Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менск прыбыў прадстаўнік АБСЭ ў пытаньнях свабоды СМІ


Валер Каліноўскі, Менск Сёньня ў Беларусь прыбыў прадстаўнік Арганізацыі па бясьпецы і супрацоўніцтву ў Эўропе ў пытаньнях свабоды сродкаў масавай інфармацыі Міклаш Харашці. У менскім аэрапорце прадстаўніка АБСЭ сустракаў наш карэспандэнт.

Спадар Харашці, які заняў пасаду прадстаўнік АБСЭ ў пытаньнях свабоды сродкаў масавай інфармацыі летась, хацеў адведаць Беларусь перад мінулагоднімі выбарамі і рэфэрэндумам, аднак беларускія улады адмовілі яму ў візе. Сёлета ж спадар Храрашці атрымаў запрашэньне непасрэдна ад МЗС Беларусі.

(Харашці: ) “Пасьля леташніх нязручнасьцяў цяпер візы былі атрыманыя ў першыя ж дні, і вось цяпер мы ў аэрапорце, накіроўваемся ў Менск і вельмі задаволеныя быць тут”.

Відаць, адзінай нязручнасьцю падарожжа спадара Харашці быў пачатак рамонту ў Нацыянальным аэрапорце беларускай сталіцы, які замінаў звычайнаму руху аўтатранспарту.

Міклаш Храрашці яшчэ сёньня плянуе сустрэцца з галоўнымі рэдактарамі незалежных беларускіх СМІ, заўтра – зь міністрам замежных справаў Сяргеем Мартынавым і міністрам сувязі і інфарматызацыі Ўладзімерам Ганчарэнкам.

Адбудуцца таксама ягоныя сустрэчы з прадстаўнікамі дзяржаўных СМІ і прадстаўнікамі няўрадавых арганізацыяў.

(Харашці: ) “Мэта візыту, каб згодна з запрашэньнем беларускага ураду пазнаёміцца агульнай сытуацыяў у мэдыйнай прасторы, з праблемамі, якія паўсталі перад СМІ ў гэтай краіне ў пляне адпаведнасьці іх стандартам свабоды і адкрытасьці ў адносінах да мас-мэдыя,– абавязацельствам, узятым на сябе усімі краінамі-сябрамі АБСЭ”.

Спадар Харашці паведаміў, што па выніках візыту ён падрыхтуе справаздачу для АБСЭ і міжнароднай грамадзкасьці аб сытуацыі са свабодай СМІ ў Беларусі.

Гаварыць пра магчымасьці паляпшэньня гэтай сытуацыі ў самым пачатку свайго візыту спадар Харвашці адмовіўся, зазначыўшы, што ў апошні дзень свайго знаходжаньня ў Менску падзеліцца уражаньнямі на адмысловай прэсавай канфэрэнцыі.

Міклаш Харашці за час свайго знаходжаньня на пасадзе прадстаўніка АБСЭ ў пытаньнях свабоды сродкаў масавай інфармацыі некалькі разоў крытыкаваў падзеі ў Беларусі, у прыватнасьці, закрыцьцё незалежных выданьняў і дэпартацыю ва Ўкраіну незалежнага журналіста Міхаіла Падаляка.
XS
SM
MD
LG