Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стваральнік авечкі Долі атрымаў дазвол на кланаваньне людзкіх зародкаў


Юрась Бушлякоў, Прага Брытанскі вучоны, адзін з стваральнікаў авечкі Долі Ян Уілмут атрымаў дазвол на кланаваньне людзкіх зародкаў. Брытанская Асацыяцыя апладненьня й эмбрыялёгіі чалавека дазволіла Ўілмуту кланаваць клеткі выключна для дасьледчых мэтаў. Сам вучоны падкрэсьлівае, што не зьбіраецца выкарыстоўваць дазволу на кланаваньне для стварэньня клонаў людзей.

Ян Уілмут супольна зь яшчэ двума калегамі хоча раскрыць прычыны невылечнага аміятрафічнага склерозу – хваробы маторных нэўронаў, якая вядзе да паралюшу цягліц. Цягліцы пры гэтай хваробе страчваюць кантакт з нэрвамі: зь не ўстаноўленых дасюль прычын цягліцы ног, рук, грудной клеткі перастаюць атрымліваць з мозгу інфармацыю, як і калі ўключацца. Як вынік, нэрвы паступова падлягаюць атрафіі, хворы перастае рухацца, есьці, а тады й дыхаць.

Паводле лёнданскай “Таймз”, у адной толькі Вялікабрытаніі на лятэральны аміятрафічны склероз хварэюць каля 5000 чалавек. Палова такіх хворых памірае на працягу двух гадоў пасьля таго, як ім ставяць дыягназ.

Прафэсар Уілмут спадзяецца нарэшце распрацаваць дзейсную мэтодыку лячэньня аміятрафічнага склерозу. Пры дапамозе тэрапэўтычнага кланаваньня маюць быць створаныя камлёвыя клеткі людзкіх эмбрыёнаў, генэтычна тоесныя клеткам людзей, хворых на аміятрафічны склероз. Пазьней з тых камлёвых клетак вучоныя створаць маторныя нэўроны – нэрвовыя клеткі, якія перадаюць цягліцам сыгналы галаўнога й сьпіннога мозгу. Уілмут з калегамі разьлічваюць параўнаць гэтыя нэўроны з здаровымі нэўронамі і такім спосабам выявіць, як, зь якіх прычын узьнікае аміятрафічны склероз.

Брытанскі дазвол на тэрапэўтычнае кланаваньне выклікаў буру палярных водгукаў. “Гэта стварэньне й забойства чалавека”, – цытуе польская “Газэта выборча” Патрыка Кэсварта, прадстаўніка міжнароднай арганізацыі “Лайф”. “Брава для брытанцаў”, – усклікае ў інтэрвію газэце “Вашынгтон Поўст” Робэрт Ланза, віцэ-прэзыдэнт амэрыканскай кампаніі “Сучасная клеткавыя тэхналёгіі”.

Прафэсар Уілмут тым часам гаворыць, што ягоная навуковая група ня мае намеру ствараць чалавека-клона. “Мы не дамо эмбрыёнам разьвівацца больш як 14 дзён. Пасьля дасьледаваньня ўсе кланаваныя клеткі будуць зьнішчаныя”, – заявіў на прэсавай канфэрэнцыі Ян Уілмут.
XS
SM
MD
LG