Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці распрацоўвае сьледзтва “ірацкую” вэрсію забойства журналісткі Веранікі Чаркасавай?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Прычынай забойства карэспандэнткі газэты “Салідарнасць” Веранікі Чаркасавай можа быць яе інтарэс да тэмы гандлю зброяй з Іракам. Пра гэта кажуць незалежныя крыніцы. Але ці распрацоўвае сьледзтва “ірацкую” вэрсію?

Як іншыя сьледчыя пракуратуры, Уладзімер Чумачэнка ў кантактах з журналістамі звышасьцярожны. Паводле сьледчага, за тры месяцы расьсьледаваньня забойства Чаркасавай адпрацоўвалася некалькі вэрсіяў, і ніводная канчаткова не адкінутая, у тым ліку і гэтак званая “ірацкая”.

(Чумачэнка: ) “Мы не адкідаем нават прысутнасьці марсіянаў. Усе вэрсіі адпрацоўваем, у большай ці меншай ступені. Але гучнай гэтая справа стала толькі з той прычыны, што, прабачце, забітай аказалася журналістка”.

Аднак супрацоўнік “Белорусской деловой газеты” Сяргей Сацук ня лічыць пабытовую вэрсію забойства журналісткі асноўнай. Сяргей Сацук вядзе асабістае расьсьледаваньне забойства. Журналіст высьветліў, што за месяц да гібелі Вераніка Чаркасава пачала зьбіраць зьвесткі пра беларускі “Інфабанк”, які абслуговаў кантакты Беларусі з Іракам. Да намаганьняў Чаркасавай меў дачыненьне былы супрацоўнік банку, які фігуруе ў справе ў якасьці сьведкі. Паводле Сяргея Сацука, сьледзтва цікавілася толькі ягонымі асабістымі дачыненьнямі зь Веранікай Чаркасавай. Між тым, ёсьць падазрэньне, што гэта маглі быць іншыя адносіны.

(Сацук: ) “Тут што цікава: што зьвесткі Вераніка зьбірала не сама, а на ягоную просьбу. Падазраю, што гэта той чалавек нешта рыхтаваў, а не сама Вераніка”.

Сяргей Сацук сьцьвярджае, што той чалавек рашуча адмовіўся ад размовы адносна забойства Веранікі Чаркасавай.

З чаго пачаўся “ірацкі” сьлед забойства журналісткі? Паводле некаторых крыніцаў, яна зацікавілася тэмай беларуска-ірацкіх дачыненьняў, у тым ліку і гандлем зброяй, падчас паездкі ў Ірак, якая адбылася тры гады таму. Прычым тую паездку арганізоўваў якраз беларускі “Інфабанк”. Аднак, паводле другой удзельніцы паездкі, журналісткі Сьвятланы Калінкінай, з Іраку яны не прывезьлі нічога, акрамя ўспамінаў пра помнікі гісторыі.

(Калінкіна: ) “Мы езьдзілі на экскурсіі, у Бабілён, глядзелі на Бабілёнскую вежу. Гэта была проста паездка па краіне”.

І ўсё ж калегі Веранікі Чаркасавай усё часьцей вяртаюцца да палітычнай прычыны забойства журналісткі. Аляксандар Старыкевіч, рэдактар газэты “Салідарнасць”, дзе працавала перад сьмерцю Вераніка Чаркасава, таксама лічыць гэтую вэрсію асноўнай.

(Старыкевіч: ) “Сёньня ёсьць усе прычыны сьцьвярджаць, што гэтае забойства зроблена прафэсійна. А павінны быць вельмі сур’ёзныя падставы, каб за справу ўзяўся кілер”.

Чаму некаторыя журналісты робяць выснову пра прафэсійнае забойства? Паводле незалежных расьсьледаваньняў, кроў на месцы забойства Чаркасавай была распырсканая так, каб падмануць сьледзтва. Выклікаюць сур’ёзны сумнеў меркаваньне пра некаторыя іншыя акалічнасьці здарэньня, якіх трымаецца сьледзтва. Што да сьледчага Ўладзімера Чумачэнкі, ён афіцыйна гэтых сумневаў не камэнтуе, спасылаючся на тайну сьледзтва.
XS
SM
MD
LG