Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія ўлады перасьледуюць удзельнікаў Эўрапейскага моладзевага парлямэнту


Юры Сьвірко, Кіеў На ўезьдзе ў Беларусь з Латвіі памежнікі ад панядзелка спынялі ўсе аўтобусы ў удзельнікамі моладзевага форуму. Грамадзяне Ўкраіны кажуць, што ніколі не сутыкаліся з такімі допытамі на мяжы. А беларускім студэнтам пасьля паездкі ў Рыгу пагражаюць непрыемнасьці ў іхніх ВНУ.

Вярнуўшыся ва Ўкраіну з Латвіі, удзельнікі рыскага форуму дагэтуль ня могуць пазбавіцца таго шоку, які яны зьведалі на беларускай мяжы ў панядзелак.

У іхні аўтобус увайшоў афіцэр, які меў паперу з 4 пытаньнямі, й гучна запытаў, ці езьдзіў хто з пасажыраў на рыскі форум. Калі ён пачуў станоўчы адказ, дык запатрабаваў выйсьці з аўтобусу для далейшай гутаркі.

Украінскія студэнты адмовіліся, заявіўшы, што афіцэр ня мае права ладзіць такія допыты.

Адна з пасажырак таго аўтобусу, студэнтка 5-га курсу Інстытуту міжнародных адносін Кіеўскага нацыянальнага ўнівэрсытэту Аксана Андрусяк расказала Радыё Свабода пра дзеяньні беларускага афіцэра:

(Андрусяк: ) “Ён пачаў задаваць пытаньні, што разглядалася на сэсіі, ці ўвогуле разглядалася праблема Беларусі ды ці бралі ўдзел беларусы ў гэтых камітэтах, ці раздавалі нам літаратуру й ці маем мы літаратуру з сабою. Першы шок – гэта калі мы толькі ўехалі ў Беларусь. На мяжы паміж Украінай і Беларусьсю нас пратрымалі паўтары гадзіны й такім пагрозьлівым тонам папярэджвалі, каб мы двойчы падумалі перад тым, як перасякаць мяжу Беларусі. Гэта быў першы шок, а з гэтым – гэта ўвогуле проста... Калі ў краіне такая сытуацыя, калі могуць так проста людзей спыніць, дапытаць ці нават асудзіць, ці затрымаць за што заўгодна беспадстаўна!”

Спадарыня Андрусяк паведаміла таксама, што такія ж допыты на мяжы зьведалі й беларусы, якія ехалі з Рыгі пазьней.

Я патэлефанаваў адной зь беларускіх студэнтак, якая пагадзілася распавесьці падрабязнасьці толькі на ўмовах ананімнасьці:

(Студэнтка: ) “Прозьвішча яны маё спыталіся і ўзялі мой адрас, ведаюць, дзе я вучуся. Таму ў мяне будуць праблемы. Якія падрабязнасьці? Сабралі пашпарты, мяне запрасілі ў асобны кабінэт і задалі пытаньні, якія ў чалавека былі запісаныя на аркушыку. То бок ён іх ня сам складаў. Потым пайшлі пытаньні, якое палітычнае дачыненьне мае наш форум да Беларусі”.

Паводле гэтай студэнткі, на мяжы яе дапытвалі двойчы розныя людзі, а на гэтым тыдні супрацоўнікі КДБ ўжо прыходзілі ў міжнародны аддзел яе ўнівэрсытэту.

Брытанец Алан Флаўэрз, які браў удзел у арганізацыі рыскае сэсіі Эўрапейскага моладзевага парлямэнту ды якога летась дэпартавалі зь Беларусі, пракамэнтаваў апошнія падзеі на беларускай мяжы гэтак:

(Флаўэрз: ) “43 студэнты паехалі ў Рыгу дзеля некалькіх дыскусіяў – і беларускія ўлады правялі масіўную апэрацыю сачэньня! Гэта проста паказвае, што адбываецца”.

***

Ад 4 да 7 лютага каля 150 маладых прадстаўнікоў розных эўрапейскіх краін ва ўзросьце ад 16 да 20 гадоў абмяркоўвалі ў Рызе пытаньні грамадзка-палітычнага жыцьця кантынэнту, асабліва падзеі ў Беларусі ды Ўкраіне.

На адмысловай сэсіі “Латвія–Беларусь” моладзь аналізавала падзеі апошніх месяцаў у Беларусі, апошняй зь якіх стаўся прысуд Міхаілу Марынічу, былому беларускаму амбасадару ў Латвіі. Мэтай сэсіі быў ня толькі абмен думкамі, але й дапамога беларускай ды ўкраінскай моладзі ў засваеньні эўрапейскага досьведу.

Сэсію Моладзевага парлямэнту арганізоўвалі суполка “Адкрытая Беларусь” – адзін з арганізатараў 2-месячнай кампаніі “За вольную Беларусь!”, – амбасада Вялікай Брытаніі ў Рызе, філія Брытанскае Рады ў Латвіі й прафэсар Алан Флаўэрз.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG