьні прадпрымальнікаў, мы прымусілі ўрад зьвярнуць увагу на нашы праблемы. І ў бліжэйшыя дні – сёньня, заўтра, нават у выхадныя – яны будуць у тэрміновым парадку разглядацца. І яшчэ такую мы паставілі ўмову: калі адзін з сяброў рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” будзе арыштаваны ў пэрыяд вядзеньня перамоваў, значыць, мы бярэм на сябе правядзеньне розных акцыяў”.

Якія пэрспэктывы перамоваў і наагул узаемадачыненьняў прадпрымальнікаў і уладаў? Адразу пасьля завяршэньня ўчорашняга масавага паходу прадпрымальнікаў да Дома ўраду, актывісты грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва”, якое ладзіла страйк, абмеркавалі сытуацыю, што склалася ў выніку ўчорашніх дамоўленасьцяў з урадавымі чыноўнікамі. Вось што паведаміў мне пра гэта намесьнік старшыні “Пэрспэктывы” Аляксандр Лапотка:

(Лапотка: ) “У перамоўным працэсе будзе створана рабочая група з боку ўраду, з нашага боку. З боку прадпрымальнікаў, будзе створана рабочая група, у якой будуць прадстаўнікі кожнага рэгіёну Беларусі і Менску. Першае пытаньне – гэта адмена падатку на дабаўленую вартасьць. Другое пытаньне – гэта вызваленьне Анатоля Шумчанкі. Апроч іх, будуць прапанаваныя на абмеркаваньне іншыя пытаньні, якія даўно ўжо знаходзяцца ў шэрагу набалелых і якія даўно шкодзяць прадпрымальніцтву і дзяржаве. Наагул, прадпрымальнікі будуць займаць жорсткую пазыцыю. Бо ім няма куды падзецца. Калі падатак на дабаўленую вартасьць не скасуюць, то 85 працэнтаў адмовіцца і ня заплоціць падатак на наступны месяц”.

Як мне паведамілі актывісты “Пэрспэктывы”, ня выключана, што, калі ня сёньня, дык на пачатку наступнага тыдня павінны пачацца перамовы.

Зрэшты, прадпрымальнікі не выключаюць, што ўрад можа і адмовіцца ад учорашніх дамоўленасьцяў. Але наступствам такога разьвіцьця падзеяў будзе абвастрэньне сытуацыі. Бо, як вынікае з тлумачэньняў бізнэсоўцаў, зь якімі я ўчора меў размовы падчас акцыі, у большасьці зь іх няма фінансавых магчымасьцяў для ўплаты падатку на дабаўленую вартасьць:

(Спадарыня: ) “Пасьля ўвядзеньня гэтага падатку нас застанецца максымум тысяча чалавек, якія, магчыма, і будуць працаваць. Але яны буйныя прадпрымальнікі, а мы дробныя”.

(Спадар: ) “Нас проста жыцьцё і абставіны вымушаюць не заплаціць падаткі. І ня выйсьці на працу”.

(Спадарыня: ) “Спачатку ў сакавіку прадпрымальнікі ўсёй краіны ня заплацяць падаткі, а ў красавіку не заплацім арэнду. Бо арэнда – гэта таксама нашы ўскосныя падаткі. Таму што палова ад арэнды таксама ўваходзіць у бюджэт”.

Гэта былі прадпрымальнікі, якія бралі ўдзел ва ўчорашнім агульнанацыянальным папераджальным страйку. Паводле іх, захаваньне падатку на дабаўленую вартасьць прывядзе іх да банкруцтва, і яны вымушаныя цьвёрда патрабаваць ад уладаў адмены гэтага падатку.

Гл. таксама • Усебеларускі прадпрымальніцкі страйк падтрымалі ва ўсіх гарадох Беларусі • Першы вынік страйку – прадпрымальнікі дамагліся ад ураду стварэньня працоўнай групы ў праблеме з ПДВ • Лідэр прадпрымальніцкага руху Анатоль Шумчанка асуджаны на 10 сутак • У Берасьці прадпрымальніцкі страйк падтрымалі каля 90% мясцовых гандляроў • У Віцебску перад Першамайскім райвыканкамам – каля 1,500 прадпрымальнікаў • У Горадні ў акцыі прадпрымальнікаў удзельнічае некалькі тысячаў чалавек •У Гомельскай вобласьці агульнанацыянальны папераджальны страйк падтрымалі звыш 10 тысяч дробных прадпрымальнікаў • У Магілёве на цэнтральную плошчу выйшлі каля 400 прадпрымальнікаў • У Менску ля міністэрства падаткаў і збораў — каля 2,000 чалавек • На Меншчыне страйкуе большасьць прадпрымальнікаў вобласьці • Прадпрымальнікі Полаччыны выйшлі на гарадзкія пляцы • Галоўны лёзунг страйку пінскіх гандляроў – “Мы ня хочам падвышаць цэны”
XS
SM
MD
LG