Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беластоцкая “Ніва” выйшла з дадаткам “Ніва студэнцкая”


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава 10 лютага ў Беластоку выйшаў чарговы нумар тыднёвіка беларусаў Польшчы “Ніва”.

“Беларускі ровар” – такі загаловак мае артыкул сталага аўтара “Нівы” Віктара Сазонава, у якім гаворка ідзе пра мадэль эканамічнага разьвіцьця, якую спрабуюць пабудаваць цяперашнія беларускія ўлады. Сярод іншага, аўтар зьвяртае ўвагу на тое, што няўвага да сусьветнага досьведу рэформаў, адсутнасьць рэальнай прыватызацыі, факт, што большасьць маёмасьці ў Беларусі належыць дзяржаве, адштурхнулі большасьць заходніх інвэстараў, якія ў такіх умовах працаваць ня могуць.

Аўтар піша: “Ва ўладаў застаўся толькі адзін інструмэнт, каб даказаць вартасьць свайго выбару мадэлі эканамічнага разьвіцьця – прапаганда. Прапагандысты з блакітных экранаў беларускай тэлевізіі ўзахлёб распавядаюць пра павялічэньне тэмпаў росту эканамічнага разьвіцьця, але цэны на прадукцыю чамусьці растуць. У нас нібыта ўсё ёсьць: і тэлевізары, і каўбаса, але кожны беларус хоча набыць таньнейшы і больш якасны тэлевізар за мяжой, толькі вось мыта не дазваляе, а каўбасы беларусу можна прывезьці з-за мяжы ня больш за 5 кіляграмаў. Прапаганда ўласных посьпехаў можа доўжыцца бясконца, толькі вось на эканоміку яна ня дзейнічае – ад гэтага нічога не паляпшаецца”.

Але акрамя традыцыйных матэрыялаў пра сытуацыю ў Беларусі, а таксама пра беларускае жыцьцё ў Польшчы, артыкулаў на гістарычныя тэмы, варта адзначыць, што сёньня “Ніва” выйшла з дадаткам “Ніва студэнцкая”, які цалкам прысьвечаны літаратурнай творчасьці маладых беларусаў Беласточчыны. Скажу шчыра, што ўзровень іхных твораў прыемна ўразіў. Асабліва вершы студэнта пятага курсу беларусістыкі Беластоцкага ўнівэрсытэту Юркі Буйнюка. Гэтае імя я раіў бы запомніць аматарам беларускай паэзіі – пра яго напэўна яшчэ будзе чуваць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG