Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Каліфарнійскія псыхолягі распрацавалі 8 крокаў да больш шчасьлівага жыцьця


Сяргей Абламейка, Прага Новая перадача сэрыі “Навіны сучаснай мэдыцыны”.

Калі вы хочаце быць больш задаволеныя сваім жыцьцём, вы можаце скарыстацца з парадаў псыхоляга Каліфарнійскага ўнівэрсытэту Соні Любамірскі. Гэтыя парады ўгрунтаваныя на ўласных дасьледаваньнях доктаркі Любамірскі, а таксама на абагульненьні працаў яе калегаў. Тым, хто выканае гэтыя парады, часопіс “Time” гарантуе прынамсі часовае падвышэньне ўзроўню шчасьця і задаволенасьці жыцьцём.

Першае

Пачнеце лічыць свае блаславенствы. Добры спосаб зрабіць гэта – завесьці “кнігу падзякаў”, куды вы будзеце запісваць тры-пяць пунктаў, за якія вы можаце быць удзячныя лёсу. Гэта могуць быць самыя розныя рэчы – ад росквіту кветак у вашым палісадніку да першых крокаў вашага дзіцяці ці ўнука. Варта запісваць гэтыя пункты адзін раз у тыдзень, напрыклад, увечары ў нядзелю, і не забывацца тыя пункты мяняць. Галоўнае, знаходзіць кожны тыдзень нешта новае, за што вы можаце сказаць лёсу “дзякуй”.

Другое

Назавем яе дабрыня на практыцы. Важна рабіць добрыя ўчынкі як спантанна, без папярэдняй падрыхтоўкі, так і загадзя прадуманыя, напрыклад, раз на тыдзень аднесьці абед пажылому суседу, які застаўся без дагляду. Няважна, да каго вы праяўляеце дабрыню – да сяброў ці чужых людзей, важна, што добры ўчынак выклікае каскад станоўчых эмоцыяў, прымушае вас адчуваць сябе шчодрым. Добры ўчынак дае сэнс і адчуваньне сувязі зь іншымі людзьмі, ён, урэшце, прымушае вас болей усьміхацца – а гэта магутны імпульс для адчуваньня шчасьця.

Трэцяе

Трэба навучыцца смакаваць радасьці жыцьця. Паглядзіце на навакольны сьвет, на імгненьні задавальненьня і цудаў прыроды. Зьвярніце ўвагу на сьвежасьць суніцаў або на цеплыню сонечных промняў, калі вы нечакана выйдзеце з засені дрэваў. Некаторыя псыхолягі раяць узнаўляць у памяці карціны радасных момантаў вашага жыцьця у пэрыяды настраёвых перападаў або жыцьцёвых няўдачаў.

Чацьвёртае

Трэба дзякаваць сваім настаўнікам. Калі ў вашым жыцьці ёсьць нехта, каму вы можаце быць удзячныя за выхад зь нейкага цяжкага становішча або за нешта іншае, не чакайце спэцыяльнай нагоды для падзякі. Зрабеце гэта хутчэй і па магчымасьці асабіста.

Пятае

Вучыцеся дараваць. Пастарайцеся пазбыцца гневу пры дапамозе напісаньня ліста чалавеку, які вас пакрыўдзіў. Няздольнасьць дараваць зьвязана з пастаянным успамінам аб непрыемнай сытуацыі і развагамі аб магчымай помсьце. У той час, як дараваньне дазваляе вам ісьці далей.

Шостае

Інвэстуйце свой час і энэргію ў сяброў і сям’ю. Тое, дзе вы жывяце, колькі грошай зарабляеце, ваша прафэсія, пасада і нават вашае здароўе маюць наўзьдзіў маленькі ўплыў на вашу задаволенасьць жыцьцём. Сёньня навукоўцы адназначна сьцьвярджаюць, што асабістыя адносіны для гэтага – самы вялікі і значны фактар.

Сёмае

Дбайце аб сваім целе. Дастатковая колькасьць сну, фізычныя практыкаваньні і сьмех могуць здольныя значна палепшыць ваш настрой у бліжэйшай пэрспэктыве. Рэгулярныя заняткі спортам могуць даць вашаму жыцьцю больш задавальненьня.

Восьмае

Стварайце ўласную стратэгію перажываньня стрэсаў і бедаў. Ня трэба ўхіляцца ад цяжкіх часоў. У гэтым можа дапамагчы вера ў Бога, а могуць і некаторыя народныя перакананьні, якія заключаюцца ў ангельскіх ідыёмах “І гэта мінецца” або “Тое, што мяне не заб’е, зробіць мяне мацнейшым”.

***

А зараз парады амэрыканскай мэдычнай арганізацыі RealAge.

1. Не прымайце важных рашэньняў у часе, калі адчуваеце, што знаходзіцеся пад узьдзеяньнем стрэсу. Вядома, што невялікі стрэс нават дапамагае чалавеку быць заўсёды ў тонусе. Аднак, апошнія дасьледаваньні паказваюць, што нават маленькі стрэс здольны ўскладніць рашэньне нейкай задачы ці праблемы. Калі вы прымаеце нейкае важнае рашэньне, паспрабуйце спачатку зрабіць некалькі супакаяльных практыкаваньняў кшталту дыхальнае гімнастыкі або мэдытацыі. RealAge нагадвае, што клопат аб сваім эмацыйным стане можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 16 гадоў маладзейшым.

2. Зрабеце порцыю ежы сваім саюзьнікам у барацьбе за пахудзеньне. Падчас нядаўняга дасьледаваньня высьветлілася, што кантроль за порцыямі ежы зьяўляецца адным з найбольш эфэктыўных сродкаў кантролю вагі. Наразайце харчы як мага меншымі кавалкамі, ежце павольна і старайцеся спажываць багатыя на расьлінную клятчатку прадукты накшталт цэльнезерневага хлеба. Гэта дапаможа вам раней дасягнуць пачуцьця сытасьці і спажываць менш калёрыяў. Падтрыманьне вашай вагі ды індэксу масы цела на нармальным узроўні можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 6 гадоў маладзейшым.

3. Нядаўняе дасьледаваньне паказала, што чырвоны перац мае ў сваім складзе нашмат больш вітаміну С, чым перцы іншых колераў, напрыклад, зялёны. Тым часам вітамін С – важны антыаксыдант, які зьмяншае крывяны ціск і падвышае імунітэт чалавека. Апрача чырвонага перцы самыя багатыя на вітамін С крыніцы – гэта апэльсінавы сок і суніцы. RealAge прыпамінае, што калі вы будзеце пяць разоў на дзень есьці садавіну і гародніну, ваш рэальны біялягічны ўзрост стане на 5 гадоў маладзейшым.
XS
SM
MD
LG