Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зьяўляецца прысуд Галіне Жураўковай і ейным суўдзельнікам перамогай правасудзьдзя?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 8 лютага) Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: старшыня праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі і філёзаф Аляксандар Грыцанаў.

(Валер Карбалевіч: ) “Гучныя судовыя працэсы зьяўляюцца важнымі прыкметамі грамадзка-палітычнага жыцьця Беларусі, сталі палітычнымі падзеямі. Як у любой недэмакратычнай краіне, па тым, каго чарговы раз судзяць, экспэрты ацэньваюць новыя акцэнты дзяржаўнай палітыкі, суадносіны сілаў у барацьбе кланаў, вызначаюць тых, хто выглядае найбольш небясьпечным на думку кіраўніка дзяржавы.

Арышт, затым суд над былой кіраўніцай справаў прэзыдэнта Галінай Жураўковай і ейнымі падначаленымі з самага пачатку выглядаў скандальным. Таму што ейная былая пасада — вельмі ўплывовая. Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта — закрытая галіна эканомікі, своеасаблівая дзяржава ў дзяржаве. Падчас кіраваньня Жураўковай гэтая структура ажыцьцяўляла экспансію ў найбольш прыбытковыя сфэры эканомікі. Найперш, давайце паспрабуем ацаніць юрыдычны бок справы. Хоць пытаньне вельмі суб’ектыўнае — але наколькі прысуд адпавядае зьдзейсьненым злачынствам, пра якія можна меркаваць па судовым паседжаньні?”

(Алесь Бяляцкі: ) “Хачу нагадаць, што Жураўкова асуджаная па артыкуле 210, частка 4. Ён прадугледжвае пакараньне за крадзеж шляхам злоўжываньняў службовымі паўнамоцтвамі ў асабліва буйных памерах. Гэты артыкул мяркуе ад 8 да 15 гадоў пакараньня. Тым ня менш, Жураўкова атрымала ніжэй за ніжнюю мяжу — 4 гады зьняволеньня. Прысуд дастаткова мяккі для такога злачынства. Таму што размова ідзе не пра скрадзеную гусь ці мех бульбы (такія справы дастаткова часта разглядаюць нашыя суды). Гаворка ідзе пра мільёны даляраў, скрадзеных у дзяржавы”.

(Аляксандар Грыцанаў: ) “Па-першае, гэта звычайны тэрмін у справе такога кшталту. Цяпер усе дзяржаўныя чыноўнікі павінны рыхтавацца да падобных справаў і падобных прысудаў. Адносна мяккі прысуд па гэтым артыкуле тлумачыцца тым, што Жураўкова часткова кампэнсавала страты, якія яна нанесла дзяржаве. Таму яна і атрымала толькі 4 гады замест 6 альбо 8 гадоў, якія маглі быць”.

(Карбалевіч: ) “Вядома, што ў такіх гучных судовых справах, якія прыцягваюць увагу грамадзкасьці, прысуд мае ня столькі прававы, колькі палітычны характар. Чаму, адным людзям (напрыклад, прадпрымальніку Андрэю Клімаву, былому міністру сельскай гаспадаркі Васілю Лявонаву, былому дырэктару МТЗ Міхаілу Лявонаву) далі некалькі гадоў турмы, а іншых вядомых гаспадарнікаў (напрыклад, дырэктара “Атлянту” Калугіна, начальніка Беларускай чыгункі Рахманька) адпусьцілі з-пад варты? Ці ёсьць тут нейкая лёгіка — не юрыдычная, а палітычная?”

(Бяляцкі: ) “Безмоўна, палітычны бок у шэрагу названых вамі справаў прысутнічаў. Пакараньні былому міністру сельскай гаспадаркі Лявонаву ці былому старшыні калгаса “Расьсьвет” Старавойтаву, іншым вядомым людзям непасрэдна зьвязаныя зь іхнай грамадзянскай пазыцыяй, з бачаньнем імі палітычнай сытуацыі. Тое, што іхныя справы, адрозна ад іншых справаў, скончыліся турмою, можна трактаваць па-рознаму. Гэтыя асобы аказаліся больш небясьпечнымі для кіраўніка дзяржавы. Іншыя кіраўнікі, якія апынуліся пад судом, такой небясьпекі не ўяўлялі, што і вырашыла іхны лёс.

Зь іншага боку, такія гучныя працэсы, зьвязаныя са злоўжываньнямі буйных чыноўнікаў, ня маюць ніякага асьвятленьня ў афіцыйных СМІ. Дастаткова паглядзець, як там асьвятлялася справа Жураўковай, і параўнаць зь іншымі справамі, напрыклад, той жа справай Васіля Лявонава, каб зразумець, што такія суды выкарыстоўваюцца рэжымам для стварэньня атмасфэры страху сярод пэўных катэгорыяў насельніцтва.

Працэс над Жураўковай паказальны. Ён сыгналізуе ўсім чыноўнікам, што ніхто ня можа жыць спакойна і не баяцца прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці, якую б пасаду ён ні займаў і якія б індульгэнцыі ён ні атрымаў. Таму што ёсьць сумненьне, што Жураўкова рабіла махінацыі, не атрымаўшы індульгенцыі ад свайго непасрэднага начальства”.

(Грыцанаў: ) “Я бачу тут іншы аспэкт. Ёсьць “свае”, ёсьць “не свае”. Жураўкова была “сваёй”. Яна нешта адабрала ў нейкіх вельмі ўплывовых дзеячаў ці структураў. І гэтыя апошнія ёй адпомсьцілі. У яе дзеяньнях не было ніякай апазыцыйнасьці, яна была вельмі ляяльная да рэжыму і асабіста да кіраўніка дзяржавы. Таму зь ёй разьлічыліся па мінімуме. Іншая справа, калі нейкі чыноўнік, які меў грахі, трапіўшы пад суд, заяўляў пра сваю апазыцыйнасьць рэжыму. У такім разе чалавек атрымліваў вялікі тэрмін зьняволеньня, як, напрыклад, Клімаў ці Лявонаў.

Існуе яшчэ барацьба кланаў, змаганьне за важныя дзяржаўныя пасады. У Шклоўскай папраўчай калёніі я асабіста сустракаўся з асуджаным былым намесьнікам старшыні Аршанскага гарвыканкаму, з былым камэрцыйным дырэктарам магілёўскага “Хімвалакна”. І, згодна зь іхнымі меркаваньнямі, яны апынуліся там з той прычыны, што займаныя імі пасады былі патрэбныя іншым людзям. І таму ім прысуды былі вельмі жорсткія”.

(Бяляцкі: ) “У гэтай сытуацыі, цяжка знайсьці “лепшых” і горшых”. Экспэрты сьцьвярджаюць, што ў краіне склаўся такі гаспадарчы мэханізм, які вымушае кіраўнікоў парушаць законы, інструкцыі і іншае. І такая сыстэма выгадная кіраўніцтву краіны, якое можа на выбар браць любога кіраўніка любога прадпрыемства, знайсьці на яго кампрамат і пасадзіць у турму. Хутчэй за ўсё, Жураўкова зьяўляецца ахвярай унутраных разборак у кіраўніцтве краіны. Каму яна не дагадзіла, можна толькі здагадвацца. Але іншых прычынаў ейнай няміласьці няма. Таму што ейная праца доўгі час задавальняла Лукашэнку. Яна добра выконвала свае абавязкі і ўсе ягоныя даручэньні”.

(Карбалевіч: ) “Сапраўды, улады імкнуліся, каб гэтая справа мела як мага меншы розгалас. Хачу нагадаць, што іншы гучны судовы працэс над Рыбаковым, які праходзіць паралельна, закрыты, на яго не дапускаюцца прадстаўнікі СМІ. Калі казаць пра палітычны аспэкт такіх гучных працэсаў, то, натуральна, напрошваецца аналёгія зь нядаўнім судом над Міхаілам Марынічам, якому за шэсьць нібыта скрадзеных кампутараў прысудзілі 5 гадоў зьняволеньня, а Жураўковай, якая скрала каля трох мільёнаў даляраў, прысудзілі толькі 4 гады. Як вы можаце гэта пракамэнтаваць?”

(Бяляцкі: ) “Суд над Марынічам быў этапным у нашай судовай сыстэме. Таму што ўпершыню так адкрыта і непрыхавана мы ўбачылі, што суду ў нас практычна і няма. Марыніча абвінавацілі ў крадзяжы, хоць не знайшлося боку, які прад’явіў бы прэтэнзіі. Тым ня менш, яго судзілі па артыкуле, падобным на той, па якім судзілі Жураўкову. Гэта азначае, што сёньня любога грамадзяніна Беларусі могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці без прычынаў. Гэта канец судовай сыстэмы.

Таму ў гэтых двух працэсаў ёсьць прынцыповая розьніца. Сёньня асудзілі “сваю”. А падчас суду над Марынічам судзілі ворага, палітычнага апанэнта. Таму там выкарыстоўваліся любыя брудныя прыёмы, каб выключыць яго з палітычнага жыцьця.

Ці будзе доўга сядзець Жураўкова? Вядома, што празь некалькі месяцаў у нас будзе амністыя. Людзі, якія маюць такія сувязі, звычайна доўга не затрымліваюцца ў месцах зьняволеньня”.

(Грыцанаў: ) “Суд над Марынічам — гэта было папярэджаньне ўсім астатнім, хто на волі, хто спадзяецца на іншую будучыню для Беларусі”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, галоўная выснова з справы Жураўковай і ейных падначаленых палягае ў тым, што ў вышэйшых колах улады існуе маштабная карупцыя, прычым крадуць мільёнамі даляраў”.
XS
SM
MD
LG