Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усебеларускі прадпрымальніцкі страйк падтрымалі ва ўсіх гарадох Беларусі


Юлія Шарова, Менск Пра гэта Свабодзе паведамілі прадстаўнікі аб’яднаньня “Пэрспэктыва”. 10 лютага не працавалі 85 адсоткаў гандлёвых пляцовак. У шэрагу гарадоў дробныя гандляры сабраліся на мітынгі – лік удзельнікаў гэтых акцыяў ішоў на тысячы. У Менску прадпрымальнікі прыйшлі да Міністэрства падаткаў і збораў. Яны дамагліся ад ўраду стварэньня працоўнай групы ў праблеме ПДВ пасьля трохгадзінных перамоваў. Аднак актывісты прадпрымальніцкага руху ня лічаць, што атрымалі поўную перамогу.

Са словаў барысаўскага актывіста “Пэрспэктывы” Віктара Гарбачова, вынік сёньняшняга агульнага страйку ды лякальных мітынгаў можна расцаніць як 50/50.

На ягоную думку, улады не чакалі такога сур’ёзнага супрацьстаяньня з боку прадпрымальнікаў – прадпрымальніцкі рух болей зьяднаўся. Разам з тым дамагчыся адмены ПДВ для індывідуалаў адразу не атрымалася. Пакуль будзе створаная толькі працоўная група, у якую ўвойдуць чальцы ўраду й прадстаўнікі “Пэрспэктывы”.

Спадар Гарбачоў, які ўдзельнічаў у перамовах з урадоўцамі, не адмаўляе таго, што ўлады трапілі ў вельмі складанае становішча. Яны ня могуць адмяніць міжурадавае пагадненьне, да падпісаньня якога доўга ішлі. Але таксама ня могуць запатрабаваць ад прадпрымальнікаў, якія плацяць адзіны падатак, увозіць тавары з Расеі па максымальна празрыстай сыстэме. Віктар Гарбачоў кажа, што пакуль урад можа прапанаваць толькі адзін варыянт – адмяніць адзіны падатак.

(Гарбачоў: ) “Зараз яны скажуць: усё, мы пайшлі вам на саступкі. Цяпер вы адзіны падатак ня плаціце, бо вы трапляеце пад уплату ПДВ. А вы плаціце нам толькі ПДВ з прывезенага тавару. Адмяняюць гэтыя 250-300 тысяч, але ўводзяць ПДВ”.

Прадпрымальнік лічыць, што ў выніку прадпрымальнікі, праўдападобна, стануць паказваць усе свае прыбыткі й выдаткі ды падаваць накладныя з дакладным коштам увезенага тавару. Выдаткі на працу ў гандляроў узрастуць у 2-3 разы, значна ўскладніцца й працэдура ўвозу тавараў. Разам з тым Віктар Гарбачоў спадзяецца, што дамагчыся адмены ПДВ яшчэ атрымаецца. У адваротным выпадку з 1 сакавіка індывідуалы спыняць працу й перастануць плаціць падаткі.

Іншы чалец аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Аляксандар Лапотка, які таксама ўдзельнічаў у перамовах, ня надта верыць у шчасьлівае разьвязаньне праблемы з ПДВ.

(Лапотка: ) “Я часта ўдзельнічаў у розных перамоўных працэсах паміж прадпрымальнікамі і ўрадам. Усё гэта заканчвалася нічым. Заўсёды нас зводзілі ў бок, у нейкую паператворчасьць. Прадпрымальнікаў прымушалі нешта вынаходзіць”.

Аднак, на думку спадара Лапоткі, стварэньне працоўнай групы ёсьць несумненным посьпехам і дае спадзеў на ўрэгуляваньне канфлікту.

Гл. таксама • Лідэр прадпрымальніцкага руху Анатоль Шумчанка асуджаны на 10 сутак • У Берасьці прадпрымальніцкі страйк падтрымалі каля 90% мясцовых гандляроў • У Віцебску перад Першамайскім райвыканкамам – каля 1,500 прадпрымальнікаў • У Горадні ў акцыі прадпрымальнікаў удзельнічае некалькі тысячаў чалавек •У Гомельскай вобласьці агульнанацыянальны папераджальны страйк падтрымалі звыш 10 тысяч дробных прадпрымальнікаў • У Магілёве на цэнтральную плошчу выйшлі каля 400 прадпрымальнікаў • У Менску ля міністэрства падаткаў і збораў — каля 2,000 чалавек • На Меншчыне страйкуе большасьць прадпрымальнікаў вобласьці • Прадпрымальнікі Полаччыны выйшлі на гарадзкія пляцы • Галоўны лёзунг страйку пінскіх гандляроў – “Мы ня хочам падвышаць цэны”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG