Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна пасьля рэвалюцыі – расказваюць беларусы з Украіны


Ганна Сурмач, Прага Новая перадача сэрыі “Беларускае замежжа”. Удзельнікі: Валеры Саланец (Кіеў), Валеры Кушнірэнка (Херсон), Андрэй Барташ (Севастопаль). У нядаўняй “памаранчавай рэвалюцыі” ва Ўкраіне бралі ўдзел і беларусы, якія жывуць у гэтай краіне і ёсьць яе грамадзянамі. У праграме “Беларусы за мяжою” некаторыя зь іх распавядалі пра тыя падзеі. У чарговым выпуску праграмы вы ізноў сустрэнецеся з украінскімі беларусамі і зь іх дапамогаю даведаецеся пра тое, што зараз адбываецца ва Ўкраіне, ці назіраюцца зьмены ў розных рэгіёнах краіны пасьля перамогі на выбарах Віктара Юшчанкі.

Валеры Саланец з Кіева жыве ва Ўкраіне зь дзяцінства. Ягоныя бацькі родам са Старадароскага раёну Менскай вобласьці. Бацька быў вайскоўцам і ў 1958 годзе яго накіравалі служыць ва Ўкраіну, потым сям’я засталася жыць там настала. Валеры жыў напачатку ў Львове, а ў 1989 годзе пераехаў у Кіеў. Працуе зараз праграмістам, кіраўніком службы АСК (Аўтаматызаванай сыстэм кіраваньня) аднаго з прадпрыемстваў.

Ён ад пачатку далучыўся да тых, хто змагаўся за дэмакратычную Ўкраіну.

(Саланец: ) “Літаральна на другі дзень, калі пачалі зьбірацца на майдане Незалежнасьці, я прыйшоў туды. Юшчанка якраз выйшаў на майдан і перад народам прымаў прысягу. Мы пачалі сьпяваць гімн, зьнялі шапкі. Уздым быў неймаверны, нельга выказаць словамі. А потым кожны вечар пасьля працы я ехаў туды са сваімі супрацоўнікамі падтрымліваць людзей, перадавалі ў палатачны гарадок рэчы, ежу, грошы. Я адразу ж павязаў аранжавую павязку і да гэтага часу яе нашу. У мяне часам пытаюцца – чаму, бо рэвалюцыя ўжо перамагла, прэзыдэнт абраны. Я кажу, што гэта толькі першы крок”.

Цяпер, пасьля перамогі, які настрой у Кіеве, ці гатовыя людзі працягваць будаваць новае жыцьцё?

(Саланец: ) “Па-першае, настрой у людзей палепшыўся, гэта відавочна. Пакуль што многа чаго зьмяніцца не можа, але ідзе абнаўленьне мясцовых уладаў. Людзі настроеныя працаваць далей. Прыпыняцца ўжо нельга таму, што калі перапыніцца гэты працэс, то можа быць рэванш тых сілаў і гэта будзе горш, чым у Беларусі. Будзе горш, яны разваляць, расколюць краіну на дзьве, пачнецца грамадзянская вайна”.

Вы верыце, што дэмакратычныя працэсы ва Ўкраіне не перапыняцца?

(Саланец: ) “Я ўпэўнены. Я – аптыміст”.

Вы аптымістычна глядзіце на будучыню Ўкраіны. А на будучыню сваёй Бацькаўшчыны – Беларусі?

(Саланец: ) “Таксама. Таталітарныя рэжымы не могуць існаваць доўга, яны заўсёды развальваюцца. І для гэтага ёсьць узаемадапамога. Да нас прыяжджалі беларусы, я бачыў беларускія сьцягі на майдане. Тут у нас цяпер ёсьць шмат людзей, якія маглі б падзяліцца досьведам”.

Сп. Валеры, Вы нарадзіліся на Далёкім Усходзе, у Беларусі амаль не жылі і ўсё ж пачуваеце сябе беларусам, калі прыйшло гэтае адчуваньне?

(Саланец: ) К”алі я пачуў, што ў Беларусі ўвялі другую дзяржаўную мову – расейскую, гэта мяне вельмі занепакоіла. Я бачу, што нават ва Ўкраіне, дзе няма афіцыйна другой дзяржаўнай мовы, украінская мова ўсё роўна занядбаная. Я ўяўляю, што робіцца ў Беларусі. Баліць што? Што можа зьнікнуць нацыя, беларуская нацыя можа зьнікнуць, бо калі няма мовы, няма нацыі. У беларусаў ёсьць свая матрыца – беларуская, свой характар, у мове закладаюцца канкрэтныя характэрныя спэцыфічныя рысы, якія перадаюцца з пакаленьня ў пакаленьне”.

***

Валеры Кушнірэнка з Херсону паведаміў, што ў гэтым паўднёвым рэгіёне Ўкраіны жыве даволі шмат беларусаў. Ёсьць нават беларускае сяло. Аднак, на Херсоншчыне ніколі не існавала раней беларускага аб’яднаньня.

(Кушнірэнка: )”Так, не было. Такі вялікі рэгіён і так сталася, што да мяне ніхто не падумаў стварыць нейкае аб''яднаньне беларусаў. Беларусаў тут вельмі шмат. Я зараз поўнасьцю аддаю сябе грамадзкай працы сярод беларускай дыяспары. Стварыў Херсонскую абласную асацыяцыю беларусаў і Грамадзкі цэнтар беларускай культуры. Людзі вельмі цікавяцца, пытаюцца, чаму раней гэтага не было.

Мы спрабуем тут заняцца разьвіцьцём і прадстаўленьнем тут беларускай культуры, паказаць, што гэта асобны народ. Херсоншчына – гэта зьмешаны рэгіён, тут жывуць шмат нацыянальнасьцяў. Калі мы самі пра сябе не паклапоцімся, то пра нас ніхто не паклапоціцца”.

Валеры родам з Гарадзеншчыны, са Смаргонскага раёну.

Ён былы марак, вучыўся ў Астраханскай мараходнай вучэльні.

Ва Ўкраіне жыве ад 1993 году. Пасьля заканчэньня марской службы атрымаў адукацыю эканаміста і працуе ў гэтай галіне. Зьвесткі пра яго можна знайсьці ў кнізе “Хто ёсьць хто сярод херсонцаў”.

(Кушнірэнка: ) “Беларусь – гэта тая частка зямной кулі, дзе я нарадзіўся, дзе закапаная мая пупавіна. І для мяне важна, каб людзі, якія там жывуць, жылі добра. У мяне ўзьнікаюць часам праблемы, што ў нас на пячатцы арганізацыі, на блянку – старажытны герб Беларусі”.

Герб “Пагоня”?

(Кушнірэнка: ) “Так, так. Я вельмі люблю Беларусь”.

Сп. Валеры, як у вас праходзілі прэзыдэнцкія выбары, каго падтрымліваў Херсон?

(Кушнірэнка: ) “Херсонскі рэгіён быў падзелены 50 на 50”.

А ўлада за каго была?

(Кушнірэнка: ) “Улада была не за "памаранчавых". У нас, напрыклад, не пусьцілі Віктара Андрэевіча, калі была перадвыбарная кампанія, і ён павінен быў выступаць у мясцовым драматычным тэатры. Літаральна пару дзён пасьля таго, як Юшчанку не пусьцілі, тэатар атрымаў званьне акадэмічнага”.

А цяпер якая сытуацыя, як пачуваюцца тыя, хто так сябе паводзіў?

(Кушнірэнка: ) “Прыстасоўваюцца: "Мы ў душы былі "памаранчавымі" – кажуць”.

А людзі ў бальшыні хочуць, каб старая ўлада зьмянілася?

(Кушнірэнка: ) “Па вялікім рахунку, калі ўлічваць думкі людзей, то можна сказаць, што бальшыня хоча зьменаў, ад старога мы нічога добрага не чакаем”.

***

А зараз пагаворым з прадстаўніком аднаго з найбольш праблемных рэгіёнаў Украіны.

Андрэй Барташ зь Севастопалю нарадзіўся ў сям’і беларуса Валеры Барташа, які цяпер узначальвае беларускую суполку ў гэтым горадзе.

Бацька і сын, абодва юрысты па прафэсіі, прынялі самы актыўны ўдзел у выбарчай кампаніі ў падтрымку Віктара Юшчанкі.

Сп. Андрэй, якая зараз сытуацыя ў Севастопалі, дзе, як вядома, падтрымку на выбарах атрымаў Януковіч, як успрымаецца перамога Юшчанкі?

(Барташ: ) “Першыя дні сытуацыя ў Севастопалі была адносна спакойнай. Але цяпер кіраўніцтва гораду і ўсе, хто прымаў удзел у фальсыфікацыі выбараў у першым туры, рыхтуюцца да рэваншу. Зараз у Севастопалі ўведзена надзвычайнае становішча распараджэньнем кіраўніка ўлады горада. У самых густанаселеных раёнах – Гагарынскім і Ленінскім адсутнічае ацяпленьне і гарачая вада. Прэм’ер-міністар Юлія Цімашэнка падпісала распараджэньне забясьпечыць Севастопаль газам, але, яно, фактычна, не выконваецца мясцовымі ўладамі. У выніку, амаль 120 тысяч чалавек замярзаюць.

Зараз шэраг прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацый Севастопаля падпісалі зварот да прэзыдэнта Віктара Юшчанкі з патрабаваньнем прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці тых чыноўнікаў, якія прымалі непасрэдны ўдзел у фальсыфікацыі выбараў. Я таксама падпісаў гэты зварот, як старшыня тэрытарыяльнай выбарчай камісіі 224-й акругі.

Многія севастопальскія чыноўнікі выношваюць пляны застацца на сваіх месцах. Яны выступаюць з ультыматыўнымі заявамі, што калі ў Севастопалі пачнецца рэзкая зьмена ўлады, то ў горадзе наступіць хаос. Гэта тое, што нас больш за ўсё насьцярожвае”.

Вы сказалі пра ўлады, а насельніцтва Севастопаля, якія настроі ў горадзе?

(Барташ: ) “Жыхары Севастопаля, незалежна ад таго, за каго яны галасавалі, зараз усе хочуць толькі аднаго, каб да ўлады ў горадзе прыйшлі новыя людзі. І калі гэтага не зрабіць, то тыя высілкі, якія мы прыклалі пад час выбараў, каб перамог Юшчанка, будуць марнымі і тыя станоўчыя зьмены, якія ўжо адчуваюцца ў іншых месцах Украіны, у Севастопалі не адбудуцца.

Размова ідзе пра рэванш. Ёсьць нават факты расправы. Напрыклад, нядаўна прадстаўнік органаў юстыцыі аддаў загад аб дэмантажы і рамонце памяшканьня адвакацкага аб''яднаньня, сябры якога падтрымлівалі Віктара Юшчанку. Улады не хаваюць таго, што высяленьне адвакатаў з памяшканьня не было б, калі б яны не падтрымлівалі Юшчанку. Гэта абсалютная яўная расправа.

Трэба адзначыць таксама, што зараз у горадзе арганізуецца дэзынфармацыя насельніцтва пра тыя рашэньні і распараджэньні, якія аддаюцца новым прэзыдэнтам Віктарам Юшчанкам. Зьяўляюцца спэкуляцыі на тэму, напрыклад, таго, што горад будзе адданы нацыяналістам, што Юшчанка будзе ажыцьцяўляць прымусовую ўкраінізацыю. Ідзе татальнае запалохваньне насельніцтва для таго, каб справакаваць людзей на акцыі грамадзянскага непадпарадкаваньня і давесьці справу да дэстабілізацыі сытуацыі ў Севастопалі і ў Крыме. Севастопаль зараз ёсьць адным з самых карумпіраваных гарадоў Украіны. Ён стаў такім дзякуючы кіраўніцтву горада. Яно проста зжыла сябе і кожны нармальны грамадзянін у Севастопалі хоча цяпер толькі аднаго, каб новая ўлада памяняла гэтае кіраўніцтва. Бяз гэтага мы нічога не даб''емся”.

Ці робіцца нешта ў гэтым накірунку з боку Кіева?

(Барташ: ) “Наш зварот накіраваны на тое, каб прыцягнуць увагу кіраўніцтва краіны і ў першую чаргу прэзыдэнта, да тых праблемаў, якія ёсьць у горадзе. Патрэбныя тэрміновыя меры. Улічваючы асаблівае становішча Севастопаля, наяўнасьць тут Чарнаморскага расейскага флёту, у іншым выпадку тут проста адбудзецца дэстабілізацыя становішча і Ўкраіна можа рэальна страціць Севастопаль”.

Сп. Андрэй, Вы і ўся Ваша сям’я ўдзельнічалі ў працы выбарчых структураў, якія падтрымлівалі Юшчанку, у сувязі з гэтым Вы асабіста не маеце зараз праблемаў?

(Барташ: ) “Падчас перадвыбарчай кампаніі мяне неаднаразова дапытвалі работнікі міліцыі, пракуратуры. Зараз у мяне ёсьць цяжкасьці ў сувязі зь перадачаю маёмасьці, бо я, як старшыня выбарчай камісіі, павінен перадаць на балянс мясцовага савету маёмасьць камісіі, якую яна атрымала для карыстаньня падчас выбараў. У мяне складаецца ўражаньне, што некаторыя чыноўнікі спэцыяльна зрываюць гэтую справу, каб потым абвінаваціць нас у тым, што мы не здольныя нармальна арганізаваць працу”.
XS
SM
MD
LG