Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыя затрымала Менскага лідэра прадпрымальнікаў


Любоў Лунёва, Менск Лідэр грамадзкага аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка знаходзіцца ў міліцыі Партызанскага раёна. Супрацоўнікі міліцыі паведамілі, што яго абвінавачваюць у парушэньні грамадзкага парадку.

Анатоля Шумчанку абвінавачваюць у распаўсюдзе бюлетэня “Камэрсант” сярод прадпрымальнікаў на рынку “Ждановічы”. Яго затрымалі ў офісе. Гэта адбылося праз гадзіну пасьля паседжаньня ў Міністэрстве эканомікі, куды яго запрасілі, каб вырашыць некаторыя пытаньні.

Там лідэр прадпрымальнікаў спыніў размову з чыноўнікамі, калі высьветлілася, што яны не ўпаўнаважаныя самастойна прымаць рашэньні.

Пакуль міліцыянты складалі адміністрацыйны пратакол, на ганку Партызанскага РУУС сабраліся каля трох дзесяткаў чалавек. Супрацоўнікі міліцыі не давалі ніякай інфармацыі наконт таго, дзе знаходзіцца Анатоль і ў чым яго абвінавачваюць. Сам ён падчас затрыманьня пасьпеў патэлефанаваць сваім паплечнікам і паведаміць, што яго падазраюць у зьдзяйсьненьні крымінальнага злачынства. Пасьля з пастарунку міліцыі ён пасьпеў зрабіць яшчэ адзін званок і паведаміць, што яго абвінавачваюць у дарожна-транспартным здарэньні.

На гэты момант вядома, што пратакол складзены паводле 167 артыкулу часткі першай (парушэньні грамадзкага парадку падчас правядзеньня масавых мерапрыемстваў). Хутчэй за ўсё, ноч Анатоль Шумчанка правядзе ў спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна. Заўтра, 10 лютага, яго будуць судзіць. Яму пагражае вялікі штраф, альбо арышт да 10 сутак.
XS
SM
MD
LG