Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Набліжаюцца выбары прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, а апазыцыі “ўсенародна абранаму” хутчэй няма, чым ёсьць"


RFE/RL Водгукі слухачоў – 7 і 8 лютага 2005 г. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Мікола Савіцкі: ) “Данчыку. У гісторыі адраджэньня 90-х гадоў імя сьпевака Данчыка ўвайшло поруч зь вядомымі асобамі. Вашыя песьні зрабілі тое, што зрабілі. Магчыма, вы самі і не асэнсоўваеце Вашую ролю ў абуджэньні сьвядомасьці беларусаў. Але час ідзе, мяняецца тэхналёгія. Карацей, Беларусь чакае кампакт-дыскі Данчыка. Гэта будзе другім прышэсьцем Данчыка на Бацькаўшчыне. Дай Бог убачыць”.

(Мікола Саскевіч: ) “Я хачу вам, шаноўныя, прачытаць пра адно з многіх злачынстваў, якое ўчынілі партызаны ў гады 2-й сусьветнай вайны. Гісторыя сьвятыні над рэчкай Малінаўкай, якую называюць яшчэ вялікім перакопам, пачалася некалькі стагодзьдзяў таму. Яна нясе на сябе адбітак часу і абставін, адлюстроўвае тыя працэсы, якія адбываліся ў паўночнай усходняй частцы нашага краю, калі землі на тэрыторыі сучаснай Гродзеншчыны належалі магнатам і шляхце старажытнага літоўскага роду: Шаметаў, пазьней Філістроўскіх, Скірмунтаў. Трагічным быў лёс сям’і Скірмунта. І сёньня памятаю той дзень, калі партызаны спалілі палац, іншыя будынкі, а разам зь імі паню Габрыэлю з дачкою. І гэта здарылася ў канцы 1942 году ў вёсцы Шаметава”.

(Ільля Копыл: ) “Мы ведаем, што пасьля захопу Польшчы пераможцы СССР і Нямеччыны правялі сумесны ваенны парад у г. Берасьці. З савецкага боку парадам кіраваў камкор Крывашэін, зь нямецкага – генэрал Гудэрыян. Крывашэін і Гудэрыян абмяняліся дзяржаўнымі сьцягамі. Хацелася б ведаць, ці зьберагліся гэтыя сьцягі ў музэях Бэрліна і Масквы, і які лёс напаткаў камкора Крывашэіна. Такі ж парад адбыўся ва Львове. Хацелася б ведаць, хто кіраваў парадам ува Львове ад СССР і ад Нямеччыны”.

(Жэрдзеў: ) “Зь перадачаў Радыё Свабода даведаўся, што падчас кесарава сячэньня ў Гомелі загінулі дзьве жанчыны. Адразу пацікавіўся ў тых людзей, што працуюць у мэдыцыне, з-за чаго гэта адбылося. Мне паведамілі, што не хапіла кіслароду. Калі гэта так – то гэта ж мэдыцына даведзеная да ўпадку. Дзеці, калі ж ёсьць жывыя, засталіся сіротамі.

Ці гэта адбылася з-за тэрарыстаў, як у Бэслане, ці з-за тых, хто ў жабрацкай дзяржаве купляе боінг для прэзыдэнта, будуе для яго лыжны курорт, адбірае ўсе грошы ад нашых людзей? Апазыцыйныя лідэры маўчаць пра гэта. І гэта ня дзіўна, бо іх перш наперш хвалюе, як здабыць сабе ўладу. Вось гэта дужа дрэнна! Сапраўды народныя лідэры павінны былі б падняць увесь сьвет у сувязі з гэтай трагедыяй. Трэба па ўсей Беларусі арганізаваць мітынгі з патрабаваньнем скінуць уладароў-забойцаў!”

(Спадар: ) “Кніга “Куля для прэзыдэнта” выклікала такі жах у уладаў, што яны прынялі закон аб выкарыстаньні спэцсродкаў для барацьбы з маніфэстантамі і іншымі. У мяне да вас прапанова. Кнігу гэту дастаць немагчыма. Бо Падгол такую стварыў зброю – пагрозьнейшую за атамную бомбу. Увядзіце вы такую рубрыку, якая была ў часы Халоднай вайны, калі зачытвалі кнігі ў вашых перадачах. Тады мы пазнаёміліся з многімі аўтарамі, напрыклад, Салжаніцыным. Дастаць кнігу Падгола немагчыма ў глыбінцы, як і шмат іншых. Пачынаць я прапаную з гэтай кнігі. І, думаю, што шмат вашых слухачоў будуць задаволеныя такой перадачай”.

(Віктар Бутто: ) “Падобна, што ўлады абрубілі вашую перадачу. Беларускую Свабоду ўжо наўрад ці будзем слухаць. Вось такія справы”.

(Спадар: ) “Мне хацелася б даведацца пра ваенны час, як людзі жылі ў часы вайны, у першыя дні, у сярэдзіне вайны, пасьля вайны, якія парадкі кіравалі, які сацыяльны дабрабыт быў для людзей. Напрыклад, у пачатку “перастройкі” я чытаў, што ў Менску нават працавалі кінатэатры, людзі атрымлівалі пэнсіі і таму падобнае. Хацелася б больш пачуць пра гэты бок жыцьця акупаваных гарадоў нашых і вёсак”.

(Анастас Семяновіч: ) “Хачу ад сябе і сваіх сваякоў і сяброў павіншаваць шаноўную спадарыню Юлію Цімашэнка з новай пасадай прэм’ера ва Ўкраіне! Пажадаць ёй добрага здароўя, усіх зямных даброцяў! Я ўпэўнены, што вы, Юлія Цімашэнка, зробіце ўсё, каб народ Украіны адчуў паляпшэньне жыцьця праз некалькі год. Для гэтага трэба прыкласьці ўсе намаганьні, каб Украіна ўвайшла ў Эўразьвяз, а таксама ў NATO. Амэрыка і Эўропа максымальна дапамогуць вам у вашай вельмі цяжкай працы. Яшчэ раз віншую вас, Юлія Цімашэнка, і народ Украіны, які дамогся абраньня прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Юшчанкі!”

(Валянцін Цішко: ) “Нядаўна набыў білеты за 9 клясу па гісторыі Беларусі. І вельмі ж мяне зьдзівіў білет нейкі ў канцы кнігі: “Станаўленьне незалежнасьці Беларусі”. У іх чамусьці станаўленьне незалежнасьці пачынаецца толькі з 1991 году, як мы сталі ўжо Рэспублікай Беларусь. А куды ж яны дзелі Беларускую Народную Рэспубліку? Няўжо гэта ня ў лік?”

(Спадар: ) “Паважаныя супрацоўнікі радыёстанцыі Свабода! Вы цікавіліся якасьцю гучаньня вашых перадачаў. На жаль, гучаньне было кепскае, а апошнія дні яшчэ больш пагоршылася. Такі трэск і шум, што амаль нічога не разьбярэш. Прыходзіцца выключаць прымач, ці слухаць перадачы іншых радыёстанцыяў. Я некалі вам тэлефанаваў на гэтую тэму і прапаноўваў: можа скараціце час вашых перадачаў, але ж палепшыце якасьць гучаньня. Якая карысьць ад таго, што вашыя перадачы не даходзяць да вашых слухачоў і прыхільнікаў? Мала карысьці! Дзякуй за ўвагу”.

(Спадар: ) “Шаноўная радыёстанцыя! Я хачу праз вас запытаць. Чаму не вылучае сваю кандыдатуру ў прэзыдэнты былы банкір Багданкевіч Станіслаў? Ён разумны, пісьменны чалавек, а яны ад сваёй партыі вылучылі Лябедзьку. Лябедзька – гэта чалавек з той жа кагорты, што і Лукашэнка. І ён дапамагаў Лукашэнку стаць прэзыдэнтам”.

(Ігнась: ) “Хацелася б даведацца пра падрабязнасьці расстрэлу карным атрадам 43 жыхароў, у тым ліку і майго тату, Петарчука Ўладзімера Грыгор’евіча, зь вёскі Соцы на Беласточчыне 29 ліпеня 41 года. Праўда, што нямецкай уладай быў праведзены суд над выканаўцамі гэтага злачынства?”

(Жыхар Менску: ) “Шаноўная Свабода! У суботу 5 лютага вечарам мая жанчына слухала перадачу па беларускаму тэлебачаньню пра беспрацоўе ў Нямеччыне і іншых багатых краінах. І як добра ў нас! Зь якім смакам гаварыў камэнтатар малаадукаваным беларусам пра райскае жыцьцё ў нас і наш рыначны сацыялізм! Нават прыводзіў некаторыя прыклады! Але не назваў лічбаў пра колькасьць замежных працоўных у Германіі і Беларусі. І гэта недарэмна. Калі б прывёў іх, то ўся гэтая ліпавая перавага Беларусі над Германіяй адразу ж рухнула б. Вось так і абалваньваюць народ прадажныя брахуны, бо сумленнаму і праўдзіваму чалавеку выказаць свае думкі па тэлебачаньню дарога закрыта! Прывядзіце вы гэтыя лічбы пра колькасьць замежных рабочых у Нямеччыне і Беларусі – і ўсё стане зразумелым”.

(Сямён Літвінаў: ) “Яйка курыцу ня вучыць. Гэтую прымаўку павінны ўсьвядоміць і прыняць усе тыя, хто жадае пераменаў у грамадзтве. Раней было без асаблівых цяжкасьцей, калі атрымаў партбілеты і давер ідэолягаў, камуністаў ці нацыстаў. Таму і няма ў нас даверу зараз да партыйных груповак, якія нярэдка прадаюць галасы выбаршчыкаў, тым, хто дасьць болей грошаў і зьнікнуць пасьля, як нашыя ўклады. Лічу, што ў выбарах павінны прыняць удзел прадстаўнікі прафсаюзных арганізацыяў, якія ўсьвядомяць сваю адказнасьць, усьвядомяць гісторыю ня толькі партыі, але і дзяржавы, усьвядомяць ідэалёгію большасьці стваральнікаў, а ня большасьці драпежнікаў. Пацьверджаньнем таму, а не абразай няхай будуць прафсаюзныя білеты і трох колераў: цёмнага, зялёнага і белага. Ульянаў Ленін казаў праўду, што пралетарыям трэба вучыцца, вучыцца і вучыцца. І хай спачатку вучацца гаварыць праўду. Але, калі ня будзе галоснасьці, будзем гаманіць і гаманіць”.

(Спадар: ) “Добры дзень! Радыёстанцыя Свабоды на беларускай мове дрэнна прымаецца ў Менску – зусім адсутнічае. На сярэдніх хвалях можна нават і не ўключаць. На кароткіх зловіш, а потым яна зьнікае. Напрыклад, сёньня, 7 лютага раніцай, і ўчора, 6 увечары, я фактычны ня здолеў злавіць на ўсіх дыяпазонах, на якіх яна можа працаваць. Да пабачэньня. Посьпехаў! І жадаю, каб наладзілі працу радыёстанцыі!”

(Ягор: ) “Добры дзень! Адкажыце, калі ласка, чаму ў апошні час усе надта ганьбуюць асобу Клімава, у тым ліку і недзяржаўныя СМІ. Я добра памятаю, як калісьці, ня так даўно, ён і яго справы грымелі на ўсю Беларусь. Малады, ініцыятыўны, дзелавы, інтэлігентны і, нам мой погляд, разумны, гаспадар, ён нічога не баіцца і нікуды не ўцякаў у час перасьледаваньняў, нікому не жаліўся і ня плакаўся. Мне здаецца, каб выйсьці на майдан патрэбны ня толькі ідэі, але і твар гэтай ідэі.

Калі ласка, хацелася б, калі можна, пачуць у эфіры Свабоды ўсебаковую, аб’ектыўную перадачу, прысьвечаную Андрэю Клімаву і яго асобе. Дзякуем”.

(Спадар: ) “Наіўная Зінаіда Ганчар, якая чакае і спадзяецца ад Расеі на дапамогу ў раскрыцьці злачынства па выкраданьню яе мужа. Усе яны добра ведаюць, хто такі Лукашэнка і пра ўсе яго злачынствы. Толькі пляваць яны хацелі на беларускі народ і на добрасуседзкія адносіны, бо ў Расеі ніколі не было ні сумленьня, ні дэмакратыі, нават у так званых дэмакратаў. На словах мы блізкія браты, а на самой справе расейская ўлада – галоўны вораг для нас. І гэта не распальваньне міжнацыянальнай варожасьці, гэта канстатацыя таго, што адбываецца”.

(Сямён Ліцьвінаў: ) “Набліжаюцца выбары прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, а апазыцыі “ўсенародна абранаму” хутчэй няма, чым ёсьць, у палітычных партыяў зь іх саставамі і цягнікамі розныя кірункі да канечнага прыпынку скрыжаваньня. “Эўрарамонт” гэтым саставам ніхто рабіць не зьбіраецца, а для нас яны маральна і матэрыяльна зношаныя. Цягацца ім са зборнай спартовай камандай Лукашэнкі – гэта падымаць яго рэйтынг. Іншых кандыдатаў, паравозаў без саставаў, месца на пастамэнце.

Лічу, што трэба зьбіраць новы састаў, які будзе фармавацца адукаванымі прадстаўнікамі незалежных прафсаюзных арганізацыяў. Выдвіжэнцы ад народу ў адрозьненьні ад каманды Лукашэнкі павінны мець індэксы разьвіцьця іх пярвічных арганізацыяў на асабістых крэслах у Вярхоўным савеце. Лепшыя зь лепшых, з горада кіраўнік, а зь вёскі намесьнік ці наадварот, няхай вядуць гэты састаў. І ці зможа тады якая каманда перайграць ці сарваць стоп-кран?

Што на гэта скажа Бухвостаў? Як ён маецца? Ці далёка яму да пэнсіі? Спартыўным беларусам патрэбен малады і моцны кіраўнік як у Грузіі. Ды і жонка, каб не пайшла ў апазыцыю, а сяброўка ня зьвезла чужыя грошы, сярод якіх знойдуцца і свае”.

(Спадар: ) “Радыё Свабода! Растлумачце, у чым справа? Раве ўся шкала радыёпрыёмніка бычыным голасам!”

(Спадарыня: ) “Што тычыцца беларускай мовы на тэлебачаньні – дастаткова яе там ёсьць. Трэба ўлічваць, што на Беларусі ня толькі беларусы жывуць, але і розныя нацыянальнасьці, якія лепш ведаюць расейскую мову за беларускую.

Яшчэ хачу закрануць Антончыка. Навошта вы вешаеце лапшу на вушы людзям? Сабраліся мужыкі гарбату папіць. Гэта ж змоўшчыкі звычайныя. Вось і вер вам пасьля гэтага! А вы яшчэ імкнецеся да ўлады”.

(Спадар: ) “Пасьля таго, як перайшлі на зімовы час, якасьць сыгналу амаль не палепшылася. Немажліва адыйсьці ад прымача, даводзіцца яго падкручваць увесь час. Калі і пашчасьціць злавіць гук, то даводзіцца слухаць шыпеньне, рыпеньне. Усе іншыя раўналежныя станцыі гучаць нармалёва, у дзесяткі разоў гучней і якасьней. Складаецца ўражаньне, што Амэрыцы стала зусім напляваць на нас, як і Эўропе. Чаму няма грошай, каб зрабіць нармалёвы дужы сыгнал?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG