Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыйная моладзь ладзіць акцыю 14 лютага на Кастрычніцкай плошчы Менску


Альгерд Невяроўскі, Менск Сёлетняя вулічная акцыя 14 лютага на Дзень сьвятога Валянціна пройдзе ў форме моладзевых гуляньняў на Кастрычніцкай плошчы. Рознага кшталту імпрэзы адбудуцца ў гэты дзень яшчэ ў сямнаццаці гарадах Беларусі. Усе яны будуць праходзіць пад колерамі сьцягу Эўразьвязу і пад назваю “Сэрца Эўропы”.

Ініцыятарамі сёлетняга сьвяткаваньня Дня сьвятога Валянціна сталі актывісты “Маладога фронту”, якія падалі ў Менскі гарвыканкам адпаведную заяўку. Да іх таксама далучыліся прадстаўнікі Задзіночаньня беларускіх студэнтаў, моладзевага сацыял-дэмакратычнага аб’яднаньня “Пэрспэктыва”, маладыя сябры Партыі БНФ і беларускія камсамольцы.

Паводле намесьніка сустаршыні “Маладога фронту” Сержука Лісічонка, 14 лютага некалькі групаў моладзі наведаюць амбасады краінаў Эўразьвязу, ЗША і Ўкраіны, дзе перададуць традыцыйныя віншаваньні дыпляматам. А ўвечары маладыя людзі плянуюць сабрацца на Кастрычніцкай плошчы з шалікамі, стужкамі й балёнікамі колераў эўрапейскага сьцягу і арганізаваць гуляньні. Гаворыць Сяржук Лісічонак:

(Лісічонак: ) “Ніхто і не спадзяецца, што ўлады дазволяць правядзеньне гуляньняў у цэнтры гораду, за 200 мэтраў ад самога “сэрца рэжыму”. Натуральна, што моладзь ня будзе баяцца. Моладзь выйдзе на гуляньні. Падкрэсьлю, што гэта ня будзе акцыяй пратэсту, ня будзе нейкай такой маніфэстацыі, не. У гэты дзень мы хочам паказаць, што моладзь зь верай, з надзеяй, зь любоўю выходзіць у Дзень сьвятога Валянціна паказаць сваю еднасьць, сваю падрыхтаванасьць да таго, каб удзельнічаць у будучых падзеях грамадзка-палітычнага жыцьця”.

Арганізатары сьвяткаваньняў таксама перададуць адмысловыя віншаваньні апазыцыйным лідэрам, вылучаным прэтэндэнтамі на прэзыдэнцкія выбары ад дэмакратычных сілаў. Акцыі рознага фармату 14 лютага таксама пройдуць у сямнаццаці гарадах Беларусі.

Вулічныя акцыі на Дзень сьвятога Валянціна “Малады фронт” ладзіць з 1997 году. Некаторыя з гэтых шэсьцяў былі жорстка разагнаныя міліцыяй, а многія ўдзельнікі — арыштаваныя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG