Лінкі ўнівэрсальнага доступу

65 гадоў таму пачалася масавая дэпартацыя палякаў, украінцаў і беларусаў у Сыбір


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава 10 лютага ў Польшчы адзначаюць 65-ую гадавіну трагічных падзеяў – пачатку масавага вывазу ў сталінскія лягеры сотняў тысячаў людзей, што жылі ў заходняй Беларусі й заходняй Украіне, якія да верасьня ўваходзілі ў склад Польскай рэспублікі.

У часе масавых дэпартацыяў у 1940-1941 гадох з тэрыторыяў колішняй усходняй Польшчы ў Сыбір, на Урал і Сярэднюю Азію былі вывезеныя больш за 500 тысячаў чалавек, сярод якіх – палякі, украінцы, беларусы і габрэі.

“Тады не было такога тэрміну, але цяпер гэта можна назваць этнічнай чысткай. Саветы захапілі ўсходнюю частку краіны, а потым пачалі забіваць, садзіць у турмы і вывозіць мясцовых жыхароў, у асноўным прадстаўнікоў інтэлігенцыі і сярэдняй клясы. Нярэдка іх пакідалі сярод тундры ці стэпу безь нічога. Добра, калі палова з гэтых людзей дажывала да вясны”, кажа гісторык Варшаўскага ўнівэрсытэту прафэсар Павал Вечаркевіч.

Прафэсар Вечаркевіч адзначае, што ў часе, калі колішняя Польшча была падзеленая дакладна напалову паміж Нямеччынай і Савецкім Саюзам, гэта значыць да чэрвеня 1941 году, колькасьць ахвяраў на тэрыторыях, акупаваных Чырвонай арміяй, была больш высокай, а савецкія мэтады значна больш жорсткімі.
XS
SM
MD
LG