Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На якую аўдыторыю разьлічвае “Беларусь-ТБ” у суседняй Расеі?


Ігар Карней, Менск 10 лютага ў беларускай амбасадзе ў Маскве адбудзецца прэзэнтацыя міжнароднага спадарожнікавага каналу “Беларусь-ТБ”, які пачаў вяшчаньне 1 лютага. У сярэдзіне дня пра тэлевізійны “прарыў” журналістам раскажуць старшыня Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Ўладзімер Матвяйчук і амбасадар Уладзімер Грыгор’еў, а ўвечары заплянаваны вялікі прыём, на які запрошаныя як чыноўнікі інфармацыйнай галіны, так і расейскі “тэлебамонд”.

Напярэдадні я затэлефанаваў у амбасаду Беларусі ў Расейскай Фэдэрацыі і пацікавіўся: наколькі шырока будзе адзначацца пачатак трансьляцыі на Расею спадарожнікавага каналу “Беларусь-ТБ”? Супрацоўнік дыпляматычнага ведамства Аляксандар Гардзейчык канстатаваў: лепшыя прадстаўнікі жанру на банкет, прынамсі, прыйдуць.

(Гардзейчык: ) “Сярод запрошаных – прадстаўнікі фэдэральных інфармацыйных структураў, а таксама супрацоўнікі Ўсерасейскай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі (ВГТРК), каналаў “ТВ-центр”, “Московия” ды іншых. Будуць прысутнічаць і прадстаўнікі МЗС Расеі, Фэдэральнага агенцтва па друку і масавых камунікацыях…”

Тое, што першай у шэрагу прэзэнтацыйных імпрэзаў за межамі Беларусі абраная Расея – цалкам лягічна. Нягледзячы на пэўныя непаразуменьні паміж кіраўнікамі краінаў, кожны з суб’ектаў у той ці іншай ступені імкнецца мець уплыў на суседнюю тэрыторыю ці, як у дадзеным выпадку, на масавую аўдыторыю.

Напярэдадні рэфэрэндуму, падчас сустрэчы з кіраўнікамі беларускіх тэлеканалаў, Лукашэнка наўпрост сказаў: прыярытэтным ў справе замежнага вяшчаньня павінна стаць трансьляцыя на сумежныя тэрыторыі – Смаленшчыну, Браншчыну, уключна, натуральна, з Масквой. Ужо летась дзеля гэтага пачалі выкарыстоўваць наземныя рэтрансьлятары, а з дапамогай магутнасьцяў спадарожніка сыгнал “Беларусь-ТБ” пашырыўся да Ўралу.

Уладальнікі спадарожнікавых антэнаў у Беларусі даўно маюць магчымасьць глядзець праграмы расейскіх каналаў – “РТР-планета”, “НТВ-Мир”, “Первый канал”… “Беларусь-ТБ” трансьлюе дайджэсты праграмаў беларускіх тэлеканалаў крыху болей за тыдзень, таму пра існаваньне беларускага спадарожнікавага каналу расейскія тэлевізійшчыкі ў бальшыні сваёй нават не здагадваюцца. Аднак тыя, з кім давялося паразмаўляць і хто глядзеў БТ падчас камандзіровак у Беларусь, досыць скептычна адгукаюцца пра “аб’ектыўнасьць” менавіта такога тэлебачаньня.

Адзін з прадусараў НТВ Ігар Зімакоў, які арганізоўваў у Менску запіс праграмы “Свабода слова”, узгадвае, што рэжысурай займалася не маскоўская каманда, а адміністрацыя Лукашэнкі. Таму, паводле Зімакова, пра нейкую аб’ектыўнасьць ў структуры БТ казаць не выпадае – тэлебачаньне ў Беларусі ня ёсьць самастойным. Хоць, як кажа Зімакоў, на самога Лукашэнку ў кулюарах людзі рэагуюць адэкватна.

(Зімакоў: ) “Калі чалавек заводзіць адну і тую ж “песьню”, людзі проста сьмяюцца. Стаялі розныя людзі – супрацоўнікі адміністрацыі, былі проста людзі, якія робяць тэлебачаньне – тэхнічныя супрацоўнікі, і раптам чую, гавораць: зноў адно і тое ж, нічога новага. Я запытаўся – можа нічога новага ён і ня можа сказаць, можа, так яно насамрэч? Ды не, кажуць, проста ўсё вельмі неканструктыўна”.

І яшчэ аднаму патэнцыйнаму расейскаму тэлегледачу я датэлефанаваўся. Гэта – праваабаронца Сяргей Кавалёў, які пра падзеі ў Беларусі адназначнага меркаваньня: ён перакананы, што ўнутраны цэнзар, які пасяліўся хіба ці ня ў кожным беларусу, наўпрост рэзануе на зьмест перадачаў, публікацыяў і г.д.

(Кавалёў: ) “Унутраны цэнзар нашмат больш эфэктыўны за любы дзяржаўны орган, за любы “Главлит”. Уладам вельмі важна было пабудзіць унутранага цэнзара савецкіх часоў, які на нейкі час ужо “заснуў”. Яго пабудзілі. І кажуць, што ўсё “ў парадку”. Зь іншага боку, паглядзіце – як разумна зроблена: тэлеканалы – вось галоўны аб’ект цэнзуры. Таму што 90% насельніцтва глядзіць “скрынку”, а не чытае газэты”.
XS
SM
MD
LG