Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швайцарыя дапамагае кампутарызацыі беларускіх школаў


Казімір Яноўскі, Гомель Да кампутарызацыі брагінскіх школаў спрычыніўся швайцарскі офіс па супрацоўніцтву ў Беларусі. Менавіта ён і ажыцьцяўляе адмысловы праект “Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналёгіі ў Брагінскім раёне”.

Як паведаміла нашаму радыё адміністратар праекту Натальля Трухан, пры фінансавай падтрымцы міністэрства замежных спраў Швайцарыі ў брагінскія школы дастаўлена 42 кампутары ды іншае патрэбнае абсталяваньне. На гэта выдаткавана блізу 50 тысячаў даляраў.

Загадчыца Брагінскага раённага аддзелу адукацыі Натальля Краўчанка, у сваю чаргу, распавяла, што паводле дамовы са швейцарскім офісам плянуецца стварэньне інтэрнэт-клюбаў:

(Краўчанка: ) “Плянуем са швэйцарскім офісам адкрыць інтэрнэт у пяці школах”.

Паводле Краўчанкі, да красавіка такія інтэрнэт-клюбы будуць адкрыты ў Мікуліцкай, Іёлчанскай, Камарынскай, Брагінскай гарадзкой школах, а таксама ў Камарынскім вучэбна-вытворчым камбінаце. Створаны будуць таксама іхнія вэб-сайты. Цягам году швейцарцы будуць фінансаваць працу брагінскіх Інтэрнэт-клюбаў.

Дапамога швэйцарскага боку спрычынілася да таго, што школы раёну займелі агулам 16 кампутарных клясаў і такім чынам дасягнулі прынятага ў Беларусі стандарту – гэта калі на тры дзесяткі школьнікаў ёсьць 1 кампутар, альбо адна кампутарная кляса на кожную школу.

Яшчэ далёка ня ўсе школы рэгіёну дасягнулі згаданага раней стандарту ў справе забесьпячэньня навучэнцаў кампутарамі. Ня поўнасьцю забясьпечаны кампутарамі школы Буда-Кашалёўскага, Чачэрскага ды шэрагу іншых раёнаў.

А вось школьнікам Добрушу пашанцавала гэтаксама, як і брагінскім аднагодкам. Той жа швайцарскі офіс спрычыніўся да абсталяваньня кампутарных клясаў у Насовічах, Церахоўцы, Ігаўцы і райцэнтры Добруш.

Дарэчы, літаральна сёньня абласная ўправа адукацыі павінна ўдакладніць наяўнасьць кампутарнай тэхнікі ў рэгіёне і перадаць гэтыя зьвесткі ў міністэрства адукацыі – дзеля падсумаваньня высілкаў ў навучаньні школьнікаў асновам сучаснай інфарматыкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG