Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Футбол: Польшча - Беларусь 1:3 (абноўлены)


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава 9 лютага ў Польшчы, у мястэчку Гродзіск Велькапольскі каля Познані, прайшоў таварыскі футбольны матч паміж нацыянальнымі дружынамі Польшчы і Беларусь.

Зборная Беларусі перамагла польскую каманду зь лікам 3:1.

У беларусаў галы забілі Аляксандар Глеб (8-я хвіліна), Вячаслаў Глеб (84-я хвіліна) і Андрэй Лаўрык (90+2-я хвіліна).

***

У Польшчы сёньня актыўна камэнтуюць учорашнюю паразу польскай футбольнай зборнай. Адзін з аглядальнікаў напісаў, што беларусам, у адрозьненьне ад палякаў, “мяч гуляць не перашкаджае”.

“Сілаў і жаданьня перамагчы палякам хапіла толькі на 30 хвілінаў у другой палове сустрэчы. Адзіны гол зборная Польшчы забіла толькі таму, што памыліліся госьці”, піша спартовы аглядальнік “Газэты Выборчай”.

Іншы камэнтатар адзначае, што беларусы ў Гродзіску Велькапольскім паказалі, што ўмеюць граць і маюць волю да перамогі, а Аляксандар Глеб пацьвердзіў, што невыпадкова грае ў адной з найлепшых камандаў нямецкай футбольнай лігі.

“Rzeczpospolita” ганіць абарону польскай зборнай, якую паводле колькасьці дзірак параўноўвае да сіта.

“Не магу зразумець, як гэта мы маглі дазволіць беларусам забіць два мячы ў самым канцы сустрэчы?”, паціскае плячыма трэнэр зборнай Польшчы Павал Янас.

У сваю чаргу, ягоны беларускі калега Анатоль Байдачны заявіў журналістам, што на ягоную думку гульня была адносна роўнай, але для беларускай зборнай гэтая перамога мае вялікае маральнае значэньне.

Між тым, як адзначае “Жыце Варшавы”, “сустрэча ня выклікала зацікаўленасьці ў беларусаў, бо сярод акрэдытаваных на гульню прадстаўнікоў мэдыяў не было ніводнага журналіста зь Беларусі”.
XS
SM
MD
LG