Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сацыял-дэмакраты ў Бабруйску заявілі пра аб’яднаньне


Марыя Ўсьціновіч, Бабруйск У Магілёўскай вобласьці працягваецца працэс аб’яднаньня сацыял-дэмакратаў. Нядаўна на агульным сходзе аб’ядналіся магілёўскія гарадзкія арганізацыі Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада і Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя “Народная грамада”. А цяпер у Бабруйску адбыўся сход упаўнаважаных мясцовых арганізацыяў дзьвюх палітычных партыяў.

Бабруйскія сацыял-дэмакраты на сходзе вырашылі аб’яднацца ў адну партыйную арганізацыю. Сябры БСДГ, а гэта каля 60 чалавек, напішуць заявы на ўваходжаньне ў “Народную грамаду”, што не супярэчыць партыйнаму статуту.

Лідэр абласной і Бабруйскай гарадзкой арганізацыяў БСДП (НГ) Юры Грынявецкі паведаміў, што на сходзе прынятая заява да ўсіх беларускіх сацыял-дэмакратаў. Бабруйцы заклікалі дзеля хутчэйшага аб’яднаньня пазбавіцца ўсіх магчымых амбіцыяў. Юрыя Грынявецкага і яго паплечнікаў хвалюе, як і калі адбудзецца аб’яднаньне ў Менску.

(Грынявецкі: ) “Улічваючы гісторыю, могуць быць складанасьці. З-за амбіцыяў, асабліва вышэйшых структураў, можа проста не адбыцца працэс аб’яднаньня, і нас гэта вельмі непакоіць”.

Бабруйскія сацыял-дэмакраты пачалі працаваць сумесна на леташніх парлямэнцкіх выбарах. Яны лічаць, што ў іх аднолькавя мэты і задачы і што разам можна дамагчыся лепшых вынікаў.
XS
SM
MD
LG