Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейскія прадпрымальнікі не разумеюць, чаму яны павінны займацца стварэньнем прафсаюзных суполак


Алег Супрунюк, Берасьце Берасьцейскія ўлады прымушаюць кіраўнікоў прыватных фірмаў і індывідуальных прадпрымальнікаў ствараць прафсаюзныя суполкі. Як ставяцца да такіх загадаў самі прадпрымальнікі?

Што сталася прычынай такіх патрабаваньняў з боку мясцовай вэртыкалі ў пытаньні, якое ня мае дачыненьня да непасрэднай дзейнасьці выканаўчай улады? Усё пачалося з адмысловых лістоў, якія супрацоўнікі камітэта эканомікі аблвыканкаму накіравалі на адрас грамадзкіх аб’яднаньняў, прадпрымальнікаў і кіраўнікоў прыватных фірмаў Берасьцейшчыны. У лістах гаворыцца пра неабходнасьць стварыць першасныя прафсаюзныя арганізацыі ў прадпрымальніцкіх структурах, бо гэта запатрабаваў зрабіць Аляксандар Лукашэнка, калі выступаў на сходзе з нагоды 100-х угодкаў прафсаюзнага руху Беларусі.

У аблвыканкаме тлумачаць свае захады тым, што такім чынам будуць абароненыя правы наёмных рабочых, якія працуюць на прыватных прадпрыемствах. Маўляў, пасьля стварэньня прафсаюзнай суполкі рабочыя здолеюць дамагацца ад сваіх працадаўцаў выплаты дастойных заробкаў, стварэньня належных умоў для працы і адпачынку.

А як адрэагавалі самі берасьцейскія прадпрымальнікі на такія загады з аблвыканкаму? Як распавяла мне выканаўчы дырэктар грамадзкага аб’яднаньня “Саюз прадпрымальнікаў Берасьцейскай вобласьці” Ніна Карпінчык, гэтае патрабаваньне выклікала ў кіраўнікоў прыватных фірмаў вельмі шмат пытаньняў. Напрыклад, чаму менавіта яны павінны ствараць прафсаюзную суполку і не чакаць, пакуль гэтага захочуць самі наёмныя рабочыя, як гэта робіцца ва ўсім цывілізаваным сьвеце? Спадарыню Карпінчык вельмі зьдзіўляе і тое, што гэтай справай ня хочуць займацца цяперашнія прафсаюзы.

(Карпінчык: ) “Гэта такі ўжо абсурд... Ёсьць прафсаюзы і іхнія абкамы, хай яны ходзяць па фірмах. Ніхто не забараняе, бо ёсьць закон аб прафсаюзах, і агітуюць там, калі дзесьці ня створана. А вось гэтым няма што рабіць таварышам, і яны такія лісты пасылаюць”.

Што да індывідуальных прадпрымальнікаў і наёмных рабочых, якія гандлююць на рынках, дык пасьля ўвядзеньня новых правілаў спагнаньня падатку на дададзеную вартасьць яны больш думаюць не пра стварэньне прафсаюзу, а пра тое, ці варта заставацца далей у бізнэсе.

(Спадарыня: ) “Ня вельмі проста нам. І так аплочваем пастаўкі імпартнага тавару за гэты год. А калі нам дабавяць яшчэ падаткаў, тады ўвогуле працаваць ня трэба. Трэба зьбірацца і сыходзіць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG