Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы муж Веранікі Чаркасавай не выключае, што іхнага сына Антона паспрабуюць скрасьці з Масквы


Ігар Карней, Менск У Маскве адбылася прэсавая канфэрэнцыя з удзелам былога мужа забітай 20 кастрычніка журналісткі Веранікі Чаркасавай Дзьмітрыя Філімонава, а таксама іхнага сына Антона, якога сьледзтва лічыць адным з галоўных падазраваных. Дзьмітры Філімонаў, які вывез сына ў Маскву адразу ж пасьля спробаў сьледчых накіраваць падлетка на абсьледаваньне ў псыханэўралягічны дыспансэр, не выключае, што Антона могуць паспрабаваць скрасьці.

Адным з ініцыятараў прэсавай канфэрэнцыі стаў Павал Шарамет, які наўпрост зьвязвае дзьве самыя гучныя справы, якія адбыліся ў Беларусі з удзелам журналістаў — забойства Веранікі Чаркасавай і зьнікненьне тэлеапэратара Зьмітра Завадзкага.

(Шарамет: ) “Тое, як сьледчыя працуюць па справе Веранікі Чаркасавай, моцна нагадвае мне, як яны “адпрацавалі” па Завадзкім. Абвінавачвалі жонку ў тым, што гэта яна арганізавала зьнікненьне Дзьмітрыя. Рабілі ўсё, каб даказаць, што мы самі інсцэнавалі гэта. Гэтак сама ў справе Чаркасавай: тое, што яны робяць такі моцны псыхалягічны ціск на яе сына і айчыма, вельмі нагадвае, як яны працуюць па ўсіх гучных справах”.

Сам жа Шарамет, як і блізкія Веранікі Чаркасавай, трымаюцца гледзішча, агучанага некаторымі незалежнымі СМІ. Калі пасьля падзеньня дыктатуры Садама Хусэйна сталі зьяўляцца падрабязнасьці ваенных і фінансавых апэрацыяў рэжыму, у шэрагу тых, хто абслугоўваў ірацкага дыктатара, быў названы беларускі “Інфабанк”. Вераніка, якая кантактавала з асобнымі супрацоўнікамі банку, вырашыла правесьці ўласнае расьсьледаваньне беларуска-ірацкіх стасункаў. Падобная ініцыятыва кагосьці моцна напужала, лічыць Павал Шарамет.

Між тым, сьледчыя падобную вэрсію адкідаюць, пакідаючы ў якасьці галоўнага падазраванага 15-гадовага сына Чаркасавай Антона. Былы муж Веранікі Чаркасавай, Дзьмітры Філімонаў, апавёў прадстаўнікам расейскай прэсы, што было праведзена 25 экспэртызаў з мэтай знайсьці ўлікі супраць Антона. Экспэрты дасьледавалі кожны кавалачак ягонага адзеньня, каб знайсьці сьляды крыві, але безвынікова. А 1 лютага пракурорскія работнікі зьявіліся ў школе з намерам забраць Антона ў псыхіятрычную клініку дзеля стацыянарнай экспэртызы — тэрмінам на месяц. Але Антон патэлефанаваў сваякам, якія “вырвалі” яго з рук сьледчых. Празь дзень Філімонаў вывез сына ў Маскву. Нягледзячы на тое, што падпіска з Антона зьнятая, бацька не выключае, што беларускія спэцслужбы паспрабуюць скрасьці яго з Масквы. Такую думку падзяляе і Павал Шарамет.

(Шарамет: ) “Тое, што беларускія спэцслужбы могуць скрасьці Антона з Масквы, гэта абсалютна ня выключана. Ёсьць шмат фактаў такой “працы” спэцслужбаў зь беларусамі (бізнэсоўцамі, прадстаўнікамі іншых прафэсіяў), якія ўцяклі зь Менску і хаваліся ў Маскве. Бо, каб дастаць чалавека з Расеі, трэба шмат дакумэнтаў, доказаў, каб Масква выдала гэтага чалавека Менску. Але тое, што няма ніякай мяжы, дазваляе рабіць напаўпадпольныя, таемныя налёты на расейскую сталіцу і выкрадаць тых беларусаў, якія ім патрэбныя”.

Дзьмітры Філімонаў перакананы: калі б у сьледзтва былі рэальныя доказы вінаватасьці Антона, яго б даўно арыштавалі. “Зьмясьціўшы падлетка ў псыхіятрычную клініку, ня склала б вялікай працы атрымаць ад яго патрэбныя “прызнаньні”, — рэзюмаваў на прэсавай канфэрэнцыі ў Маскве бацька Антона Філімонава.
XS
SM
MD
LG