Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тарыфы на газ, цяпло і электраэнэргію будуць расьці штомесяц


Іна Студзінская, Менск Ад 10 лютага тарыфы на газ, электраэнэргію і ацяпленьне будуць зноў расьці, прычым штомесяц. Але насельніцтва суцяшаюць тым, што гэта будзе адбывацца не раптоўна, ня рэзка, а паступова. Пакрысе. Чым тлумачыць чарговае падвышэньне коштаў і тарыфаў урад, і як на гэта рэагуе насельніцтва?

Падвышэньне ўнутраных коштаў і тарыфаў на прыродны газ, цяпло і электраэнэргію выклікана павелічэньнем цаны на газ расейскім акцыянэрным таварыствам “Газпрам” на 18% у параўнаньні з 2004 годам (зараз 1 тысяча кубамэтраў газу каштуе 46 даляраў 68 цэнтаў). Гадавы аб’ём выпрацоўкі электраэнэргіі ў Беларусі на 65 адсоткаў забясьпечваецца за кошт прыроднага газу.

Тлумачэньне намесьніка міністра энэргетыкі Пятра Жабко:

(Жабко: ) “Кошты на прыродны газ, што пастаўляецца з Расейскай Фэдэрацыі, павялічваюцца. Паводле законаў эканомікі, павялічаная цана павінна чымсьці кампэнсавацца, і, натуральна, канчатковыя кошты для спажыўцоў павінны расьці. Таму было прынята рашэньне аб падвышэньні цэнаў і тарыфаў на прыродны газ, цяпло і электраэнэргію. Яны павялічваюцца для прамысловых спажыўцоў і крышачку вырастуць для насельніцтва. Павялічэньне будзе ажыцьцяўляцца паступова, зь 10 лютага па 1 кастрычніка, на 18 адсоткаў раўнамерна на прыродны газ і электраэнэргію, на цеплаэнергію – на 5 з паловай адсоткаў”.

Намесьнік міністра энэргетыкі Пётр Жабко сказаў, што адпаведная пастанова ўраду будзе прынята ў самы бліжэйшы час. Але ж літаральна месяц таму Аляксандар Лукашэнка на адмысловай нарадзе па пытаньнях фармаваньня коштаў на газ і энэргію абмежаваў магчымы прырост тарыфаў для насельніцтва на 2% у месяц, а яшчэ раней вызначыў ліміт росту кошту ўсіх камунальных паслугаў межамі ў 4-5% у год. Ці “ўпісваецца” чарговы рост тарыфаў ў гэтыя абмежаваньні?

Паводле інфармацыі Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, зараз насельніцтва аплочвае 55% кошту камунальных паслугаў. Але згодна з законам аб бюджэце на 2005 год да канца году ўзровень аплаты павінен скласьці 60%. А калі верыць афіцыйнай інфармацыі, папярэдняе падвышэньне тарыфаў на энэргарэсурсы было больш за год таму – зь 1 студзеня 2004 году ў сувязі з ростам на 20% цэнаў на газ. А тое, што ў жыроўках лічбы за год вырасьлі амаль удвая – гэта не з прычыны падвышэньня тарыфаў, а таму, што зьмяніліся прынцыпы ўліку патрачанай энэргіі на ацяпленьне, ці выкарыстоўваецца іншы каэфіцыент разьліку.

Так тлумачаць, прынамсі, камунальнікі. І народу так затлумілі галаву тарыфамі, каэфіцыентамі, працэнтамі, што разабрацца вельмі цяжка, за кошт чаго ідзе гэты самы рост. Але, безумоўна, аплата за кватэру і камунальныя паслугі за год ўзрасла не на 5 даляраў (гэта крыху больш за 10 тысяч рублёў), а значна істотней.

Што думаюць людзі наконт чарговага падвышэньня тарыфаў на газ, сьвятло і цяпло? Калі коратка, то народ абураны. Прычым заявы ўраду пра тое, што тарыфы будуць расьці пакрысе, пачынаючы зь 10 лютага да 1 кастрычніка штомесяц, народ абсалютна не суцяшаюць. І ніякія аргумэнты і разьлікі, што рост гэты быццам бы не істотны, таксама не маюць узьдзеяньня на людзей.

(Голас-1: ) “Што тут можна сказаць, калі наш урад нас зноў і зноў падманвае. Абяцалі ж не павышаць расцэнкі на ацяпленьне, на ваду, на сьвятло, на газ. Крышку зарплата ўзрасла, а цэны ўзрастуць у 5 разоў. Правільна сказаў у свой час спадар Шушкевіч: “З адным чалавекам у нашай дзяржаве дамаўляцца немагчыма, усё роўна падмане…”

(Голас-2: ) “Я карэнная мянчанка, і воляю лёсу апынулася ў Расеі, у Маскве. Але прыяжджаю да маці сваёй, якая жыве ў Менску, кожны месяц. Камунальныя паслугі ў маёй маці складаюць 70% пэнсіі, астатняе – лекі. Вось зараз у Маскве мы плацім за ацяпленьне, калі перавесьці ў даляры – 8 цэнтаў па тарыфу, а маці плаціць у 4 разы болей! Як пэнсіянэр можа выжыць, калі ў яго няма дзяцей, якія дапамагаюць, я ня ведаю. Я вельмі абураная”.

(Голас 3: ) “Чым нас “кормяць, якімі тарыфамі? Ужо жыроўкі атрымалі такія, што пра тарыфы ніхто і не думае. Няхай яны самі глянуць на свае ўласныя жыроўкі. Абяцанкі “бацькавы” і ўрадавыя – гэта ўсё абсалютная хлусьня”.

(Голас 4: ) “У мяне маладая сям’я, грошай не хапае. І мне ўсё роўна, ці яны будуць падвышацца паступова, ці адразу. Хай будзе дзе зарабіць і плацяць нармалёва”.

Прычым народ абураецца ня столькі менавіта ростам коштаў, лічбамі, а тым, што яго зноў падманваюць, што ўрад і кіраўнік дзяржавы не выконваюць сваіх абяцаньняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG