Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Віцебскія прадпрымальнікі падтрымліваюць агульнабеларускі папераджальны страйк


Браніслава Станкевіч, Віцебск Паводле зьвестак лідэраў віцебскага прадпрымальніцкага прафсаюзу “Пэрспэктыва”, намер спыніць сваю працу на знак пратэсту супраць новага падатку на дабаўленую вартасьць выказалі 90 адсоткаў ад агульнай колькасьці прадпрымальнікаў ды рынкавых гандляроў. Як мяркуюць прадпрымальнікі далучыцца да агульнабеларускага страйку?

Амаль усе ранейшыя прадпрымальніцкія страйкі ў Віцебску праходзілі, як кажуць, “на працоўных” месцах: прадпрымальнікі выходзілі на гандлёвыя шэрагі кірмашоў, або стаялі каля зачыненых дзьвярэй сваіх шапікаў на крытых рынках. У часе мінулагодняй прадпрымальніцкай галадоўкі, на знак падтрымкі сваіх калегаў, прадпрымальнікі выходзілі на плошчу да аблвыканкаму.

А сёньня, як паведаміў намесьнік старшыні прафсаюзу прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” Барыс Элькін, удзельнікі страйку накіруюцца ў райвыканкамы – у адпаведныя аддзелы, дзе рэгіструюць прадпрымальнікаў.

(Элькін: ) “Страйк будзе праходзіць з тае нагоды, што істотна пагоршыліся ўмовы працы прадпрымальнікаў – з прычыны прынятага міжурадавага пагадненьня пра падатак на дабаўленую вартасьць. А гэта для прадпрымальніка значыць – зачыняйся, кладзіся ды памірай. І таму людзі пойдуць да райвыканкамаў, дзе яны рэгістраваліся, з адпаведнымі заявамі пра тое, што ў выпадку, калі гэтыя падаткі не скасуюць, яны з сакавіка адмаўляюцца працаваць прадпрымальнікамі і плаціць грошы ў дзяржаўны бюджэт. Таму што ў гэтых умовах працаваць проста немагчыма”.

А старшыня прафсаюзнай арганізацыі Анатоль Шапавалаў сказаў, што ў страйку маюць узяць удзел каля 90 адсоткаў прадпрымальнікаў. Таму ён зьвяртаўся ў адпаведныя структуры райвыканкамаў, каб там стварылі ўмовы для прыёму грамадзянаў – каб не было чэргаў, спрэчак, і г.д. Бо кожны з тых, хто мяркуе падаць заяву, спадзяецца атрымаць ад уладаў адказ на свае прэтэнзіі, і не пазьней як у двухтыднёвы тэрмін, прадугледжаны заканадаўствам.

Як вядома, на Віцебшчыне ў мінулым месяцы адбыўся першы судовы працэс над прадпрымальнікам, якога прыцягнулі да крымінальнай адказнасьці за нявыплату ўнёскаў у Фонд сацыяльнае абароны. Ці няма ў віцебскіх прадпрымальнікаў адчуваньня небясьпекі з прычыны таго, што ў гэтым рэгіёне ўлады ставяцца да іх дужа неабыякава?

Тое, што ўлады і праваахоўныя арганы таксама рыхтаваліся да сёньняшняга страйку, ні ў кога з прадпрымальнікаў не выклікае сумневу. Да прыкладу, прадпрымальнікі са Смаленскага кірмашу распавядалі, што нават іхны прафсаюзны сход заўчора праходзіў пад пільным назіраньнем міліцыянтаў.

А што да выпадку з аршанскім прадпрымальнікам Яўгенам Бурымскім, якому за нявыплату ўнёскаў прысудзілі вялікі грашовы штраф, то ўсе прадпрымальнікі ўсьведамляюць, што лёгка маглі б апынуцца на ягоным месцы, бо сыстэма падаткаў недастаткова ўрэгуляваная. Таму яны мяркуюць, што лепей дасягнуць нейкага пагадненьня з уладамі, дзеля чаго і зьбіраюцца ўзяць удзел у сёньняшнім страйку.
XS
SM
MD
LG