Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску перад Першамайскім райвыканкамам – каля 1,500 прадпрымальнікаў


Браніслава Станкевіч, Віцебск Каля паўтары тысячы віцебскіх прадпрымальнікаў напісалі заявы пра тое, што гатовыя спыніць сваю дзейнасьць, калі ня будзе скасаваная апошняя пастанова пра падаткі на дабаўленую вартасьць. У адказ прадстаўнікі ўладаў выклікалі супраць іх АМОН і міліцыю.

Да агульнага страйку далучыліся прадпрымальнікі ўсіх трох віцебскіх кірмашоў і большая частка крытых гандлёвых цэнтраў.

А 10-й раніцы прадпрымальнікі пачалі зьбірацца каля райвыканкамаў, дзе яны зарэгістраваныя, каб падаць заявы пра тое, што яны адмаўляюцца працаваць ва ўмовах цяперашняй сістэмы падаткаабкладаньня.

Гаворыць старшыня Віцебскага прафсаюзу прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” Барыс Элькін.

(Элькін: ) “Усе падаюць заявы, што яны супраць падатку на даданую вартасьць, супраць занадта прыдзірлівых праверак, супраць сацыяльнага фонду ў тым выглядзе, у якім ён ёсьць, супраць новых правілаў гігіенічнай рэгістрацыі. Калі гэтыя пытаньні ня будуць урэгуляваныя то з 1-га сакавіка людзі гатовыя спыніць працу і здаць пасьведчаньні прадпрымальнікаў.

Прадстаўнікі прафсаюзу “Пэрспэктыва” напярэдадні страйку зьвярталіся ў райвыканкамы ды папярэджвалі, што ахвотных падаць заяву будзе шмат. Але высьветлілася, што чыноўнікі ўсур’ёз да гэтага папярэджаньня не паставіліся, і таму ў фае Першамайскага райвыканкаму сабраўся абураны натоўп з некалькіх соцень прадпрымальнікаў.

(Прадпрымальнік: ) “Нам сказалі: Вось адзін чалавек і адзін кампутар. Больш у нас ні людзей, ні кампутараў няма... Такое ўражаньне, што яны проста чакаюць, каб мы разышліся, проста цягнуць час”.

(Прадпрымальніца: ) “Мы проста непатрэбныя нашай дзяржаве. Нас проста хочуць зьнішчыць, і ўсё! Вы толькі ўявіце, колькі мы падаткаў плацім, а ў нас жа і дзеці ёсьць, і жыць неяк трэба. Толькі балячак сабе нажылі, і атрымалася, што нікому мы не патрэбныя”.

Супраць абураных прадпрымальнікаў супрацоўнікі Першамайскага райвыканкаму выклікалі некалькі нарадаў міліцыі і байцоў АМОНу, якія заблякавалі ўваходы і сталі прапускаць у будынак па пяць чалавек.

Нешта падобнае адбывалася і ў іншых выканкамах: сотні людзей мерзьлі на вуліцы пад наглядам міліцыянтаў з дубінкамі, але ўсё ж чакалі свае чаргі, каб падаць заяву.

У якасьці камэнтару да сёньняшняе акцыі начальнік абласной управы прадпрымальніцтва Валянцін Цьвяткоў сказаў, што ня бачыць вялікае бяды ў тым, што прадпрымальнікаў з 1-га сакавіка можа істотна паменшаць. Аднак прадпрымальнікі спадзяюцца, што з дапамогай сёньняшняга страйку набалелыя праблемы ўсё-ткі ўдасца вырашыць.
XS
SM
MD
LG