Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пінскія гандляры падтрымалі страйк


Алег Супрунюк, Пінск У адрозьненьне ад сваіх калегаў зь іншых гарадоў Беларусі, пінскія прадпрымальнікі пачалі страйк яшчэ 1 лютага. Усе гэтыя дні ў горадзе не працавалі цэнтральны рынак і ягоная філія – кірмаш “Зорны”. Чаму ў Пінску прадпрымальнікі вырашылі пачаць страйк яшчэ дзесяць дзён таму, і ці адрозьніваюцца іхнія патрабаваньні ад тых, што будуць вылучаныя сёньня ў часе агульнанацыянальнай акцыі?

Рашэньне пачаць страйк пінскія гандляры прынялі на адмысловым сходзе напрыканцы студзеня. Ужо тады былі агучаныя і асноўныя прычыны, што прымусілі прадпрымальнікаў такім спосабам нагадаць пра сябе.

Самая галоўная прычына – новыя правілы спагнаньня падатку на дададзеную вартасьць у гандлі з Расеяй. Ужо цягам студзеня прадпрымальнікі адчулі, што дзяржаўныя арганізацыі ў абедзьвюх краінах не падрыхтаваныя да гэтых пераменаў, і ў выніку пастаўкі тавару з Расеі альбо спыніліся, альбо адбываюцца паводле новых коштаў. Нездарма галоўны лёзунг страйку пінскіх гандляроў – “Мы ня хочам падвышаць цэны”.

Але акрамя гэтай праблемы прадпрымальнікі гораду ўзгадваюць і іншыя, зьвязаныя зь неабходнасьцю абавязкова пералічваць грошы ў фонд сацыяльнай абароны і вельмі складанай працэдурай атрыманьня пасьведчаньняў аб гігіенічнай рэгістрацыі тавару. Усё гэта і прывяло да таго, што большасьць гандляроў у Пінску вырашылі не аплочваць фіксаваны падатак у гэтым месяцы і зь 1 лютага спыніць сваю працу.

Наколькі арганізавана адбываецца страйк прадпрымальнікаў у Пінску і як рэагуюць мясцовыя ўлады на гэтую акцыю? Да страйку далучыліся гандляры самага буйнога цэнтральнага рынку гораду, а таксама тыя зь іх, што маюць гандлёвыя месцы ў ягонай філіі – кірмашы “Зорны”. Пакуль у горадзе ў гэтыя дні лютага працуе толькі рынак “Сонечны”, які зьявіўся адносна нядаўна паводле ініцыятывы мясцовага гарвыканкаму. А што да рэакцыі пінскіх уладаў на страйк, дык паводле кіраўніка гарадзкой прафсаюзнай арганізацыі прадпрымальнікаў Сяргея Касьцюковіча, яна досыць нэрвовая.

(Касьцюковіч: ) “Кожнай раніцай мы зьбіраемся на цэнтральным рынку альбо на ягоным філіяле, дзе абмяркоўваем пытаньні нашых дзеяньняў. Але апошнія чатыры дні пачаўся ціск на актыў (у прыватнасьці, на мяне) з боку ўладаў, праваахоўных органаў і дырэктара рынку. Варта адзначыць, што і прадпрымальнікі рынку “Сонечны” у дзень агульнарэспубліканскай акцыі 10 лютага вырашылі нас падтрымаць. А апошні сход прадпрымальнікаў у аўторак пацьвердзіў рашучасьць адстойваць свае правы да перамогі”.

Варта таксама дадаць, што ў часе прадпрымальніцкага страйку ў Пінск прыехаў намесьнік міністра падаткаў і збораў Дарашэнка, каб патлумачыць асаблівасьці спагнаньня падатку на даданую вартасьць з гандляроў, што працуюць на рынках. Цікава, што найбольш актыўных страйкоўцаў на гэтую сустрэчу не запрасілі, а тыя, хто браў у ёй удзел, засталіся вельмі расчараванымі. Прадстаўнік падатковага ведамства фактычна пацьвердзіў, што новыя правілы спагнаньня падатку на даданую вартасьць прывядуць да падвышэньня кошту тавараў, завезеных з Расеі. Таму словы спадара Касьцюковіча пра тое, што прадпрымальнікі гатовыя адстойваць свае правы да перамогі, могуць сьведчыць пра намер пінскіх гандляроў працягваць страйк і пасьля 10 лютага.
XS
SM
MD
LG