Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супраць кіраўніка ініцыятывы “Партнэрства” заведзеная адміністрацыйная справа


Валер Каліноўскі, Менск Узмацніўся ціск уладаў на актывістаў ініцыятывы “Партнэрства”, якая назірала за мінулагоднімі парлямэнцкімі выбарамі і рэфэрэндумам у Беларусі ды выбарамі прэзыдэнта Ўкраіны. Супраць чатырох сябраў аб’яднаньня і кіраўніка Міколы Астрэйкі міліцыя завяла адміністрацыйныя справы.

Сёньня кіраўнік грамадзкай ініцыятывы “Партнэрства” Мікалай Астрэйка быў выкліканы ў Цэнтральнае РУУС Менску. Паводле Кодэксу аб адміністратыўных правапарушэньнях яму было прад’яўленае абвінавачваньне ў дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

Спадара Астрэйку хутчэй за ўсё чакае штраф. Такія ж адміністрацыйныя справы заведзеныя яшчэ супраць трох актывістаў “Партнэрства” з Гомеля, Рэчыцы і Рагачова. “Партнэрства” арганізоўвала незалежнае назіраньне на леташніх выбарах і рэфэрэндуме. Сур’ёзныя праблемы ў арганізацыі пачаліся пасьля публікацыі іх выніковай справаздачы аб масавых парушэньнях пад час выбарчай кампаніі.

У сьнежні каля 70 актывістаў арганізацыі, якія накіроўваліся на выбары прэзыдэнта Ўкраіны ў якасьці міжнародных назіральнікаў, былі затрыманыя менскай міліцыяй. Зараз праваахоўныя органы маюць сьпіс актывістаў ініцыятывы і іх каардынаты.

Кіраўнік ініцыятывы “Партнэрства” Мікола Астрэйка лічыць, што ўлады дамагаюцца, каб ён і ягоныя калегі спынілі сваю дзейнасьць:

(Астрэйка: ) “Той перасьлед, які зараз ідзе супраць незалежных назіральнікаў, зьяўляецца часткай агульнага пляну нашай улады, накіраванага на тое, каб неяк зачысьціць усё палітычнае поле, выбарчае поле перад прэзыдэнцкімі выбарамі, якія, магчыма, будуць датэрмінова ўжо ў гэтым годзе”.

Паводле спадара Астрэйкі, найбольшы ціск ўладаў чыніцца на менскіх і гомельскіх актывістаў “Партнэрства”.

За апошнія месяцы прадстаўнікі праваахоўных органаў правялі ператрусы ў менскім і гомельскім офісах “Партнэрства”, канфіскавалі 10 тысячаў асобнікаў бюлетэня з інфармацыяй пра парушэньні ў часе выбараў і рэфэрэндуму.

Ініцыятыва “Партнэрства” сумесна з дэпутатамі Гомельскага гарсавета заплянавала на 12 лютага мітынгу, прысьвечанага праблемам жыльлёва-камунальнай гаспадаркі.
XS
SM
MD
LG