Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На “Анастасіі Слуцкай” зарабляюць у Расеі


Падрыхтавала Юлія Шарова Агляд незалежнага друку

Прадпрымальнікі са сталічных рынкаў “Ждановічы” і “Дынама” заўтра страйкуюць, піша “Комсомольская правда в Белоруссии”. Такім чынам гандляры пратэстуюць супраць увядзеньня для іх ПДВ. Адзін зь лідараў прадпрымальніцкага руху Анатоль Шумчанка заявіў, што раніцай прадпрымальнікі пойдуць да дэпартамэнта прадпрымальніцтва й перададуць туды адпаведны зварот.

Бабруйскія прадпрымальнікі таксама могуць выйсьці на страйк, піша сёньняшні “Бобруйский курьер”. У іх праблемы з новым парадкам спагнаньня ПДВ з Расеяй. Падаткавікі пагражаюць ім немалымі штрафамі ў выпадку, калі дробныя гандляры не прывядуць у парадак накладныя на тавары, набытыя ў Расеі. Напрыканцы мінулага тыдня ў Бабруйск прыяжджалі прадстаўнікі Міністэрства падаткаў і збораў ды сустракаліся з прадпрымальнікамі, але ніякіх пэўных адказаў на свае пытаньні гандляры ад іх атрымаць ня здолелі.

У Бабруйск прыяжджалі на тыдні й “Песьняры”. Канцэрт дзяржаўнага ансамбля быў дабрачынным – для вэтэранаў Вялікай айчыннай вайны і вэтэранаў Міністэрства ўнутраных справаў. Але ж вэтэранаў на канцэрце не было, прысутнічалі там адны міліцыянты нават непэнсійнага веку. Перад канцэртам музыкі далі прэсавую канфэрэнцыю, у часе якой кіраўнікі ансамбля Вячаслаў Шарапаў і Валеры Скарыжонак заявілі, што на сёньня ў прыродзе існуе ажно сем “Песьняроў”.

На “Анастасіі Слуцкай” зарабляюць у Расеі – паведамляе сёньняшняя “Комсамолка”. Права на тыражаваньне гэтага фільма на відэа прадалі расейскай фірме “Екацярынбург-АРТ”. У камэрцыйных мэтах фільм пераназвалі, цяпер ён завецца “Княгіня Анастасія” й прадаецца па 5 эўра за касэту. Прадстаўнікі фірмы цьвердзяць, што паводле сваёй папулярнасьці яна абышла, напрыклад, “Караля Артура”. Рэжысэр карціны Юры Елхаў лічыць, што “Беларусьфільм” мог бы паспрабаваць акупіць фільм, які каштаваў мільён даляраў.

У Сьветлагорску мясцовы цэнтар культуры запусьціў уласнае шоў – аналяг расейскага праекта “Народны артыст”, піша “Ранак-плюс”. Маладым людзям (іх зараз 21 чалавек) ставяць вакал, займаюцца зь імі харэаграфіяй і акторскім майстэрствам – рыхтуюць зь іх артыстаў. У красавіку адбудзецца фінальны канцэрт, у часе якога гледачы самі абяруць сваіх “народных артыстаў”. 12 найлепшых удзельнікаў праекту будуць працаваць у будучыні ў Сьветлагорскім тэатры эстрады.
XS
SM
MD
LG