Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За збор сродкаў на “аранжавую рэвалюцыю” Аксану Новікаву абвінавацілі ў жабраваньні


Любоў Лунёва, Менск Адміністрацыйная камісія Фрунзенскага райвыканкаму Менску пачала разгляд адміністрацыйнай справы Аксаны Новікавай. Яе абвінавачваюць у парушэньні грамадзкага парадку, а дакладней — у жабраваньні. Упершыню збор сродкаў на палітычную акцыю ўлады кваліфікавалі такім чынам.

Аксану Новікаву раней двойчы судзілі за паклёп на Аляксандра Лукашэнку. Першы раз у 2003 годзе пакаралі на два гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня. Другі летась — двума гадамі абмежаваньня волі. Але прысуд дагэтуль не ўступіў у законную сілу.

Аксана Новікава прыйшла на паседжаньне адміністрацыйнай камісіі разам з журналістамі. Усе чакалі сябраў камісіі ў маленькім пакойчыку. Туды прыйшлі яшчэ каля двух дзясяткаў чалавек, якіх выклікалі для разгляду пратаколаў за розныя парушэньні. У суседні пакой адчынілі дзьверы, і туды зайшлі тры жанчыны і мужчына. Высьветлілася, што гэта сябры камісіі.

Яны выклікалі Аксану першай і адразу запатрабавалі, каб журналісты не прысутнічалі на паседжаньні. Але інцыдэнт быў вычарпаны пасьля таго, як журналісты спаслаліся на Закон аб друку.

Аксана прынесла з сабой скрыню з аранжавай стужкай. Нагадаем, напрыканцы студзеня Аксана Новікава хадзіла па менскіх вуліцах і тлумачыла мінакам, што зьбірае грошы на беларускую “аранжавую рэвалюцыю”. Некаторыя падыходзілі й давалі грошы. Міліцыянты, якія яе затрымалі, склалі пратакол за жабраваньне. Аксана Новікава заявіла Радыё Свабода, што зьбірала сродкі з прапагандысцкай мэтай:

(Новікава: ) “Аранжавая рэвалюцыя ва Ўкраіне падштурхнула мяне да збору сродкаў на рэвалюцыю ў Беларусі. Я зьбірала сродкі — хто колькі можа. Тлумачыла людзям, што ўсе гэтыя сродкі пойдуць на арганізацыю рэвалюцыі ў Беларусі. Але гэта мае вялікае прапагандысцкае значэньне. Людзі бачаць, што рэвалюцыя ў нас ня толькі плянуецца, але ўжо і рыхтуецца. Яна непазьбежная”.

Аксана заўважыла, што міліцыянты не складаюць пратаколаў на людзей у падземных пераходах, якія зьбіраюць ахвяраваньні на будаўніцтва праваслаўных цэркваў. Адміністрацыйная камісія паводле пратаколу магла пакараць Аксану штрафам ад паловы да трох мінімальных заробкаў. Але праваабаронца паведаміла, што рашэньне камісіі будзе неправамоцнае, бо з 11 сябраў прысутнічаюць толькі 4. Паседжаньне вымушаны былі перанесьці на іншы тэрмін. Аксана Новікава выйшла да людзей і паведаміла, што рашэньні камісіі будуць незаконнымі. Некалькі чалавек адразу сышлі.

(Новікава: ) “Сёньня на адміністрацыйную камісію прыйшло шмат народу за розныя дробныя парушэньні — устаноўка дзьвярэй не таго памеру. Самі ж сябры адміністрацыйнай камісіі ня лічаць абавязковым прыходзіць на паседжаньні. Вельмі абурае такая недысцыплінаванасьць зь іх боку”.

Наступнае паседжаньне камісіі адбудзецца напрыканцы лютага.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG