Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

8 лютага 1886 году нарадзіўся беларускі гісторык Васіль Дружчыц


Ул. інф. Што адбывалася ў Беларусі і ў сьвеце 8 лютага

8 лютага 1676 году памёр маскоўскі цар Аляксей Міхайлавіч. У расейскую гісторыю ён увайшоў як “цішайшы і дабрэйшы”. У беларускую – як пачынальнік трынаццацігадовае вайны, у выніку якой быў забіты альбо забраны назаўсёды ў палон кожны другі жыхар нашага краю. Гэта самы трагічны для Беларусі вынік за ўсе войны ва ўсе часы. Гарады былі папаленыя, скарбы панішчаныя, а рамесьнікі і майстры апынуліся ў маскоўскім палоне. Толькі паводле афіцыйных расейскіх крыніц беларускі палон цара Аляксея Міхайлавіча складаў 300 тысячаў чалавек.

8 лютага 1920 году пакінуў гэты сьвет Міхал Курака, беларускі мэталюрг-самавук. Ён нарадзіўся ў вёсцы Казельле на Краснапольшчыне Магілёўскай вобласьці. За вольналюбства быў сасланы ў Валагодзкую губэрню ў Расею, там працаваў на мэталюргічных заводах і стаў заснавальнікам школы расейскіх доменшчыкаў.

А яшчэ 8 лютага ў 1886 годзе нарадзіўся беларускі гісторык Васіль Дружчыц. Прафэсар Дружчыц выкладаў гісторыю ў Вільні, Шаўлях, Рэчыцы, Бабруйску, нарэшце – у Беларускім Дзяржаўным Унівэрсытэце. У 1937-м яго арыштавалі і расстралялі, як мяркуецца – у Курапатах пад Менскам. А дасьледаваў Васіль Дружчыц гісторыю Беларусі часоў фэадалізму, у тым ліку магдэбурскае права беларускіх гарадоў і гісторыю кнігадрукаваньня – усё тое, што надавала беларусам гонар за сваіх старажытных продкаў.

8 лютага 1929 году нарадзіўся яшчэ адзін беларускі гісторык – Леанід Лыч. Родам ён зь вёскі Магільна Вузьдзенскага раёну, адукацыю атрымаў у Башкірыі, а асноўная тэма працаў спадара Лыча – моўная палітыка.

Таксама 8 лютага ў розныя гады прыйшлі на сьвет францускі пісьменьнік-фантаст Жуль Вэрн, расейскі хімік Дзьмітры Мендзялееў, які прыдумаў вядомую ўсім табліцу элемэнтаў, беларускі празаік Іван Мележ, які напісаў “Палескую хроніку” і расейскі артыст Вячаслаў Ціханаў, які сыграў савецкага выведніка Штырліца.
XS
SM
MD
LG