Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Немцы ўспамінаюць пра беларускіх “остарбайтэраў” часоў Другой усясьветнай вайны


Ул. інф. У Нямеччыне распачаліся імпрэзы, прысьвечаныя 60-й гадавіне вызваленьня Эўропы ад фашызму. Пра лёс замежных ахвяраў нацызму распавядаюць выставы, якія адчыніліся ў шэрагу нямецкіх гарадоў ды новыя мэмарыяльныя знакі на ваенных могілках. Словы “Беларусь, беларус, беларуска” можна пачуць і ўбачыць вельмі часта.

Мэмарыяльная пліта, якая мусіла зьявіцца гэтымі днямі на могілках Зульцгрыс пад Эсьлінгенам, пакуль, так і не зьявілася. Сябры мясцовага таварыства “Захад-Усход”, арганізацыі “Мэмарыял”, некаторыя шараговыя грамадзяне нязгодныя з тымі словамі, якія выбітыя на пліце: “Тут пахаваныя 29 дзяцей прымусовых рабочых зь Беларусі, Украіны, Расеі, 10 хлопчыкаў і 19 дзяўчынак. Яны нарадзіліся і памерлі ў час паміж 1939 і 1945 гадамі”.

75-гадовая пэнсіянэрка Лоці Шнайдэр, сям’я якой усе пасьляваенныя гады спрабавала адшукаць беларуску Марыю кажа: “Гэты тэкст на пліце вельмі фармальны і не дае ніякага ўяўленьня пра тыя пакуты, якія напаткалі гэтых дзяцей, а таксама іхных ня менш няшчасных маці”.

У часе вайны ў доме бацькоў Лоці некаторы час жыла 15-гадовая Марыя зь Беларусі. Затым яе перавялі ў адзін зь лягераў для прымусовых рабочых, якіх у гэтай мясцовасьці было некалькі. Бацькі Лоці –сяляне ня вельмі хацелі разьвітвацца зь дзяўчынай, але зрабіць нічога не маглі. Аднак па магчымасьці ўсё ж імкнуліся падтрымліваць кантакт.

“Маладосьць, яна і ў няволі маладосьць”, – працягвае спадарыня Шнайдэр. Праз год у Марыі зьявіўся сябар – 18-гадовы паляк Марэк. Дзяўчына заўважыла цяжарнасьць, калі было запозна штосьці рабіць. Дарэчы, вельмі кароткі час у Нямеччыне, да канца 1942 году, дзейнічала правіла, якое дазваляла такіх жанчын раней вызваляць з працы. Што да дзяцей, якіх у лягерах нараджалася нямала, то іх у маці адбіралі адразу пасьля нараджэньня. Маці, па сутнасьці, так і ня бачылі сваіх немаўлятак.

“Ня выключана, што на гэтых могілках пахаванае і дзіцё нашае Марыі”, –працягвае немка. Паводле яе словаў, Марыю дэпартавалі на радзіму ў 1945. Шматлікія спробы нямецкай сям’і ашукаць яе нічога не далі.

Паводле Крысьціяна Ратмэра, маладога нямецкага гісторыка і арганізатара выставы, прысьвечанай лёсу остарбайтэраў і дзеючай ў адным з музэяў паўночнанямецкага Любэка, у гады другой усясьветнай у Нямеччыне не было ніводнага населенага пункту, дзе б не працавалі ваеннапалонныя альбо замежныя цывільныя грамадзяне. Адно толькі ў Любэку такіх лягераў было звыш за 100. У гэтым горадзе і дагэтуль захавалася нямала прадпрыемстваў: “Lufthansa”, “IG-Farbenindustrie”, “Drogenwerk”, “Schwartauer Werke” ды іншыя, якія ў часы вайны выкарыстоўвалі працу рабочых зь Беларусі, Украіны, Расеі, іншых краінаў Усходняй Эўропы.
XS
SM
MD
LG