Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Намесьнік міністэрства падаткаў і збораў не прымае патрабаваньні гомельскіх прадпрымальнікаў


Казімер Яноўскі, Гомель Сёньня ў другой палове дня гомельскія прадпрымальнікі, што страйкавалі на рынках, сустракаліся ў аблвыканкаме з прадстаўнікамі міністэрства падаткаў і збораў. На сустрэчы прысутнічаў наш карэспандэнт.

Групу спэцыялістаў міністэрства падаткаў і збораў ачольваў першы намесьнік міністра Уладзімер Палуян. Яму прадпрымальнікі і выклалі патрабаваньне адмены 18%-га падатку на даданую вартасьць.

Аргумэнтавалі гэта тым, што за рэалізацыю тавараў не айчынных вытворцаў яны сплачваюць ўжо дадаткова 50% да цяперашняга адзінага падатку, устаноўленага для прадпрымальнікаў.

Аднак намесьнік міністра спадар Палуян не хацеў і слухаць пра нейкую карэктыроўку ці адмену новага падатку. Ён заклікаў дробных бізнэсоўцаў “знайсьці ў сябе сілы і магчымасьці” сплачваць падатак, бо ён, маўляў, устаноўлены з прынцыпу, як бы паміж Беларусьсю і Расеяй ужо існуе мяжа.

Нічога пакуль міністэрства ня можа зрабіць і наконт падвоенай аплаты падатку на даданую вартасьць для тавараў з трэціх краін, якія беларускія гандляры набываюць у Расеі.

Спадар Палуян заявіў, што ня верыць, што дробныя бізнэсоўцы фізычна не ў стане сплачваць новы падатак, і што ў Расеі беларускія гандляры ня могуць нават атрымаць дакумэнты, якія б спраўджвалі цэны на набытыя тавары.

Таму бізнэсоўцы і прапанавалі чыноўнікам экспэрымэнт: паехаць зь імі за іхні кошт у Маскву на бытавыя кірмашы, закупіць тавар і пагандляваць.

Нагул, паводле прадпрымальнікаў, сустрэча міністэрскіх чыноўнікаў са страйкоўцамі нагадвала размову нямога са сьляпым. Меркаваньні на гэты конт двух прадпрымальнікаў – спадароў Бакіна і Маліноўскага.

(Бакін: ) “Сустрэча гэта – пераліваньне з пустога ў парожняе, стандартная камуністычная працэдура. Пытаньняў шмат, а адказ адзін: трэба плаціць!”

(Маліноўскі: ) “Проста жах! Трэба закрываць гандаль і перачакаць. Наступілі змрочныя часіны”.

Намесьнік міністра Ўладзімер Палуян вінаваціць у цяперашняй неразьбярысе з выплатай падатку на даданую вартасьць саміх прадпрымальнікаў.

(Палуян: ) “Пагадненьне прынятае даўно, ратыфікаванае ў нашай краіне 1 лістапада. Прадпрымальнікам трэба было некалькі раней займацца гэтымі пытаньнямі, калі яны пра іх пачулі. Яны ўсё хочуць, каб мы іх адчулі”, – заявіў намесьнік міністра падаткаў і збораў Уладзімер Палуян.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG