Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паўночная Карэя заявіла, што мае ядзерную зброю


Ганна Соусь, Прага Паўночная Карэя заявіла аб выхадзе са шматбаковага перамоўнага працэсу адносна яе ядзернай праграмы. Упершыню гэтая краіна публічна заявіла, што мае ядзерную зброю.

У той час, як ўвага ўсяго сьвету была прыцягнутая да патэнцыйных ядзерных амбіцый Ірану і гвалту ў Іраку, тэма ядзернай праграмы Паўночнай Карэі практычна зьнікла са старонак усясьветных мэдыяў. Аднак ў чацьвер Пхеньян заявіў, што мае ядзерную зброю і выходзіць з перамоўнага працэсу, у якім бралі ўдзел Японія, Паўднёвая Карэя, Расея, Кітай і Злучаныя Штаты.

Сёлета ў верасьні павінен быў адбыцца чацьверты раўнд шасьцібаковых перамоваў, на якіх плянавалася пераканаць Пхеньян згарнуць распрацоўку ядзернай зброі. Папярэднія тры раўнды перамоваў, якія пачаліся ў 2003 годзе, не далі пэўных вынікаў. Істотныя надзеі ўскладаліся на чацьверты раўнд, на якім ЗША мелі намер разгледзіць пытаньне аб кампэнсацыі Паўночнай Карэі ўзамен на дэмантаж ядзернай праграмы.

Вось меркаваньне Патрыка Кёльнэра, дасьледчыка з Інстытуту Азіі ў Гамбургу.

(Кёльнэр: ) “Былі прыкметы таго, што будуць разглядацца самыя розныя аспэкты – уключна з гарантыямі бясьпекі, дыпляматычнымі стасункамі, эканамічнай дапамогай. Такім чынам, калі б рабіліся крокі насустрач, то гэтыя гарантыі станавіліся б ўсё больш яснымі”.

Больш няма надзеі рэалізаваць гэтыя пляны. Як не двухсэнсоўна заявіла ў тэлевізійным звароце Міністэрства замежных справаў Паўночнай Карэі, ядзерная зброя была вырабленая для самаабароны, каб супрацьстаяць відавочнай палітыцы адміністрацыі Джорджа Буша, якая, паводле КНДР, мае на мэце ізаляваць і задушыць Карэйскую Народна-Дэмакратычную Рэспубліку.

Улады Паўночнай Карэі абяцаюць, што краіна будзе “ўжываць захады меры дзеля павелічэньня свайго ядзернага патэнцыялу для абароны сваёй ідэалёгіі, сыстэмы, свабоды і дэмакратыі”.

Заявы Пхеньяну сталі сапраўдным ударам для Кітая, які цягам двух гадоў настойліва ўпэўніваў Паўночную Карэю згарнуць ядзерную праграму. Шмат спадзяваньняў на посьпех перамоваў ўскладалі таксама Паўднёвая Карэя і Расея.

Пэўныя праблемы будуць мець цяпер і Злучаныя Штаты. На гэтым тыдні Дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс заявіла, што справа Ірану можа быць перададзеная на разгляд Рады Бясьпекі ААН, калі гэтая краіна ня прыме ўмовы эўрапейскага пагадненьня аб іранскай ядзернай праграме. У той час, калі Іран не прызнае, што вырабляе ядзерную зброю, Паўночная Карэя адкрыта кідае выклік усясьветнай супольнасьці. І тут для ЗША ўзьнікае праблема: ці пагодзяцца сябры Рады Бясьпекі ААН Расеі і Кітай, каб пытаньне аб ядзернай праграме Паўночнай Карэі было вынесенае на разгляд Рады Бясьпекі ААН дзеля ўведзеныя адпаведных санкцый?
XS
SM
MD
LG