Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валянціну Тарасу — 75


Валянціна Аксак, Менск Паэт, публіцыст, кінадраматург, намесьнік старшыні Беларускага ПЭН-цэнтру Валянцін Тарас сьвяткуе 75-гадовы юбілей. За сваё доўгае жыцьцё ён меў шмат шчасьлівых дзён, але самая галоўная мара юбіляра ўсё яшчэ нязьдзейсьненая.

Валянцін Тарас лічыць сябе шчасьлівым чалавекам, нягледзячы на раньнюю страту маці, заўчасную вестку пра гібель бацькі, ваенны голад і перасьлед савецкіх уладаў ад канца 1960-х за гэтак званае дысыдэнцтва, якое плаўна перайшло ў перасьлед уладаў цяперашніх — за адраджэнцтва.

(Тарас: ) “Адзін з самых шчасьлівых дзён — гэта 3 ліпеня, калі я вярнуўся зь лесу ў Менск; другі — калі я сустрэўся з бацькам, пра якога я думаў, што ён забіты; і трэці — калі я знайшоў сваю сястру празь сямнаццаць гадоў пасьля вайны. Я магу сказаць, што безьліч шчасьлівых дзён, таму што ў мяне, дзякуй Богу, шмат сяброў, выдатных сяброў. Асабліва цяпер, калі я ўжо зусім стары чалавек, дык для мяне кожны дзень — шчасьлівы, калі я сустракаюся з тым, хто мне дарагі, каго я люблю”.

Карэнны мянчук, у чыіх жылах цячэ сумясь крыві ці ня ўсіх нацыяў, зь якіх колісь складалася жыхарства беларускае сталіцы, ён прайшоў і ўсе этапы эвалюцыі сьветабачаньня, якія выпалі на 75 апошніх гадоў гісторыі краіны. Зацятая савецкасьць дзяцінства — хацеў спаліць у часе вайны беларускую школу; партызанская ваяўнічасьць юнацтва — пасьля вайны хацеў запісацца ў батальён па зьнішчэньні тых, хто на акупаванай тэрыторыі не ваяваў з фашыстамі; асьлепленая камуністычнаю рыторыкаю маладосьць — пісаў вершы пра чалавечнага Леніна; прасьветленая сталасьць, у якой дасёньня — нязьдзейсьненая мара.

(Тарас: ) “Нязьдзейсьненая мара, я думаю, яна адна ва ўсіх нас. І яна, я думаю, зьдзейсьніцца. Хачу ўбачыць Беларусь спакойнай, свабоднай, дэмакратычнай, добрай да ўсіх людзей, і каб да нас былі добрыя… Я першы пайду на мітынг, хоць з кульбай, але пайду сьвяткаваць”.
XS
SM
MD
LG