Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве на цэнтральную плошчу выйшлі каля 400 прадпрымальнікаў


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Магілёўскія прадпрымальнікі падтрымалі агульнабеларускі страйк. Напярэдадні прыватнікі абласнога цэнтру сабралі больш за 1,5 тысячы подпісаў за адмену 18-адсоткавага падатку на даданую вартасьць і перадалі падпісныя лісты ў Менск.

Сёньня ў Магілёве аб’явілі аднадзённы страйк усе рэчавыя рынкі гораду і прыватныя гандлёвыя цэнтры. Раніцай на плошчы Леніна, перад Домам саветаў сабраліся каля 400 чалавек. Прадпрымальнікі прыйшлі заявіць чыноўнікам пра свае патрабаваньні, галоўнае зь якіх — адмяніць падатак на 18%.

(Спадарыня: ) “Атрымліваецца так, што наш урад змагаецца не за наш дабрабыт, а ён ваюе менавіта з народам”.

(Іншая спадарыня: ) “Давайце гаварыць канкрэтна: усіх жанчын, у якіх дзеці, пазабаўляюць з 1 сакавіка працы. Вось мы цяпер пойдзем і будзем дамагацца сваіх правоў”.

(Спадарыні: ) “Мы будзем страйкаваць!”

(Спадарыня: ) “Таму што людзі ня бачаць ніякага выйсьця, і кожны разумее, што гэта канец нашаму прадпрымальніцтву”.

Магілёўскія прадпрымальнікі запатрабавалі сустрэчы з кіраўніцтвам вобласьці і таму выкрыквалі прозьвішча старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Барыса Батуры.

(Крыкі людзей: ) “Батура! Батура!..”

Аднак дарэмна: у гэты час праходзіла сэсія абласнога савету, дзе, дарэчы, абмяркоўвалася рэгіянальная праграма падтрымкі малога бізнэсу. Нягледзячы на паведамленьне пра страйкоўцаў на плошчы, чыноўнікі не захацелі размаўляць з рэальнымі прадстаўнікамі малога бізнэсу.

(Спадар: ) “Таму што наша ўлада пра нас ня думае. Яны думаюць толькі пра сябе, каб паболей заробак атрымліваць, каб хаты, кватэры, машыны — усё ў іх было, а каб нам нічога не было”.

(Спадарыня: ) “Таму што яна атлусьцела, гэтая ўлада. Можа справа ва ўладзе, нарэшце трэба ўздымаць пытаньне!”

Праз тры гадзіны ад пачатку акцыі кіраўнік абласной управы прадпрымальніцтва Віктар Красоўскі распавёў страйкоўцам, што мясцовая ўлада ня можа задаволіць іх патрабаваньняў, гэта кампэтэнцыя кіраўніцтва краіны. Аднак магілёўскія прадпрымальнікі вырашылі зноў сабрацца на плошчы Леніна ў панядзелак і запатрабаваць ад уладаў наладзіць перамовы.
XS
SM
MD
LG