Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як будуць складвацца ў далейшым беларуска-ўкраінскія эканамічныя стасункі?


Міхал Стэльмак, Менск Падсумаваны вынікі эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Ўкраіны за мінулы год. Ці быў ён плённым для гэтых краінаў? Як складуцца іхныя эканамічныя стасункі пры новай ўкраінскай уладзе?

Украіна традыцыйна ўваходзіла ў лік галоўных эканамічных партнэраў Беларусі. А што засьведчыў мінулы год? Паводле зьвестак афіцыйных крыніцаў, леташні таваразварот паміж Беларусьсю і Ўкраінай перавысіў 1 мільярд даляраў. Годам раней гэты паказьнік быў на ўзроўні 700 мільёнаў даляраў. З гэтага вынікае, што 2004-ы быў для беларуска-ўкраінскага эканамічнага супрацоўніцтва пасьпяховым годам, бо ўзаемны таваразварот вырас у паўтары разы.

З другога боку, варта зазначыць, што сёлетні паказчык – не рэкордны. У гісторыі беларуска-ўкраінскіх стасункаў былі і лепшыя перыяды, калі ўзровень двухбаковага гандлю сягаў далёка за мільярд.

Прынамсі бакі задаволены цяперашняй станоўчай тэндэнцыяй. Паводле зьвестак амбасады Беларусі ва Ўкраіне, Менск і Кіеў актыўна гандлявалі нават падчас нядаўняй “аранжавай” рэвалюцыі. У сьнежні мінулага году беларуска-ўкраінскі таваразварот склаў звыш 100 мільёнаў даляраў.

Чым канкрэтна гандлююць між сабой Беларусь і Ўкраіна? Вось што на гэтае пытаньне ў гутарцы са мной адказаў кіраўнік гандлёва-эканамічнай місіі амбасады Беларусі ва Ўкраіне Валянцін Філіпчык:

(Філіпчык: ) “Зь беларускага боку гэта пастаўка трактараў, аўтамабіляў, аўтобусаў, поліэтылену, прадуктаў нафтахіміі, бытавых тавараў, халадзільнікаў, шпалераў, шынаў, тэлевізараў, рухавікоў, угнаеньняў, газавых і электрычных плітаў. Украінскі бок пастаўляў нам мэталяпракат, фэрасплавы, паветраныя насосы, прадукты для кармленьня жывёлаў, кукурузу, лекавыя расьліны, алей, трубы, ячмень”.

Як будуць складвацца беларуска-ўкраінскія эканамічныя стасункі з прыходам да ўлады ва Ўкраіне Віктара Юшчанкі і яго каманды? Як вядома, новаму ўкраінскаму ўраду пад кіраўніцтвам Юліі Цімашэнкі, няма яшчэ і тыдня. Гэты ўрад, паводле ўкраінскіх крыніцаў, нягледзячы на прызначэньне міністраў, яшчэ толькі фармуецца. Разам з тым, як лічаць назіральнікі, многія пытаньні эканамічнай палітыкі гэтай краіны, у тым ліку ва ўзаемадачыненьнях зь Беларусьсю, будзе вызначаць Міністэрства эканомікі краіны. Ягоным кіраўніком прызначаны Сяргей Цярохін.

Пра новага міністра вядома наступнае: спадар Цярохін мае крыху больш як 40 гадоў, ён эканаміст-міжнароднік, адзін з лідэраў партыі “Наша Украіна”. Апошнія гады – дэпутат Вярхоўнай Рады. Тут ён быў намесьнікам старшыні камітэту ў пытаньнях фінансаў і банкаўскай дзейнасьці. Сяргей Цярохін таксама –старшыня Саюзу падаткаплацельшчыкаў Украіны. Дарэчы, ад цяперашняга міністра эканомікі пакуль яшчэ ня чулі ніякіх выказваньняў наконт пэрспэктываў супрацоўніцтва зь Беларусьсю. Ні добрых, ні кепскіх.

Ці могуць зьмены ва ўрадзе Украіне адмоўна адбіцца на беларуска-ўкраінскіх эканамічных стасунках? З такім пытаньнем я зьвярнуўся да кіраўніка гандлёва-эканамічнай місіі амбасады Беларусі ў Кіеве Валянціна Філіпчыка, які адказаў на гэта наступным чынам:

(Філіпчык: ) “Не паўплывае. Няма перадумоў. Бізнэс ёсьць бізнэс. Мы пастаўляем тавары, якія патрэбныя Украіне. Яны не абыдуцца бяз нашых тавараў, тых жа, напрыклад, трактараў, шын. У нашых тавараў ёсьць свая ніша на ўкраінскім рынку. Таму, як я лічу, ня будзе зьмяншэньня таваразвароту. Бо таваразварот залежыць найперш ад дзелавых колаў – неабходнасьці набываць альбо прадаваць прадукцыю. Я ня думаю, што будуць уведзеныя санкцыі альбо абмежаваньні на гандаль з Беларусьсю”.

А як мяркуюць на гэты конт самі гаспадарнікі, незалежныя беларускія экспэрты? Што тычыцца гаспадарнікаў, то яны ў цэлым падзяляюць аптымістычную пазыцыю беларускіх дыпляматаў у Кіеве. Такі ж погляд на бліжэйшую пэрспэктыву беларуска-ўкраінскіх стасункаў маюць і іншыя дасьведчаныя асобы. Разам з тым, у больш далёкай пэрспэктыве на эканамічных узаемадачыненьнях Менска і Кіева могуць адбіцца абвешчаныя камандай Юшчанкі эканамічныя рэформы. У прыватнасьці, вось што зазначыў на гэты конт вядомы беларускі эканаміст Леанід Злотнікаў:

(Злотнікаў: ) “Калі ўзяць сярэднетэрміновы пэрыяд часу – тры-пяць гадоў, то ва Ўкраіне эканоміка будзе значна больш лібэральная, і трэба чакаць, што прадукцыйнасьць працы там значна ўзрасьце, і таксама там зьнізяцца тарыфныя перашкоды для імпартных тавараў. Таму можна чакаць, што кошт тавараў ва Ўкраіне зьменшыцца, і канкурэнтназдольнасьць беларускай прадукцыі на ўкраінскім рынку будзе зьніжацца”.
XS
SM
MD
LG