Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Torino’2006: Сацыяльная адказнасьць стане “сакрэтнай зброяй” беларускіх алімпійцаў


Уладзімер Глод, Менск Плян па мэдалях беларускія спартоўцы, якія цяпер рыхтуюцца да зімовых Алімпійскіх гульняў, што стартуюць у італьянскім Турыне 10 лютага 2006 году, атрымаюць праз тыдзень — у сярэдзіне лютага, на паседжаньні выканкаму Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі. Пра гэта высокае спартовае кіраўніцтва паведаміла сёньня падчас адмысловай прэсавай канфэрэнцыі.

Спартовае кіраўніцтва краіны ўпэўненае, што беларусы здольныя ўдзельнічаць у шасьці відах спорту зь пятнаццаці, а пры спрыяльных абставінах — нават у васьмі. Што ж тычыцца мэдалёў, дык тут спадзяваньні на біятлён, фрыстайл ды канькабежку Анжаліку Кацюгу. Іхным трэнэрам даручана выканаць неабходныя аб’ёмы нагрузак, змадэляваць алімпійскае выступленьне, далучыць да работы мэдыкаў і псыхолягаў.

Усё гэта нагадвае падрыхтоўку алімпійцаў любой краіны. Але, падобна, што ў спартоўцаў Беларусі будзе і адметная рыса — гэта, як адзначыла намесьніца міністра спорту і турызму Галіна Забур’янава, сацыяльная адказнасьць алімпійцаў перад краінай і яе прэзыдэнтам.

Спартовае чынавенства спадзяецца, што ў Турыне беларускія алімпійцы выступяць лепш, чым на папярэдніх гульнях. Аднак факты сьведчаць пра іншае: у 1994 годзе на іх рахунку былі два срэбныя мэдалі, у 1998 — таксама два, але ўжо бронзавыя, а ў 2002 годзе — толькі адзін бронзавы. Я запытаўся ў спадарыні Забур’янавай, чаму ад Алімпіяды да Алімпіяды адзначаецца не пазытыўная, а нэгатыўная дынаміка. Намесьніца міністра тлумачыць гэта адсутнасьцю неабходнага досьведу:

(Забур’янава: ) “1994 год — гэта час, калі мы зусім недалёка адышлі ад зборнай каманды СССР. І спартоўцы, якія выступалі тады, прайшлі праз сыстэму падрыхтоўкі нацыянальнай каманды вялікага і магутнага Савецкага Саюзу. А 1998 і 2002 — гэта час, калі толькі-толькі пачалі напрацоўваць досьвед нашыя беларускія трэнэры, галоўныя трэнэры нашых нацыянальных камандаў”.

Спартовы журналіст Руслан Бацянкоў тлумачыць адмоўную дынаміку ня толькі адсутнасьцю досьведу. Ён гаворыць пра слабую навуковую дапамогу спартоўцам, недастатковую ўвагу да рэзэрвы. Але перадусім ён зьвяртае ўвагу на так званую сацыяльную адказнасьць:

(Бацянкоў: ) “Адміністрацыйны ціск, які мы назіралі і летам у Афінах, і ў Сыднэі. А калі на спартоўца ціснуць псыхалягічна, гэта вельмі адмоўна на ім адбіваецца. Наколькі мне вядома, у плянах на Турын стаяць 6–8 мэдалёў, але ў Міністэрстве спорту і турызму кажуць, што нават адзін мэдаль быў бы вялікім шчасьцем. Дарэчы, так было на апошняй зімовай алімпіядзе, калі выпадковасьць дазволіла нам заваяваць бронзу ў фрыстайле. Амэрыканец упаў, і Грышын здолеў “зачапіцца” за бронзу”.
XS
SM
MD
LG