Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Газэта Слонімская”: на 100 мільёнаў даляраў можна было б зрабіць шмат карысных і больш практычных справаў


Падрыхтавала Юлія Шарова Агляд незалежнага друку

Куды лепш патраціць 100 мільёнаў даляраў: для Менск-арэны ці для Слоніма? На гэтую разважаюць аўтары “Газеты Слонимской”. Як вядома, Аляксандар Лукашэнка заявіў пра неабходнасьць пабудаваць у Беларусі лядовую арэну, якая адпавядала б міжнародным стандартам. Выдаткаваць на гэтую Менск-арэну хочуць якраз 100 мільёнаў даляраў. Для сталіцы гэта сума не настолькі істотная, а вось у маленькім Слоніме на такія грошы можна было б зрабіць вельмі шмат карысных і больш практычных справаў. Напрыклад, дабудаваць падземны пераход ды ўзьвесьці ў цэнтры гораду тэатар.

На мінулым тыдні пільныя суседзі выратавалі ад пажару дом у Зэльве, які належаў сьвёкру вядомай паэткі Ларысы Геніюш і ў якім яна жыла да самой сьмерці. Яны пасьпелі патушыць агонь у спальні й выкінуць на двор ахопленую полымем вопратку п’яных насельнікаў хаты. Пасьля сьмерці паэткі будынак стаў дзяржаўнай уласнасьцю, і ў яго засялілі выпадковых людзей, піша “Газета Слонимская”.

11 студзеня сёлета мікрааўтобус “мэрсэдэс”, у якім ехала 28-гадовая мянчучка Нона, сутыкнуўся з грузавіком. Жанчына апынулася ў лякарні – у яе быў зламаны хрыбетнік. Але кампэнсацыю ў 3 тысячы эўра за цяжкае цялеснае пашкоджаньне ў транспарце ёй ня выплацілі. Квіток, які зьяўляецца падставай для выплаты, у пацярпелай быў, але тым ня менш у аўтапарку №1 зь ейнай маці размаўляць адмовіліся. Пра гэта піша сёньняшняя “Комсомольская правда в Белоруссии”.

“Наша ніва” дае парады маладым вайскоўцам: як прыстасавацца да новага ладу жыцьця, што трэба й чаго ня трэба рабіць у першыя дні службы ў войску. Так, напрыклад, ня варта занадта бурна адзначаць адпраўку на службу Айчыне, бо каламутны позірк і характэрны пах з рота могуць не спадабацца будучым камандзірам.

Таксама “Наша ніва” напярэдадні Дня сьвятога Валянціна спрабуе высьветліць, чым ёсьць каханьне з пункту гледжаньня мэдыцыны, псыхалёгіі ды рэлігіі. На сёньняшні дзень пэўнага адказу на гэтыя пытаньні няма: чалавек занадта складаная істота. Дакладна толькі тое, што мы абіраем сабе партнэраў, чыя генэтыка максымальна адрозьніваецца ад нашай, мы баімся самоты, таму ідзем у каханьне, а таксама каханьне можа быць для нас шляхам самаўдасканаленьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG