Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Меншчыне страйкуе большасьць прадпрымальнікаў вобласьці


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць Агульнанацыянальны страйк падтрымалі каля 90% гандляроў Барысава.

Вось што паведаміў на гэты конт адзін зь лідэраў мясцовых прадпрымальнікаў Мікалай Віторскі:

(Віторскі: ) “Практычна ўсе стаяць. Нават тыя, хто арандуе крамы, спынілі працу. На мінірынку “Спатканьне” вельмі жорсткія ўмовы арэнды, але і там прадпрымальнікі не працуюць. Такога ніколі раней не было. Сёньня бяруць удзел у акцыі тыя, якія раней ніколі не пратэставалі. Бо людзей загналі ў кут. Тэлефанавалі з КГБ, каб не перакрывалі дарогу. У нас нават і ў думках такога не было. Я першы раз гэта пачуў ад уладаў. Яны напалоханыя”.

У Салігорску сёньняшнюю акцыю пратэсту падтрымалі гандляры двух мясцовых рынкаў. Паводле іхнага лідэра Аляксандра Цэцуры, колькасьць страйкоўцаў склала тут ня менш як паўтары тысячы. Пра тое, як праходзіла акцыя ў Слуцку, распавядае лідэрка тутэйшых прадпрымальнікаў Соф’я Міцяшова:

(Міцяшова: ) “100-працэнтавае прыпыненьне сёньня. Поўная падтрымка агульнарэспубліканскаму прыпыненьню. Бо няма з чаго плаціць. Мы ня супраць падаткаў, але пасільных. У Слуцку не такія даходы”.

У Менскім аблывыканкаме страйк лічаць неабгрунтаваным. У прыватнасьці, кіраўнік аддзелу прадпрымальніцтва Аляксандар Пятровіч сьцьвярджае, што прадпрымальнікі пры вырашэньні канфліктнай сытуацыі дзейнічаюць нецывілізавана:

(Пятровіч: ) “Прыслалі б афіцыйны дакумэнт з прапановай. Каб сесьці за стол перамоваў. А так усё робіцца дзесьці ў кулюарах”.

Прадпрымальнікі з такім меркаваньнем не пагаджаюцца. Пра нэгатыўнае стаўленьне бізнэсоўцаў да падатковага новаўвядзеньня ведалі ўсе дзяржаўныя органы. Аднак зь іх боку, паводле ўдзельнікаў сёньняшняй акцыі, нічога не было зроблена, каб вырашыць праблему.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG